Міліцыянты затрымалі і збілі замежнага студэнта БНТУ за пераход дарогі ў неналежным месцы


Дзе цяпер знаходзіцца затрыманы, сябры не ведаюць.

Telegram-канал студэнтаў «БНТУ 97 %» апублікаваў відэа, на якім міліцыянты валяць на падлогу і жорстка скручваюць хлопца, а пажылы мужчына ў цывільным перашкаджае сведку здымаць.

Як сцвярджае канал, гэта адбылася 30 ліпеня каля 14:00 у інтэрнаце БНТУ № 8, што ў Менску. Паводле каналу, замежны студэнт падрыхтоўчага аддзялення выйшаў з інтэрнату і перайшоў дарогу – яго спыніла міліцыя і спытала, чаму ён перайшоў у неналежным месцы.

«Ён не разумеў па-расейску і спужаўся, а яны падумалі, што ён хоча збегчы, хаця ён проста хацеў паклікаць сябра, каб ён прыехаў і пераклаў, – пішуць студэнты. – Яго пачалі пераследаваць па дарозе да інтэрнату і проста там збілі яго. Да яго ставіліся як да тэрарыста».

Затрыманы – грамадзянін Малі. Дзе ён цяпер, студэнты не ведаюць. Яго сябры звярталіся ва Ўпраўленне міжнароднай супрацы БНТУ, але там на сітуацыю не адрэагавалі, піша «Вестник БНТУ».

Паводле сяброў хлопца, гэта не першы раз, калі іх затрымліваюць, бо яны кепска размаўляюць па-расейску.

Абноўлена. Telegram-канал менскай міліцыі пацвердзіў затрыманне хлопца і прызнаў, што супраць замежнага грамадзяніна ўжылі гвалт і спецсродкі. Канал сцвярджае, што «пры затрыманні ён чыніў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў», аднак не згадвае, што патрабаванні маглі выказвацца на незразумелай яму мове. Студэнта вызвалілі, сцвярджае канал.

АА belsat.eu

Стужка навінаў