Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў прысуд палітвязню Ціхану Осіпаву – яго этапуюць у калонію на 11 гадоў


Вярхоўны Суд Беларусі 30 ліпеня разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд 25-гадоваму менчуку Ціхану Осіпаву, асуджанаму да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за наезд на пяцярых вайскоўцаў. Рашэнне судовай калегіі – пакінуць прысуд без зменаў.

У судовую калегію, якая разглядала скаргу палітвязня на жорсткі прысуд, уваходзілі Аляксей Рыбакоў (старшынствуючы), Андрэй Яфрэмаў, Сяргей Гураў.

Падчас апеляцыі Ціхану Осіпаву пералічылі тэрміны згодна са зменамі ў Крымінальны кодэкс, па якіх 1,5 дні ў калоніі лічыцца як 1 дзень у СІЗА. Пад вартай Ціхан знаходзіцца з 11 жніўня.

Калегія пакінула пакаранне без зменаў, але выключыла адну фармулёўку, якая тычыцца галоўнага абвінавачвання па ч. 1 арт. 14 і арт. 362 («Замах на забойства супрацоўнікаў АУС»). Так, выключылі ўзгадванне пра тое, што машына Ціхана непасрэдна перад наездам на сілавікоў набрала хуткасць. Як адзначыла пракурорка, Менскі гарадскі суд выйшаў за межы сваёй кампетэнцыі, калі пазначыў гэты факт.

У чым абвінавацілі Ціхана?

25-гадовага Ціхана Осіпава асудзілі ў красавіку ў Менскім гарадскім судзе за наезд на пяцярых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года.

Згодна з версіяй абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мянчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Менску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пяцярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».

Паводле версіі следства, мужчына схаваўся з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанавал у 102 і заявіў аб угоне.

Пацярпелымі выступілі вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка – 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка – па 200 рублёў. Усе сумы ў памеры 1300 рублёў агулам былі кампенсаваныя да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзіяў да абвінавачанага не маюць.

19 траўня быў вынесены прысуд – 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў