«Кіберпартызаны» заявілі аб узломе яшчэ і камераў ізалятара на Акрэсціна


Хакеры працягваюць тое, што называюць аперацыяй «Спёка» і «найбуйнейшай кібератакай у гісторыі Беларусі».

Скрыншот камераў назірання ІЧУ на Акрэсціна.
Фота: cpartisans / Telegram

«Кіберпартызаны» паведамілі на сваім Telegram-канале аб узломе сістэмы назірання менскага Ізалятару часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна.

Ізалятар яны называюць «беларускім Асвенцімам» – так жа яго называў старшыня «Маладога фронту», які прабыў там 20 дзён арышту.

Артыкулы
«Гэта Асвенцім». Пасля 20 дзён на Акрэсціна ў лідара «Маладога фронту» пачаліся праблемы са здароўем
2021.07.25 15:11

Падобна, што хакеры здабылі доступ толькі да часткі камераў назірання комплексу на Акрэсціна – акрамя ІЧУ там таксама ёсць Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (дзе быў старшыня «Маладога фронту» і куды кідаюць «палітычных»), а таксама прыёмнік-размеркавальнік для непаўналетніх.

Гэта ўжо шосты ўзлом, аб якім заяўляюць «партызаны». Сёння яны таксама паведамлялі аб узломе базы відэа дронаў МУС. Раней яны ўзламалі базы сістэмы «Пашпарт» і Дзяржаўнай аўтаінспекцыі (праўдзівасць узломаў і актуальнасць базаў яны даказалі журналістам), базы тэлефанаванняў у службу «102» і базу парушэнняў сілавікоў ад Службы ўнутранай бяспекі МУС (праверыць праўдзівасць гэтых узломаў немагчыма).

Ці праўдзівы цяперашні ўзлом, праверыць таксама немагчыма, аднак хакеры апублікавалі кадры, на якіх сапраўды штосьці падобнае да камераў ізалятара, і гэтыя кадры раней не публікаваліся ў вольным доступе.

Міністэрства ўнутраных справаў пакуль не каментавала заявы хакераў аб узломах.

Артыкулы
«Кіберпартызаны» ўзламалі базы ДАІ і сістэмы «Пашпарт». Што яны даведаліся?
2021.07.29 17:25

АА belsat.eu

Стужка навінаў