Камітэт правоў чалавека ААН забавязаў Беларусь вярнуць ліцэнзію адвакату Алегу Агееву


Міністэрства юстыцыі пазбавіла Алега Агеева адвакацкай ліцэнзіі яшчэ ў 2011 годзе, пасля таго, як Агееў, які быў адвакатам Алеся Міхалевіча, кандыдата на прэзідэнцтва на выбарах 2010 года, распавёў пра ўмовы ўтрымання свайго падабароннага ў СІЗА КДБ. Цяпер Камітэт правоў чалавека запатрабаваў вярнуць Агееву ліцэнзію, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Алег Агееў.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Камітэт правоў чалавека ААН апублікаваў свае высновы пасля разгляду скаргі Алега Агеева.

Алесь Міхалевіч быў арыштаваны на наступны дзень пасля выбараў у снежні 2010 года супрацоўнікамі КДБ і абвінавачаны ў арганізацыі масавых закалотаў. Пасля вызвалення экс-кандыдат на прэзідэнцтва заявіў пра катаванні ў ізалятары КДБ і што ён быў змушаны падпісаць дакумент аб супрацы ў абмен на сваё вызваленне. Таксама ў няволі палітык быў пазбаўлены магчымасці скарыстацца медычнай і прававой дапамогай.

Алег Агееў, цяперашні намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, а тады адвакат Міхалевіча, распавёў пра гэтыя дэталі журналістам. У выніку Міністэрства юстыцыі распачало расследаванне ў дачыненні Агеева за перавышэнне паўнамоцтваў адваката і парушэнне прафесійнай этыкі.

14 лютага 2011 года Агеева пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі з фармулёўкай «здзейсніў учынак, не сумяшчальны са званнем адваката».

Пасля шэрагу безвыніковых апеляцыйных скаргаў у беларускія інстанцыі Агееў звярнуўся ў Камітэт правоў чалавека ААН.

«Відавочна, што спадар Агееў быў падвергнуты жорсткім і несправядлівым санкцыям толькі за тое, што ён выступіў у СМІ, а зрабіў ён гэта ў інтарэсах свайго кліента і для задавальнення грамадскіх інтарэсаў, – заявіў Арыф Булкан, сябра Камітэту правоў чалавека. – Права на свабоду выказвання меркавання гарантуецца Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, і сітуацыя спадара Агеева не падпадае пад магчымыя выключныя абмежаванні гэтага права».

Камітэт правоў чалавека ААН заклікаў Беларусь выплаціць Агееву адэкватную кампенсацыю і аднавіць ягоную адвакацкую ліцэнзію, а таксама не дапускаць падобных парушэнняў у будучыні.

Алег Агееў, каментуючы рашэнне Камітэту правоў чалавека ААН, звярнуў увагу на тое, што хоць улады Беларусі і сцвярджаюць, быццам рашэнні гэтага міжнароднага органу носяць рэкамендацыйны характар, і адмаўляюцца іх выконваць, усё ж такі іх выкананне – абавязак дзяржаваў – сябраў ААН. Пазіцыя Беларусі ў гэтым выпадку не адпавядае нормам міжнароднага права, а менавіта – арт. 2 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў