Лукашэнка сустрэўся з Лаўровым і заявіў, што здолее аднавіць транзіт у Калінінград без «сілавога варыянту»


Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Менску з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым. Лаўроў заявіў, што Захад пачаў разумець, быццам без Расеі і Беларусі немагчыма ўявіць бяспеку ў рэгіёне. Лукашэнка паўтарыў ранейшыя словы, што абмежаванне транзіту ў Калінінградскую вобласць раўназначнае абвяшчэнню вайны, паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

«Ужо абвясцілі эканамічную вайну. Што такое транзіт закрыць? І ўсе крычаць пра нейкі Сувалкаўскі калідор. Слухайце, мы з вамі пра гэта не кажам, а яны крычаць. Яны што, намякаюць?» – сказаў на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка зноў згадаў аб патрэбе размясціць ядравую зброю і «люстэркавым адказе» на палёты NATO каля межаў Беларусі.

Далей у размове з Сяргеем Лаўровым Лукашэнка адхіліў сілавы варыянт развязання разблакаванага транзіту ў Калінінградскую вобласць. Паводле яго, у дзвюх краінаў дастаткова сілаў, каб даставіць грузы ў Калінінград.

«Без усялякіх войнаў і высілкаў. Мы з Пуціным вельмі сур’ёзна абмяркоўвалі гэтыя пытанні», – дадаў ён.

Лаўроў у сваю чаргу распавёў Лукашэнку, што маўляў у Еўропе зʼяўляецца ўсё больш «разважных людзей».

«Там цяпер усё больш і больш зʼяўляецца разважных людзей, якія ўжо пачынаюць думаць: а што далей? Калі скончыцца гэтая сітуацыя, што далей? Трэба ж думаць пра агульнаеўрапейскую супрацу. Я не ведаю, пра якую супрацу ідзе гаворка. У цяперашніх умовах цяжка сабе ўявіць. Але тое, што выбудоўваць бяспеку без нас з вамі немагчыма ў Еўропе, – гэта факт, і вось гэта шмат хто пачынае разумець», – сказаў ён.

Нагадаем, што днямі ў медыях пачала з’яўляцца інфармацыя пра магчымае ўварванне расейскіх войскаў на тэрыторыю Літвы. У прыватнасці гаворка ішла пра Сувалкаўскі калідор, размешчаны паміж тэрыторыямі Беларусі і Калінінградскай вобласці. Ён злучае краіны Балтыі з іншымі краінамі ЕЗ.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў