Праўладнага рабіна пакаралі 6-дзённым арыштам за футболку


Ігаэл Егудзі называе сябе актыўным прыхільнікам Лукашэнкі і аўтарам выдання «Вечерний Могилёв», а таксама ўдзельнікам руху за забарону абортаў.

Ігаэл Егудзі.
Фота: krynica.info

27 ліпеня на праспекце Незалежнасці ў Менску быў затрыманы юдэйскі рабін Ігаэл Егудзі, 30 ліпеня суддзя Ленінскага раёну Менску Таццяна Шоцік пакарала яго 6-дзённым арыштам за «несанкцыянаваную акцыю» паводле арт. 24.23 КаАП РБ, піша Telegram-канал праваабаронцаў «Вясна назірае».

Паводле назіральнікаў, АМАПу не спадабалася тышортка Егудзі з надпісам «Против насильственной вакцинации». Нашэнне тышорткі расцанілі як пікет.

У самым пачатку паседжання, расказвае «Вясна назірае», Егудзі заявіў, што «супрацоўнікі Акрэсціна яму гаварылі, што ў яго няма ніякіх правоў, яго не азнаёмілі з матэрыяламі справы і не дазволілі патэлефанаваць адвакату». Таму мужчына запатрабаваў «выканання правоў у месцах пазбаўлення волі».

Ён падкрэсліваў, што «вядомы тым, што падтрымлівае Лукашэнку», а таксама прасіў далучыць да справы ліст ад працадаўцы – ён працуе ў фондзе «Адкрытыя сэрцы» (фонд выступае супраць абортаў, ЭКА і ЛГБТ-супольнасці) і з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты «Вечерний Могилёв» (якая «праславілася» радыкальнымі публікацыямі супраць ЛГБТ-супольнасці і палітычнай апазіцыі).

Егудзі – грамадзянін Ізраілю. Некалькі гадоў таму яго збіраліся пазбавіць віду на жыхарства ў Беларусі, адзначае Telegram-канал вернікаў «Rerum Novarum».

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў