Нічога новага не сказаў, але для чаго збіраў? Абмяркоўваем шматгадзінны выступ Лукашэнкі перад чыноўнікамі


Выступ Лукашэнкі 30 ліпеня.
Фота: president.gov.by

30 ліпеня Аляксандр Лукашэнка сабраў актыў мясцовай вертыкалі для правядзення сустрэчы па актуальных пытаннях грамадска-палітычнага становішча. Разбіраем з экспертамі тое, што ён казаў некалькі гадзінаў.

Сустрэча Лукашэнкі з чыноўнікамі ніяк не анансавалася афіцыйнымі крыніцамі. Пра яе паведамлялі загадзя перадусім інсайдарскімі тэлеграм-каналамі, кшталту «Ник и Майк». Зноў не было і яе онлайн-трансляцыі. Для чаго ж праводзілася падзея?

Чыноўнікі ў напружанні

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што Лукашэнка апошнім часам вельмі часта праводзіць сустрэчы з чынавенствам, бо «сярод наменклатуры існуе пэўнае псіхалагічнае напружанне».

«Бачна, што не ўсё гладка ў краіне. Насельніцтва не задаволенае. Краіна ў глухой ізаляцыі. Санкцыі нарастаюць. Лукашэнка ўсіх пужае вайной. Крызіс з Літвой. Усё гэта не дадае добрых настрояў наменклатуры. Таму Лукашэнка перыядычна сустракаецца і спрабуе неяк ці то супакоіць, ці то мабілізаваць», – заявіў ён у каментары «Белсату».

Але, мяркуе Валер Карбалевіч супакоіць чыноўнікаў не атрымалася, наадварот «Лукашэнка пужаў усіх».

Сярод тэмаў, якія былі закранутыя на сустрэчы, пратэсты, санкцыі, казаў пра недапушчальнасць працы ў вертыкалі тых, хто не падтрымлівае афіцыйны курс.

«Нічога новага асабліва не сказаў. Курс на ўзмацненне рэпрэсіяў», – адзначыў палітолаг.

Рэферэндуму пакуль не будзе

Сярод чаканняў ад сустрэчы было і абвяшчэнне даты будучага рэферэндуму адносна зменаў Канстытуцыі. Але замест гэтага Лукашэнка заявіў, што вярнуў прадстаўленыя яму праўкі на дапрацоўку. Сам жа рэферэндум ён адклаў да лютага 2022 года. Разам з тым, нагадаў Валер Карбалевіч, Лукашэнка яшчэ ў лютым падчас Усебеларускага народнага сходу паабяцаў, што рэферэндум пройдзе на пачатку наступнага года. Сёння ён гэта пацвердзіў.

Чыноўнікі на сустрэчы з Лукашэнкам 30 ліпеня.
Фота: president.gov.by

«У мяне такое ўражанне, што Лукашэнка сам да канца яшчэ не вызначыўся з гэтым дакументам і з тымі наступствамі, якія павінны наступіць пасля гэтай Канстытуцыі на рэферэндуме. Калі яна ўступіць у сілу, ці будуць датэрміновыя выбары, ці будзе ён у іх удзельнічаць. Мне падаецца, што з адказамі не на ўсе гэтыя пытанні ён сам вызначыўся. І таму няма асаблівага сэнсу спяшацца. Магчыма, што будзе яшчэ абвешчанае ўсенароднае абмеркаванне гэтага праекту», – адзначыў Валер Каралевіч.

Старая спроба застрашыць Захад

Паводле Валера Карбалевіча, адзінае, што было адносна новым падчас выступу – гэта спроба застрашыць Захад тым, што на тэрыторыі Беларусі могуць быць размешчаныя нават не расейскія вайсковыя базы, а расейскія войскі.

«Гэта курс на эскалацыю з Захадам. Раней казалася, што незаконныя мігранты могуць з’явіцца на тэрыторыі Літвы ўжо ўзброенымі. І вось цяпер пагроза расейскімі войскамі. Асабліва на тле таго, што чакаюцца вялікія беларуска-расейскія манеўры ў верасні. Гэта прагучала злавесна», – падкрэсліў палітолаг.

Чыноўнікі на сустрэчы з Лукашэнкам 30 ліпеня.
Фота: president.gov.by

Але, на яго думку, гэтае нагнятанне не ўпісваецца нават у расейскую палітыку.

«Не паспеў Лукашэнка скончыць сваю прамову, як прэсавы сакратар расейскага прэзідэнта Пяскоў заявіў, што Беларусь не звярталася з просьбай аб прысутнасці расейскіх узброеных сілаў. Такое мяккае дыпламатычнае дэзавуяванне», – заявіў Валер Карбалевіч.

Між тым вайсковы аглядальнік Андрэй Паротнікаў мяркуе, што нават у гэтым выпадку Лукашэнка не сказаў нічога новага. Паводле аглядальніка, калі глядзець на выказванне Лукашэнкі цалкам, а не вырываць з яго кавалкі, то там была згаданая выключана старая пазіцыя пра тое, што ў выпадку нейкай вонкавай пагрозы расейскія войскі могуць быць уведзеныя на тэрыторыю Беларусі.

Hавiны
Падобна, МВФ дасць Беларусі амаль мільярд долараў. Але ці дазволяць ім скарыстацца?
2021.07.30 09:00

МГ belsat.eu

Стужка навінаў