Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 30 чэрвеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую Расея распачала ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 30 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пажарныя працуюць над тушэннем пажару пасля ракетнага абстрэлу ў вёсцы Ясінаватая Данецкай вобласці, Украіна. 28 чэрвеня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 35 600 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў ва Усходняй зоне аперацыі расейцы не спынялі наступальных дзеянняў з мэтай усталяваць поўны кантроль над тэрыторыямі Данецкай і Луганскай вобласцяў.

На славянскім кірунку вораг праводзіў перагрупаванне войскаў, а таксама трымаў абарону, працягваючы артылерыйскія абстрэлы населеных пунктаў, што пад кантролем Украіны.

На лісічанскім кірунку расейцы працягваюць штурмавыя дзеянні каля населенага пункту Верхнякаменка і каля Лісічанскага нафтаперапрацоўчага заводу з мэтаю атачэння гораду Лісічанск.

На бахмуцкім кірунку вораг па-ранейшаму намагаецца ўзяць пад кантроль частку трасы Лісічанск – Бахмут, пры гэтым украінскія абаронцы адбілі атакі на паселішчы Клынавое і Новалуганскае, спынілі штурмавыя дзеянні расейцаў у кірунку Вуглягорскай ЦЭС. Адзначаецца, што паўсюль расейцы панеслі істотныя страты і былі вымушаныя адступіць на старыя пазіцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы ракетнага абстрэлу ў Харкаўскай вобласці, Украіны. 26 чэрвеня 2022 года.
Фота: Metin Aktas / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

На іншых участках лініі сутыкнення на Данбасе расейцы ў асноўным абмяжоўваліся выведнымі дзеяннямі, ратацыяй кадраў, а таксама нанясеннем авіяцыйных і артылерыйскіх удараў па ўкраінскіх пазіцыях.

За межамі Усходняй зоны аперацыі войскі РФ спрабавалі наступаць на харкаўскім кірунку – штурмавалі населены пункт Дэмэнціеўка. На іншых участках лініі сутыкнення на Харкаўшчыне расейцы трымалі абарону, каб захаваць раней занятыя пазіцыі.

На паўднёвабужскім кірунку праціўнік працягвае сістэматычна абстрэльваць цывільную і вайсковую інфраструктуру, а таксама праводзіць перагрупаванне войскаў.

На валынскім і палескім кірунках сітуацыя па-ранейшаму спакойная, але ў Генеральным штабе ЗСУ ўсё яшчэ разглядаюць імавернасць уступлення беларускага войска ў поўнамаштабную вайну ва Украіне. Паводле інфармацыі ўкраінскіх вайскоўцаў, вайсковыя камісарыяты Беларусі разглядаюць магчымасць правесці прыхаваную мабілізацыю насельніцтва.

Hавiны
Генштаб ЗСУ ўсё яшчэ баіцца правакацый на беларускай мяжы
2022.06.30 10:05

30 чэрвеня аператыўнае камандаванне «Поўдзень» паведаміла, што расейскія акупанты пакінулі востраў Змяіны. Адзначаецца, што адбылося гэта ў выніку ўдала праведзенага чарговага этапу ваеннай аперацыі з нанясеннем агнявых удараў ракетнымі ды артылерыйскімі падраздзяленнямі. Расейскае Міністэрства абароны ў сваю чаргу пацвердзіла адыход вайскоўцаў з вострава, але патлумачыла гэта па-свойму: «Сёння ў якасці кроку добрай волі расейскія вайскоўцы завяршылі выкананне задачаў на востраве Змяіны і вывелі гарнізон, які там размяшчаўся».

Hавiны
Украінскія вайскоўцы вернуцца на востраў Змяіны
2022.06.30 18:55

Тым часам Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што Крэмль мае амбіцыі ў дачыненні тэрыторыяў, большых за Данеччыну і Луганшчыну. Даследніцкі цэнтр паведамляе, што Масква будзе надалей нарошчваць жывую сілу і тэхніку для наступу на найважнейшых кірунках уварвання.

Hавiны
Крэмль не хоча абмежавацца кантролем над Данбасам
2022.06.30 09:40

У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Гэйнз заявіла, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін не адмовіўся ад планаў захапіць большую частку тэрыторыі Украіны ваенным шляхам.

Паводле яе, амерыканская выведка распрацавала тры магчымыя сцэнары далейшага развіцця вайны Расеі ва Украіне ў кароткатэрміновай перспектыве. Найбольш імаверным яна лічыць сцэнар працяглага канфлікту, пры якім заваёвы РФ будуць нязначныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец суправаджае здымачнаю каманду «Белсату» ў падкантрольнай украінскімі вайскоўцамі вёсцы ў Херсонскай вобласці, якая падвяргаецца штодзённым абстрэлам з боку расейскай арміі. Херсонская вобласць, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Іншыя сцэнары – маштабны прарыў Расеі або паспяховая стабілізацыя лініі фронту ўкраінскімі сіламі з магчымымі, але нязначнымі поспехамі ў ваколіцах Херсону ды іншых паселішчаў на поўдні Украіны.

Брытанскі ўрад прыняў рашэнне павялічыць памер вайсковай дапамогі Украіне. Краіна вылучыць дадаткова 1 млрд фунтаў стэрлінгаў. Сродкі пойдуць на сістэмы СПА, беспілотнікі і абсталяванне для радыёэлектроннай барацьбы. Гэты крок накіраваны на тое, каб дапамагчы Украіне перайсці ад абарончых дзеянняў да нарошчвання наступальнага патэнцыялу. Агулам Вялікая Брытанія надала Украіне вайсковую дапамогу на суму 3,8 млрд фунтаў стэрлінгаў.

Hавiны
Вялікая Брытанія вылучыць мільярд фунтаў на вайсковую дапамогу Украіне
2022.06.30 10:46

Увечары 29 чэрвеня стала вядома пра маштабны абмен ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расеяй – 144 на 144 вайскоўцы. Гэта самы вялікі абмен з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання. Адзначаецца, што сярод 144 вызваленых украінцаў ёсць 95 абаронцаў «Азоўсталі». Сярод іх 43 вайскоўцы палка «Азоў».

Паводле Каардынацыйнага штабу ў пытаннях ваеннапалонных, большасць вызваленых украінцаў маюць цяжкія пашкоджанні: агнястрэльныя і аскепкавыя раненні, выбуховыя траўмы, апёкі, пераломы, ампутацыі канцавінаў. Усе яны атрымліваюць належную неадкладную медычную і псіхалагічную дапамогу.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў