Блогерку Пілюгіну і яе хлопца арыштавалі на 15 дзён. Пілюгіну дапытвалі ў справе аб «тэрарызме»

Яе дапытвалі як сведку ў справе аб «Акце тэрарызму», а пасадзілі за «Непадпарадкаванне».

Наста Пілюгіна. Фота: piliuhina / vk.com

Суддзя Партызанскага раёну Менску Міхаіл Макарэвіч асудзіў блогерку і вядоўцу падкасту Dzigital, маркетолага і медыяменеджарку ў кампаніі «Eleven» Насту Пілюгіну на 15 дзён арышту за «Непадпарадкаванне законным патрабаванням» (арт. 24.3 КаАП РБ), пішуць праваабаронцы ў Telegram-канале «Вясна назірае».

Сведчанні міліцыянта аб «непадпарадкаванні» Пілюгіна назвала паклёпам і заявіла, што ў РУУС пайшла добраахвотна. Суддзя адмовіўся праглядзець запісы відэакамераў РУУСа, каб спраўдзіць словы Пілюгінай або «сведкі»-міліцыянта, бо «палічыў, што гэта толькі яе здагадкі».

На судзе Пілюгіна расказала, што яе дапытвалі ў якасці сведкі ў справе аб «Акце тэрарызму» (арт. 289 КК РБ), але падпіску аб неразгалошванні яна не давала. Пры тым апытвалі яе не аб самой справе, а аб ейнай біяграфіі. У яе дома правялі ператрус супрацоўнікі КДБ, а яе хлопца, які быў дома і адчыніў дзверы, затрымалі разам з ёй.

Пасля ператрусу Пілюгіну везлі ў машыне, у якой ужо сядзеў Алег Урбановіч – сёння яго арыштавалі на 14 дзён.

Абноўлена. Хлопца Пілюгінай Уладзіслава Піртаня таксама асудзілі на 15 дзён арышту паводле таго ж артыкулу. Суд адбыўся пазней, бо падсудны не паспяваў заключыць дамову з адвакатам – у выніку ён пагадзіўся бараніць сябе сам. Разгляд справы трываў 9 хвілінаў.

Пратакол на яго склалі нібыта за тое, што ён «адмовіўся прайсці ў РУУС за міліцыянтам і крычаў каля машыны». Ён не прызнаў віну.

Паводле Піртаня, ператрус у іх кватэры трываў тры гадзіны, а пратакол яму так і не далі падпісаць.

Як мінімум мільён долараў – на такую суму беларусы сплацілі штрафы за пратэсты

29 ліпеня каля 11:00 Наста выйшла з дому да машыны ў двары па ноўтбук і знікла, распавядаў Уладзіслаў Піртань. Тэлефон дзяўчыны быў выключаны, потым уключыўся, але званкі на яго скідваюцца. З дапамогаю праграмы «Лакатар» у iPad Насты хлопец пабачыў, што яна дзесьці на завулку Казлова, 6а, дзе месціцца Упраўленне КДБ у Менску.

Пасля 17-й гадзіны Наста патэлефанавала Ўладзіславу і сказала, што едзе дадому. Амаль адразу туды прыйшлі сілавікі з ператрусам, які адбываўся да вечара. Пасля гэтага Анастасію і ейнага хлопца зноў затрымалі.

Раніцай 30 ліпеня Telegram-канал Пілюгінай захапілі невядомыя, размясцілі там дзяржаўную сімволіку і заяву аб тым, што аўтарка каналу «памяняла свае палітычныя погляды».

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны