«Reuters»: «ЕЗ шукае кампрамісу з Пуціным адносна транзіту ў Калінінград»


Агенцтва «Reuters» паведамляе, што ў Еўразвязе пачалася дыскусія аб транзіце ў Калінінградскую вобласць. Дзве крыніцы агенцтва, знаёмыя з сітуацыяй, адзначаюць, што Еўропа жадае зняць напружанне вакол Літвы і Польшчы, якія абмежавалі правоз санкцыйных тавараў на тэрыторыю анклаву.

Цягнікі.
Фота: Max Vertsanov / unsplash

Крыніцы «Reuters» паведамляюць, што адзін з варыянтаў кампрамісу – зняцце санкцыяў ЕЗ на грузавыя перавозы паміж Калінінградам і астатняй тэрыторыяй Расеі. Падставай можа стаць тое, што транзіт тавараў не будзе лічыцца міжнародным гандлем, паколькі Калінінград – частка РФ.

ЕЗ можа пайсці на саступкі пры ўмове, што прывезеныя тавары будуць выкарыстоўвацца выключна на тэрыторыі рэгіёну і не будуць экспартавацца праз Калінінградскі порт. Адмыслоўцы мяркуюць, што дадзены варыянт можа паставіць Літву ў надзвычай нявыгаднае становішча.

Другі варыянт для зняцця напружання – гуманітарныя падставы для дазволу на транзіт грузаў.

Адзін з суразмоўцаў агенцтва заявіў, што ў ЕЗ баяцца расейскай агрэсіі на балтыйскія краіны. Калі традыцыйны транзітны маршрут праз Беларусь і Літву не будзе адноўлены, Масква можа выкарыстаць вайсковую сілу, каб пракласці сухапутны калідор да Калінінградскай вобласці.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: RealnaiaBelarus / Telegram

Агенцтва «Reuters» адзначае, што рашэнне можа быць прынятае на наступным тыдні, калі ў спіс санкцыйных тавараў трапяць цэмент і алкаголь. Цяпер дзейнічаюць абмежаванні на транзіт праз краіны ЕЗ у Калінінград жалеза, сталі і металаў.

Неўзабаве Еўракамісія падасць разгорнутыя тлумачэнні аб парадку выканання санкцыяў у дачыненні Расеі ў кантэксце транспартавых зносінаў з Калінінградам.

Нагадаем, што пасля таго, як Літва і Польшча прынялі рашэнне прыпыніць транзіт грузаў на тэрыторыю Калінінградскай вобласці, Крэмль неаднаразова кідаў пагрозы на адрас гэтых краін. Улады РФ шмат разоў адзначалі, што справа можа дайсці да вайсковага ўварвання, у выпадку калі Літва не пачне пускаць грузы ў Расею. Літоўскі ўрад, у сваю чаргу, адзначыў, што не збіраецца ісці на саступкі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў