Алімпіяда-2021: на першым месцы па медалях – ЗША. У Беларусі дагэтуль ніводнай узнагароды


У Токіа 30 ліпеня, у 7-ы дзень Алімпійскіх гульняў, разыгрываецца 21 камплект медалёў у 13 відах спорту.

Медальны залік на 30 ліпеня выглядае наступным чынам.

  • На першым месцы па ўзнагародах – ЗША з 41 медалём, з іх 14 залатых, 16 срэбных, 11 бронзавых.
  • За ЗША ідзе Кітай: 18 залатых медалёў, 9 срэбных, 11 бронзавых.
  • Тройку лідараў замыкае Японія: 15 залатых медалёў, 4 срэбных, 7 бронзавых.
  • У Расеі – 10 залатых медалёў, 13 срэбных, 9 бронзавых.

Добрыя вынікі ў Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Паўднёвай Карэі, Нідэрландаў, Германіі, Францыі, Італіі.

Сярод краінаў з адным медалём, і тое бронзавым – Азербайджан, Кот-д’Івуар, Куба, Кувейт, Сан-Марына, Аргентына.

У Беларусі дагэтуль няма ніводнага медаля.

Ад Беларусі ў Токіа паляцелі 108 спартоўцаў, якія збіраліся пазмагацца за медалі ў 20 відах спорту.

Рэпартаж
«Каронавірусны Экспрэс» адпраўляецца? Як Токіа рыхтаваўся да Алімпіяды падчас пандэміі
2021.07.25 14:19

Чаму я даведваюся ад «левых людзей»?

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская эмацыйна распавяла пра тое, як яна даведалася, што на Алімпійскіх гульнях у Токіа выступіць у новай для сябе дысцыпліне.

«Я толькі што даведалася навіну, што на Алімпіядзе я буду бегчы эстафету 4 па 400 метраў. Нашае «крутое» кіраўніцтва як звычайна вырашыла ўсё за нас. Яны накасячылі з дзяўчатамі, у якіх не хапае тэстаў, каб прыляцець на іх першую ў жыцці Алімпіяду, і яны вырашылі зрабіць ход канем і запусціць мяне ў эстафету. Малайцы! Чаму мы павінны расплочвацца за вашыя касякі? Калі вы накасячылі з тэстамі і допінг-пробамі, чаму я павінная расхлёбваць гэтыя праблемы?! Чаму я даведваюся гэта ад левых людзей? Я пішу нашаму кіраўніку каманды, які мне проста не адказвае! Алё, у вас усё окей? Гэта Алімпійскія гульні, а не прыколы!»

Ганну Міхайлаву і Крысціну Мулярчык, удзельніц каманды эстафеты 4 па 400 метраў, не дапускаюць да спаборніцтваў з-за недахопу допінг-пробаў, якія яны мусілі здаваць цягам 10 месяцаў да Гульняў у Токіа. Іх адхіленне паставіла пад пытанне выхад зборнай на старт 5 жніўня. Міністэрства спорту пры гэтым не прызнае сваёй адказнасці за сітуацыю.

Без медалёў можна не вяртацца

Тры беларускія лёгкаатлеты пазбавіліся права ўдзельнічаць у Алімпіядзе, як вынікае з рэлізу незалежнага органу для барацьбы з негатыўнымі з’явамі ў лёгкай атлетыцы – Athletics Integrity Unit. Санкцыі на спартоўца былі накладзеныя з прычыны невыканання пункту 15 антыдопінгавых правілаў, згодна з якім атлет мусіць прайсці тры допінг-тэсты за 10 месяцаў не падчас спаборніцтваў. Толькі пасля гэтага спартовец мае права рэпрэзентаваць краіну на Алімпійскіх гульнях. Апроч лёгкаатлетак Міхайлавай і Мулярчык Марыя Жодзік (скачкі ў вышыню) не зможа ўдзельнічаць у Алімпіядзе праз недастатковую колькасць допінг-тэстаў.

Напярэдадні Алімпіяды Аляксандр Лукашэнка папярэджваў беларускіх спартоўцаў, што без медалёў яны могуць у краіну не вяртацца:

«Калі ў Токіа не будзе выніку, ніхто ў спорце з функцыянераў і чыноўнікаў больш не затрымаецца. <…>. Калі вы турыстамі туды з’ездзіце і вернецеся ні з чым, лепш у краіну не вяртайцеся».

Летнія Алімпійскія гульні ў Токіа праходзяць з 23 ліпеня да 8 жніўня.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў