Гамяльчанка праз суд дабіваецца пакарання амапаўцаў, якія збілі яе і ейнага сына


Падчас паслявыбарчых пратэстаў у жніўні 2020 году сына 61-гадовай жыхаркі Гомля Святланы Салодкай супрацоўнікі АМАПу збілі дручком. Дасталася і самой пенсіянерцы. Следчы камітэт адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Жанчына падала скаргу ў суд, распавядае «Гомельская вясна».

У судзе Чыгуначнага раёну Гомля 29 ліпеня адбыўся разгляд скаргі Святланы Салодкай, якая дамагаецца ўзбуджэння крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў АМАПу, якія нанеслі ёй і яе сыну цялесныя пашкоджанні дубінкай падчас паслявыбарчых пратэстаў 11 жніўня 2020г.

Святлана Салодкая.
Фота: «Гомельская вясна»

Суддзя Яраслаў Парэмскі не задаволіў скаргу, спаслаўшыся на тое, што суд не можа адмяніць рашэнне следчага, які адмовіў гамяльчанцы і ейнаму сыну ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць апамаўцаў.

У траўні аналагічную скаргу Святланы Салодкай разглядаў суддзя суду Чыгуначнага раёну Яўген Шаршнёў вынес пастанову адмяніць рашэнне следчага аб не ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць амапаўцаў. Справу накіравалі на паўторны разгляд, але жанчына зноў атрымала адмову ў завядзенні крымінальнай справы.

«Мы сядзелі на вуліцы Перамогі. Потым там ішло шэсце з лозунгамі «Жыве Беларусь». Нічога крамольнага ў гэтым не было, – узгадвае гамяльчанка падзеі амаль гадавой даўніны. – Мы далучыліся, прайшлі да вуліцы Камсамольскай, пачалі пераходзіць вуліцу Савецкую, і калі перайшлі, я пачула крык – у сцэпку! Што гэта такое – я не ведала. Калі мы павярнуліся, нас пачалі біць працаўнікі АМАПу. Яны напалі ззаду. У пастанаўленні напісана, што нас сустрэлі. Але нас не сустрэлі, на нас напалі ззаду. Амапавец падняў дручок над маёй галавой, але калі ўбачыў, што я – жанчына, ён гэты дручок апусціў».

Спадарыня Святлана спрабавала заступіцца за нейкага хлопца падчас тых падзей, але згубіла прытомнасць. Прыйшла ў сябе толькі калі сын адцягнуў яе ў бок. На наступны дзень яны з сынам пайшлі зняць пабоі і жанчына адразу падала скаргу.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў