«Ні ў гэтым, ні ў наступным годзе не плануем». Літва адмовіла Менску ў аднаўленні цягніка да Вільні


Выданне «Delfi» паведамляе, што Менск выказаў жаданне аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны з Вільняй, спыненыя два гады таму. Літоўская чыгунка адзначае, што ні ў гэтым, ні ў наступным годзе такіх планаў не мае.

Чыгуначны вакзал. 22 красавіка 2021. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Белсат

З пачатку пандэміі COVID-19 у 2020 годзе паміж Вільняй і Менскам было спыненае пасажырскае чыгуначнае спалучэнне. Прадстаўнік літоўскай кампаніі LTG Катрына Дзікарайце (Kotryna Dzikaraitė) паведаміла, што ў Літоўскую чыгунку паступіў запыт ад Беларускай чыгункі наконт магчымага аднаўлення маршруту Менск – Вільня.

«З улікам усіх абставінаў у нашыя планы на 2023 год не ўваходзіць спалучэнне паміж сталіцамі Літвы і Беларусі», – адзначыла Катрына Дзікарайце.

У Літоўскай чыгунцы адзначылі, што гадавыя графікі міжнародных зносінаў на прасторах, дзе выкарыстоўваюць расейскі фармат каляіны, разглядаюць адзін раз на год. Рашэнне прымаюць да сярэдзіны года і яно набывае сілу ў снежні.

Менск ужо прыкладаў намаганні, каб аднавіць пасажырскія рэйсы ў Латвію і Польшчу. Міжнародныя рэйсы на гэтых кірунках былі спыненыя ў сакавіку 2020 года праз пандэмію.

Нагадаем, што да пандэміі на Літву, Латвію і Польшчу прыпадала каля пятай часткі міжнародных пасажырскіх чыгуначных перавозаў з Беларусі. Нягледзячы на адсутнасць чыгуначнага спалучэння, у Польшчу, Літву і Латвію засталіся аўтобусныя рэйсы.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў