«Няма каму абслугоўваць». Чаму страйкуюць і адмяняюць рэйсы ў аэрапортах Еўропы


У аэрапортах Еўропы і ЗША пануе хаос: шматлікія спазненні і адмены авіярэйсаў, даўжэзныя чэргі пасажыраў. У чым прычына? З аднаго боку – дэфіцыт спецыялістаў, з другога – пратэст тых, хто застаўся працаваць у галіне і ўзваліў на свае плечы ўвесь цяжар сезону адпачынкаў. Усё разам – наступствы «эпохі пандэміі». Але ніякія тлумачэнні не здымаюць нервовасці і трывогі ў звычайных пасажыраў.

Чэргі ў аэрапорце ў Глазга.
Фота: bbc.com

Даляцець да Парыжу

Беларуска Валянціна мелася ляцець у Парыж з варшаўскага аэрапорту Шапэна раніцай 28 чэрвеня вугорскім лоўкостэрам «Wizz Air». Білет на рэйс купляла загадзя – амаль за два месяцы. Пра тое, што рэйс на Парыж адмяняецца, даведалася толькі ў аэрапорце – ужо пасля рэгістрацыі.

«Спачатку прыйшлі СМС ад авіякампаніі. Пры гэтым на табло яшчэ высвечвалася інфармацыя, што рэйс павінен адбыцца. Людзі пачалі нервавацца…» – расказвае Валянціна.

Вялікія чэргі і пасажыры ў стрэсе – цяпер звычайная карціна для многіх еўрапейскіх аэрапортаў. Са словаў Валянціны, адмену рэйсу ў Парыж патлумачылі тым, што яго проста «няма каму абслугоўваць». З якога боку – не ўдакладнілі. Але паводле афіцыйнай інфармацыі, самалёт з Варшавы адмовіўся прымаць парыжскі аэрапорт «Арлі».

Як піша ірландскае выданне «Independent», спасылаючыся на аператараў «Groupe ADP» і «CDG Alliance», французскім аэрапортам «Арлі» і «Шарль дэ Голь» бракуе агулам каля 4000 супрацоўнікаў – адмыслоўцаў у сферы бяспекі і тэхнічнага абслугоўвання рэйсаў. Недахоп працаўнікоў звязаны з маштабнымі звальненнямі падчас пандэміі каронавіруса.

Гэтак, галіна авіяперавозаў у Францыі згубіла за два гады пандэміі каля 20 тысяч працаўнікоў. І гэтага прабелу пакуль не запоўніла. 9 чэрвеня працаўнікі аэрапорту «Шарль дэ Голь» ужо абвяшчалі страйк, патрабуючы падвышэння заробкаў на 300 еўраў. Наступства той забастоўкі – 25 адмененых рэйсаў. Страйкаваць збіраліся і ў «Арлі».

«Страйк стагоддзя»

Хваля забастовак у сферы авіяперавозаў накрыла амаль усю Еўропу. Прадстаўнікі буйных авіякампаніяў кажуць пра «страйк стагоддзя».

Ці не першай удар прыняла ірландская авіякампанія «Ryanair», якая ў мінулыя выходныя адмяніла 180 рэйсаў праз страйк працаўнікоў, які прайшоў 24–26 чэрвеня. Лік пасажыраў, якія мелі ў гэтыя дні вялікія клопаты з вылетам, сягае 21 тысячы. І на гэтым справа не закончылася. Працаўнікі абяцаюць паўторную забастоўку на пачатку ліпеня – будуць страйкаваць у тым ліку ў Італіі, Іспаніі, Францыі.

Лоўкостэры найхутчэй кампенсоўваюць кліентам страты за адмененыя рэйсы. Ілюстрацыйны здымак Pixabay

23 чэрвеня трохдзённы страйк абвяшчалі таксама пілоты і борт-персанал двух бельгійскіх аэрапортаў – «Завэнтэм» і «Шарлеруа», што прывяло да адмены 60 % запланаваных рэйсаў.

Да пратэстаў ужо гатовыя працаўнікі «Air France» і «British Airways», якія не згодныя з узроўнем сваіх заробкаў, зніжаных падчас пандэміі. Чакаецца, што 240 рэйсаў адменіць у ліпені і верасні кампанія «Transavia», якая належыць «KLM» i «Air France».

Што датычыць Варшавы, то 29 чэрвеня ўлады паведамілі пра заканчэнне спрэчкі з кантралёрамі авіярэйсаў, якія пратэставалі з 2021 года, патрабуючы падвышэння заробкаў і лягчэйшага рэжыму працы. Абяцаюць, што «польскае неба не будзе паралізаванае».

З праблемамі дэфіцыту кадраў б’юцца і амерыканцы. Больш за 800 рэйсаў было адменена ў ЗША толькі ў мінулыя выходныя, зафіксавана каля 7000 затрыманняў рэйсаў. За час пандэміі ЗША страціла 50 тысяч працаўнікоў у сферы авіяперавозаў. Цяпер авіякампаніі спрабуюць актывізаваць найм, прапаноўваючы часам вельмі «смачныя» бонусы – да 10 000 долараў.

«З кожным днём – усё цяжэй»

Дырэктар адной з турыстычных фірмаў у Беларусі распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці, што ў амерыканскія кампаніі зараз спрабуюць уладкавацца ў тым ліку спецыялісты з Беларусі, Украіны і Расеі.

«У расейскіх авіякампаніях велізарныя скарачэнні, ва Украіне, зразумела, таксама. Наколькі ведаю, «Белавія» пілотаў асабліва не звальняла, хоць самалёты стаяць на прыколе, але скарацілі сцюардэс», – кажа эксперт.

Паводле ягоных назіранняў, на гэтым тыдні было шмат адменаў рэйсаў на Барсэлону, дзе таксама страйкуюць.

А вось праблемы з Парыжам зазнавалі толькі тыя ягоныя кліенты-беларусы, хто ляцеў у Мексіку з перасадкай у Францыі. Наш суразмоўца кажа, што французы адмаўляліся рэгістраваць на рэйс беларусаў з польскай працоўнай візай D. Зазначае таксама, што дастаткова шмат адменаў было праз палётную праграму – у тых жа турэцкіх перавознікаў пры перасадках у Польшчы, Венгрыі, Славаччыне.

«Але скажам так: усё адно ўсе лятаюць», – кажа адмысловец.

У сітуацыі хаосу, які запанаваў у сферы авіяперавозаў, наш эксперт раіць усё-такі не адкладаць запланаваных паездак.

«Усім сваім кліентам раю ляцець зараз. Чаму? Таму што з кожным днём становіцца ўсё цяжэй. А ўвосень можа здарыцца так, што з Беларусі ці Расеі наагул нікуды не паляціш, таму што самалёты праз санкцыі могуць стаць зусім на прыкол… А што датычыць вылетаў з Еўропы, то я беларусам, якія цяпер за мяжой, нават троху зайздрошчу, бо ў іх увогуле ёсць нейкая магчымасць лятаць…» – кажа суразмоўца «Белсату».

«Маральна падрыхтавацца»

Эксперт сцвярджае, што беларусы актыўна набываюць туры з вылетам з аэрапортаў Вільні ці Варшавы. Бо і цэны таннейшыя, і час палёту меншы: у Егіпет з Менску ляцець 9 гадзінаў, з Варшавы – 4,5.

«А страйкі і затрымкі – гэтага пазбегчы немагчыма. І таму я раю найперш проста загадзя да гэтага маральна рыхтавацца, быць гатовым да рознага кшталту клопатаў. Плюс – сачыць за інфармацыяй у навінах і на сайтах кампаніяў, бо страйкі заўсёды шырока асвятляюцца», – кажа эксперт.

Сітуацыю з адменай у апошні момант рэйсу кампаніі «Wizz Air» у Парыж з Варшавы расцэньвае як неардынарную, бо ягоных кліентаў вугорская кампанія ніколі не падводзіла і ў выпадках адмены рэйсу паведамляла пра гэта за дзень ці два да палёту.

«Калі ўжо пасля рэгістрацыі – то гэта праз страйк у Парыжы. Але што з гэтым зробіш? Страйкуюць усе…» – гаворыць наш суразмоўца.

Беларуска Валянціна, якая не трапіла 28 чэрвеня ў Парыж праз адмену рэйсу, перааформіла свой білет на чацвярговы рэйс 30 чэрвеня той жа «Wizz Air», хоць кампанія прапаноўвала вярнуць грошы за білет і дадаць 20 % кампенсацыі. Але ці сядзе яна на борт да Парыжу ў чацвер – гэтага ёй ніхто не гарантаваў.

Самалёт авіякампаніі «Wizz Air».
Фота: wikimedia.org

Страйкуюць ці збіраюцца страйкаваць у канцы чэрвеня – на пачатку ліпеня працаўнікі «Ryanair», «British Airways», «Air France», «Lufthansa», «Easyjet» ды іншых авіякампаніяў ва ўсім свеце. Сочым за інфармацыяй.

Аналітыка
Чым скончыцца ядравы шантаж на фоне калінінградскага крызісу?
2022.06.28 19:40

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў