Інстытут Гётэ афіцыйна спыніў працу ў Беларусі


Інстытут Гётэ. Фота: Інстытут Гётэ, Менск

На сайце Інстытуту з’явілася абвестка, што з 30 ліпеня ўстанова прыпыняе сваю дзейнасць на загад Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Амбасада Нямеччыны ў Менску атрымала ад беларускага Міністэрства замежных справаў патрабаванне прыпыніць дзейнасць Інстытуту Гётэ ў Беларусі з 30 ліпеня 2021 года.

«Гётэ-інстытут, 157 прадстаўніцтваў якога свабодна працуюць ва ўсім свеце, упершыню сутыкаецца з такім развіццём падзей, – заявіў у сувязі з сітуацыяй Ёганэс Эбэрт (Johannes Ebert), генеральны сакратар Інстытуту Гётэ. – Мы вельмі шкадуем аб такім патрабаванні беларускага кіраўніцтва і спадзяемся, што хутка зможам працягнуць сваю працу ў Беларусі. У нашых думках мы побач з калегамі ў Беларусі. Мы салідарныя з Германскай службай акадэмічных абменаў, якая таксама атрымала патрабаванне спыніць сваю працу».

Інстытут Гётэ працуе ў Менску на працягу 27 гадоў. Гэта ўстанова культуры Федэратыўнай Рэспублікі Германія, якая працуе ва ўсім свеце. 157 аддзяленняў у 98 краінах свету дапамагаюць вывучаць нямецкую мову, падтрымліваюць міжнароднае культурнае супрацоўніцтва і падаюць актуальную інфармацыю аб Нямеччыне.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў