Крэмль не хоча абмежавацца кантролем над Данбасам


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны і Нацыянальная выведка ЗША выказалі прагнозы адносна бягучых мэтаў Расеі ў вайне ва Украіне. Абедзве ўстановы адзначаюць, што Крэмль не жадае задаволіць свае апетыты выключна Данбасам і мае большыя амбіцыі.

Сітуацыя на Данбасе паводле Інстытуту вывучэння вайны.
Фота: understandingwar.org

Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што расейцы працягваюць наступальныя аперацыі на поўнач ад Харкава – гэта паказвае на тое, што Крэмль мае амбіцыі ў дачыненні большых тэрыторыяў за Данеччыну і Луганшчыну. Даследніцкі цэнтр паведамляе, што Масква будзе надалей нарошчваць жывую сілу і тэхніку для наступу на найважнейшых кірунках уварвання.

Адзначаецца, што расейцы працягваюць наступ да Лісічанску і дасягнулі нязначных поспехаў на ўсход ад Бахмуту. Таксама працягваюцца наступальныя дзеянні на Славянск.

У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Гэйнз заявіла, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін не адмовіўся ад планаў захапіць большую частку тэрыторыі Украіны ваенным шляхам.

«Мы лічым, што палітычныя мэты Пуціна не змяніліся. Гэта азначае, што ён хоча захапіць большую частку Украіны», – паведаміла Гэйнз падчас прэс-канферэнцыі Міністэрства гандлю ЗША.

Паводле яе, амерыканская выведка распрацавала тры магчымыя сцэнары далейшага развіцця вайны Расеі ва Украіне ў кароткатэрміновай перспектыве. Найбольш верагодным яна лічыць сцэнар працяглага канфлікту, пры якім заваёвы РФ будуць нязначныя.

Іншыя сцэнары – маштабны прарыў Расеі або паспяховая стабілізацыя лініі фронту ўкраінскімі сіламі з магчымымі, але нязначнымі поспехамі ў ваколіцах Херсону і іншых паселішчаў поўдня Украіны.

«Калі сцісла, то сітуацыя насамрэч выглядае даволі змрочна», – падсумавала дырэктарка Нацыянальнай выведкі ЗША.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў