Лукашэнка перапрызначыў інспектара па Менскай вобласці. Паглядзелі, каму давяраюць гэтую пасаду


Учора, 29 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка зноў правёў пераразмеркаванне сваіх памочнікаў і прызначыў новых кіраўнікоў на шэраг пасадаў. Так, сваім указам ён адправіў у адстаўку памочніка па Менскай вобласці Аляксандра Бутарава. Чыноўнік прапрацаваў на сваёй пасадзе менш за тры месяцы.

Раней эксперты выказвалі меркаванне, што такія частыя змены на кіроўных пасадах адбываюцца ад страху перавароту і магчымай змовы супраць Лукашэнкі.

Цяпер жа замест Бутарава на пасаду памочніка «прэзідэнта» – інспектара па Менскай вобласці – прызначаны Уладзімір Калач.

Мы ўзгадалі ранейшых памочнікаў па Менскай вобласці: чым яны адзначыліся і як прыйшлі да сваёй пасады.

Уладзімір Калач

Уладзімір Калач.
Фота: belnaviny.by

Вядома, што да цяперашняга часу Калач займаў пасаду намесніка старшыні КДБ, з чэрвеня 2018 года. Да гэтага працаваў начальнікам упраўлення Камітэту дзяржаўнай бяспекі па Менску і Менскай вобласці.

Паводле тэлеграм-каналу «Ник и Майк», ён сваяк Веры Паляковай, жонкі міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. Менавіта апошні ў свой час забяспечыў хуткі карʼерны рост Калача.

Пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў уключаны ў спіс беларускіх дзяржаўных дзеячаў і чыноўнікаў, на якіх Еўразвяз наклаў санкцыі.

Аляксандр Бутараў

Папярэднік Калача – Аляксандр Бутараў – быў прызначаны памочнікам прэзідэнта 5 красавіка 2021 года.

Аляксандр Бутараў.
Фота: mlyn.by

Раней ён займаў пасаду старшыні райвыканкаму ў Горках. Пачынаў з працы ў калгасах, потым працаваў у Шклоўскім і Круглянскім райвыканкамах, быў інспектарам Савету Міністраў па Віцебскай вобласці, старшынёй Кіраўскага райвыканкаму і ў 2019 годзе ўзначаліў родны Горацкі раён.

Ігар Яўсееў

Да Бутарава пасаду памочніка па Менскай вобласці займаў генерал-маёр міліцыі Ігар Яўсееў. Выконваў ён гэтую працу больш за тры гады – з восені 2017 года. Тады Лукашэнка сказаў, што прызначыў генерала Яўсеева «ў якасці эксперыменту».

Ігар Яўсееў.
Фота: mlyn.by

Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Я. Купалы і Акадэмію пры прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Пачаў працоўную дзейнасць з пасады ўчастковага інспектара міліцыі па сельскай мясцовасці аддзялення прафілактыкі аддзелу ўнутраных справаў Пружанскага райвыканкаму. Да прызначэння на пасаду памочніка прэзідэнта – інспектара па Менскай вобласці – узначальваў УУС Менскай вобласці.

У юнацтве паспеў прайсці тэрміновую службу ў савецкім спецназе ГРУ ў частцы, якая размяшчалася ў ГДР, што па тых часах было прэстыжна. Таксама служыў у прэзідэнцкай службе бяспекі.

Яўсееў стаў вядомы ў 2010 і 2011 гадах падчас працы на палітычных акцыях пратэсту. Ён удзельнічаў у разгоне Плошчы-2010, акцый маўклівага пратэсту і «Стоп бензін». Таксама запомніўся тым, што ўжываў фізічную сілу да журналістаў, якія асвятлялі несанкцыянаваныя мітынгі. Атрымаў ордэн «За службу радзіме», а таксама трапіў у санкцыйных спіс Еўразвязу.

Анатоль Ісачанка

Анатоль Ісачанка.
Фота: zhodinonews.by

У 1988 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у 2005 годзе – Акадэмію кіравання пры прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Пачынаў са старэйшага інжынера калгасу «Савецкая Беларусь» у Горацкім раёне Магілёўскай вобласці. Пасля гэтага займаў розныя пасады, з 2000 года – дырэктар калгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну, таго самага, які да свайго абрання на прэзідэнцтва ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка.

З 2008 да 2014 года быў намеснікам старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту, а пасля, да 2016 года, старшынёй Магілёўскага абласнога Савету дэпутатаў.

У снежні 2016 года прызначаны памочнікам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Менскай вобласці. Але прапрацаваў на гэтай пасадзе не доўга – у ліпені 2017 года быў прызначаны старшынёй Менскага абласнога выканаўчага камітэту. У снежні 2019 года быў вызвалены ад гэтай пасады і прызначаны чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

З ліпеня 2020 года абраны намеснікам старшыні парламенцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі.

Мікалай Корбут

Скончыў Інстытут народнай гаспадаркі. Быў галоўным эканамістам фінансава-эканамічнага аддзелу Камітэту зямельнай рэформы і землеўпарадкавання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Мікалай Корбут.
Фота: belta.by

У 1994–2001 гадах працаваў начальнікам упраўлення па абслугоўванні дыпламатычнага корпусу і афіцыйных дэлегацыяў «Дыпсэрвіс» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, пасля, да 2009 года, – першы намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта, а затым, да 2013 года – кіраўнік справамі прэзідэнта Беларусі.

З 2014 года быў памочнікам прэзідэнта – галоўным інспектарам па Менскай вобласці, але праз два гады – у 2016-м – вызвалены ад пасады і прызначаны памочнікам прэзідэнта Беларусі.

Мікалай Іванчанка

У 1995 годзе, быўшы першым намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму, падпісаў першы беларуска-кітайскі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Магілёвам і Уу-Ханем.

Мікалай Іванчанка.
Фота: sb.by

Узначальваў канцэрн «Белрэсурсы», удзельнічаў у стварэнні свабодных эканамічных зонаў у Беларусі, досвед працы якіх вывучаў у Кітаі.

Быў дэпутатам парламенту і працаваў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У пачатку 2006 прызначаны памочнікам прэзідэнта – інспектарам па Менскай вобласці.

Цяпер Іванчанка – старшыня назіральнага савету Слуцкага сыраробнага камбінату.

У пачатку ліпеня гэтага года Іванчанка даваў інтэрв’ю прадзяржаўнай газеце «СБ», дзе рэзка выказаўся наконт пратэстаў у Беларусі:

«Да многіх прыходзіць разуменне, што гуляюць яны чужую гульню паводле чужога сцэнара. Кожны беларус павінен разумець: мы як людзі, як нацыя не патрэбныя ні Польшчы, ні Літве, ні Германіі… Нікому.

Хіба не гэта мы бачым сёння на руінах «каляровых рэвалюцый»? Але ў Беларусі гэта не пройдзе. Наша зямля – унікальная, сакральная, хай і шматпакутная. Тут сілы зла заўсёды атрымлівалі смяротны надлом. Нашы бацькі і дзяды адстаялі гэтую зямлю. Не аддадзім яе і мы».

Hавiны
«Самы страшны прыхільнік прыроды». Лукашэнка сказаў, хацеў бы ўзначаліць партыю «Зялёныя»
2021.07.27 14:28

belsat.eu

Стужка навінаў