Ідэальны шторм. Як змянілася Беларусь і беларусы з пачатку вайны


Сёння Беларусь зазнае самы турбулентны і важны перыяд сваёй незалежнай гісторыі. Вайна ва Украіне, якая задасць траекторыю развіцця краіны на дзесяцігоддзі наперад, распачаты ў 2020 годзе палітычны крызіс і зацяжныя масавыя рэпрэсіі, беспрэцэдэнтныя санкцыі і міжнародная ізаляцыя – усё гэта злілося ў ідэальны шторм, які паглыбляе раскол у грамадстве і разам з тым паказвае цікавыя ды нават нечаканыя тэндэнцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Людзі ідуць ўздоўж прашпекта Незалежнасці. Менск, Беларусь. 24 траўня 2022 года.

Пра гэта гутарылі на прэзентацыі праекту «Беларускі трэкер пераменаў», які будзе штоквартальна аналізаваць трэнды развіцця беларускага грамадства ў розных сферах. З такою мэтаю аб’ядналіся шасцёра беларускіх экспертаў: заснавальнік агенцтва «Sense Analytics» Арцём Шрайбман, акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова, старэйшы навуковы працаўнік BEROC Леў Львоўскі, аналітык Еўрапейскай рады міжнародных дачыненняў Павел Слюнькін, незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў і старэйшы аналітык Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў.

У аснове дакладу – штоквартальнае сацыяльнае апытанне, якое дазваляе фіксаваць змены грамадскай думкі ў розных сегментах беларускага грамадства.

Распавядаем пра самае цікавае.

Замежная палітыка: небяспека страты суверэнітэту Беларусі

Глыбіня залежнасці ад Расеі, у якую паставілі сябе ўлады Беларусі, не дазволіла ёй выкарыстоўваць палітычнага крызісу ў Беларусі для палітычнага балансавання і падлашчвання да Захаду. Беларусь апынулася ў зусім новай ваенна-палітычнай рэальнасці, дзе ранейшыя мадэлі замежнапалітычных паводзінаў, якія былі эфектыўнымі, сталіся нерэлевантныя. Гэта стала відавочным асабліва цяпер, у 2022 годзе.

Раней улады Беларусі ў сваім дыялогу з Захадам выкарыстоўвалі дзве групы аргументаў, якія дэманстравалі цікаўнасць рэжыму да развіцця адносінаў і дыялогу.

Першы. Праактыўныя крокі, якія чакае ЕЗ. Напрыклад, вызваленне палітычных вязняў, змякчэнне рэпрэсіяў, лібералізацыя заканадаўства, змяншэнне залежнасці ад Расеі, развіццё еўрапейскіх ініцыятываў, напрыклад, «Усходняе партнёрства», і гэтак далей.

Другое. Адмовіцца ад крокаў, якія маглі б дэструктыўна паўплываць на развіццё адносінаў. То бок захоўваць пазітыўны статус-кво. Напрыклад, не прызнаваць анексіі Крыму, незалежнасці Паўднёвай Асеціі, Абхазіі, адмовіцца размяшчаць расейскія вайсковыя базы ў Беларусі.

Цяпер жа пазітыўны парадак дня скараціўся да аргументаў толькі другога блоку. Улады Беларусі спрабавалі выкарыстоўваць аргументы з першай часткі: «прадаваць» Захаду раўнды перамоваў Украіны і Расеі, міратворчую рыторыку, але на Захадзе гэта ўжо не пакупаюць. Пры гэтым улады Беларусі не гатовыя ісці на ўнутрыпалітычныя крокі, якія б паказалі іхнае жаданне ўзнавіць прадуктыўны дыялог. У такіх умовах уладам Беларусі не застаецца нічога іншага, як толькі шантажаваць: пагражаць заходнім краінам яшчэ больш ускладніць сітуацыю з рэгіянальнаю бяспекаю. Напрыклад, размясціць расейскую зброю на сваёй тэрыторыі, у тым ліку ядравую. Сам жа рэжым Лукашэнкі не гатовы да эскалацыі, бо яна нясе негатыўныя наступствы для яго самога.

Унутры Беларусі яшчэ больш закручваюць гайкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Саміт АДКБ у Маскве, Расея. 16 траўня 2022 года.
Фота: president.gov.by

Заходнія санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі, шматкроць пераўзышлі аб’ёмы таго, што мы бачылі да вайны. Аднак рэкордны санкцыйны ціск, міжнародная ізаляцыя на гэты момант не вымусілі Лукашэнку знізіць градус рэпрэсіяў і спыніць выкарыстанне гібрыдных формаў ціску на ЕЗ. Лукашэнка робіць стаўку на падтрыманне Масквою, не грэбуючы пагандляваць беларускім суверэнітэтам. З пачаткам вайны ва Уладзіміра Макея адбыліся толькі дзве тэлефонныя размовы з калегамі з В’етнаму і Пакістану. Вось і ўсе поспехі ўладаў Беларусі ў гэтым кірунку.

Фокус міжнароднай увагі змясціўся на Украіну. Вайна ўзмацніла ролю Лукашэнкі як адзінага палітыка, які вырашае нешта ў Беларусі, і дадае аргументаў еўрапейскім прыхільнікам рэальпалітык – праз зрослыя рызыкі для бяспекі ў рэгіёне.

Офіс Святланы Ціханоўскай быў вымушаны з пачаткам вайны факусавацца на развязанні гуманітарных і консульскіх праблемаў беларусаў, выступаць адвакатам перад заходнімі палітыкамі. Дзякуючы намаганням беларускіх дэмакратычных сілаў удалося змякчыць наступствы вайны для беларускіх грамадзянаў, якія цяпер у Еўропе. Напрыклад, некаторыя краіны адмовіліся ад сваіх планаў спыніць выдачу візаў і часовых відаў на жыхарства беларусам.

Унутраная палітыка: вайна зламала трэнд дэпалітызацыі беларусаў

Рэферэндум у канцы зімы так і не зламаў ранейшага ўстойлівага трэнду на дэпалітызацыю беларускага грамадства. Гэтаму паспрыялі жорсткія рэпрэсіі, масавая апатыя і нявера ў тое, што рэферэндум можа нешта змяніць. Паводле вынікаў даследаванняў, гэты рэферэндум не адбыўся: на яго прыйшло крыху больш за палову беларусаў, аднак, згодна з беларускім заканадаўствам, ні адзін варыянт не набраў паловы ад усіх галасоў выбарнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У дзень так званага «рэферэндуму» дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. Па стане на 28 лютага, праваабаронцам вядомыя імёны 770 затрыманых. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Трэнд дэпалітызацыі зламала вайна. Гэта выявілася ў выбуху пратэстаў у першыя дні вайны, а таксама партызанскай актывізацыі беларусаў. Такім чынам, пратэставы патэнцыял у беларускім грамадстве застаецца, аднак паўстае пытанне трыгеру, які прывядзе гэты патэнцыял у актыўны стан.

Зломам трэнду скарысталіся дэмакратычныя сілы. Святлана Ціханоўская аб’явіла пра стварэнне свайго кабінету, новай ролі нацыянальнага лідара, заклікала пратэставаць і перашкаджаць расейскім вайскоўцам на тэрыторыі Беларусі. Ініцыятыва «ByPol» перайшла да адкрытых акцыяў прамога дзеяння – каардынацыі партызанскага руху, сабатажу на чыгунцы. Мабілізацыйныя заклікі рэалізаваліся і сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі.

Прадказальна на хвалю мабілізацыі грамадства рэжым адказаў жорсткімі рэпрэсіямі. Гэта заўважна і паводле колькасці арыштаў ды штрафаў, якія фіксавалі праваабаронцы цягам сакавіка. Усе гэтыя працэсы суправаджаюцца катаваннямі за кратамі і дэманстратыўным гвалтам. Гаворка пра прастрэленыя ногі рэйкавых партызанаў. Таксама ў Беларусі прынялі закон аб «замаху на тэрарызм», пад які можна падвесці шырокі спектр дзейнасці актывістаў.

Замежная эканоміка: крах эканамічных стасункаў з Захадам, праблемы з Расеяй і страта Украіны

Галоўны трэнд – практычна поўны разрыў эканамічных стасункаў з Захадам праз вайну ва Украіне. Пад Захадам разумеюцца ЕЗ, ЗША і такія краіны, як Японія ды Тайвань, якія таксама ўводзілі санкцыі супраць Беларусі. Санкцыі, якія былі ўведзеныя і ўступілі ў моц за апошнія некалькі месяцаў, у корані адрозніваюцца ад таго, што мы бачылі раней. Раней гэта былі санкцыі з наўмысна адкладзеным дзеяннем, выключэннямі, якія, хутчэй, папярэджваюць стрэлы. Цяпер гэта агонь на паражэнне: санкцыі пакрываюць асноўныя экспартныя тавары Беларусі (70 %), мы страцілі свой калійны экспарт і шмат губляем як транзітная краіна. Для Беларусі гэта вялікі ўдар.

Акрамя гандлёвых, варта адзначыць і фінансавыя санкцыі, якія ўскладняюць любыя замежнаэканамічныя стасункі з іншымі краінамі: Індыя папросту не можа з намі разлічыцца, бо грошы блакуюцца банкамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пагрузка драўніны ў Астраханскім марскім гандлёвым порце. Вобласць пачала пастаўкі грузаў з Расеі ў паўднёва-ўсходнюю Азію, а таксама перавалку буйных партый тавараў з Беларусі ў партах рэгіёну. 2 чэрвеня 2022 года.
Фота: Dmitry Dadonkin / TASS / Forum

Адыгрывае сваю ролю і цяперашняя таксічнасць Беларусі. Гэта добра бачна на ад’ездзе IT-спецыялістаў: іхны масавы ад’езд пасля пачатку вайны перавысіў хвалю ад’ездаў пасля 2020 года.

Беларусь таксама страціла аднаго з самых галоўных партнёраў – Украіну, найперш праз разрыў лагістычных ланцужкоў. Патэнцыйна захоўваецца магчымасць аднавіць гандлёвыя стасункі ў будучыні, але пытанне – наколькі гэта будзе палітычна прымальным для Украіны, якая цяпер знаходзіць сабе альтэрнатывы.

А што з Расеяй? Раней менавіта яна была гарантам стабільнасці рэжыму Лукашэнкі, але цяпер Расея сама ў цяжкім эканамічным становішчы. Пакуль яна яшчэ можа неяк падтрымліваць Беларусь, але эксперты бачаць яе скарачэнне. Крокі Масквы насустрач недастатковыя, каб скампенсаваць страту рынкаў ЕЗ і Украіны.

Такім чынам, агулам у красавіку экспарт Беларусі скараціўся на 40 %, што ў грошах крыху кампенсуецца вялізным ростам коштаў. Нават экспарт у Расею скараціўся на 9 %. Экспарт у іншыя краіны СНД скараціўся на 81 % за кошт страты гандлю з Украінай. Экспарт у краіны ЕЗ і краіны дальняй дугі скараціўся на 55 %.

Унутраная эканоміка: беларусы працягнуць бяднець

Тут можна вылучыць чатыры глабальныя трэнды, якія ўзмацніліся з пачаткам вайны.

Першы: падзенне ВУП, устойлівае і нарастальнае ўжо чатыры месяцы.

З пачаткам палітычнага крызісу на Беларусь пачалі накладаць санкцыі, але яны былі адтэрмінаванага характару. Плюс Беларусі пашанцавала з сусветнаю кан’юнктураю, таму ВУП нейкі час працягваў расці. З пачаткам вайны эксперты бачаць новы трэнд: калі ў лютым беларуская эканоміка скарацілася на 0,4 %, то ў сакавіку ўжо на 3,3 %, у красавіку – на 6,5 %, у траўні, паводле папярэдніх звестак, – на 8,8–9 %. Падаюць практычна ўсе сферы эканомікі, акрамя IT. Аднак рост IT нельга лічыць доўгатэрміновым трэндам праз цяперашні масавы ад’езд праграмістаў і рэлакацыю бізнесаў.

Намінальныя даходы беларусаў стагнуюць і злёгку растуць. Пры гэтым рэальныя даходы пачалі падаць праз рост інфляцыі, якая перавысіла ўжо 17 % гадавых пры мэтавым паказніку Нацыянальнага банку – 5 %, то бок больш як утрая.

Паводле прагнозаў, у перспектыве Беларусь у эканамічным развіцці адкоціцца на 10 гадоў назад, і «столь» эканамічнага росту будзе такою, што яна не зможа ўжо ніколі дагнаць у эканамічным плане суседніх краінаў. Беларусы працягнуць бяднець, працягнецца адток капіталаў, талентаў і гэтак далей.

Другі трэнд – хаванне рэальнага стану рэчаў, маляванне карцінкі «ўсё добра».

Такі трэнд і раней быў у Беларусі, аднак з пачаткам вайны перарадзіўся і стаў больш аб’ёмным. Ён зыходзіць з канцэпцыі кіравання эканамічнымі чаканнямі: нават на фоне аб’ектыўна негатыўных з’яваў у эканоміцы можна ствараць спрыяльныя чаканні эканамічных агентаў. Дзяржаўныя службоўцы знаходзяць хоць нешта пазітыўнае і падкрэсліваюць толькі гэта, а праблемы проста ігнаруюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяўчыны на летняй церасе аднаго з кафэ на вуліцы Камсамольскай. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2022 года.

Трэці трэнд – адзяржаўленне: не новы, але акрыяў з новаю сілаю.

Гэта звыклая рэакцыя дзяржавы на любы крызіс, асабліва яскрава яна пачала развівацца з 2020 года. Эксперты бачаць яшчэ больш крокаў у гэтым кірунку. Гэта і спробы дзяржавы жорстка кантраляваць кошты, якія, як бачым, не здольныя перамагчы інфляцыі. З новага – больш жорсткая рэгуляцыя ды атака на банкаўскую сферу. Раптам у некалькі разоў вырасла колькасць «некваліфікаваных» банкіраў і менеджараў банкаўскай сферы.

Чацвёрты, новы трэнд – ачаговая лібералізацыя.

Пры ўсім кантролі і жорсткасці людзі ў эканоміцы падчас крызісу разлічваюць на нейкую лібералізацыю. У пачатку вайны гучалі розныя просьбы пра дапамогу з боку бізнесу ў Беларусі. Напрыклад, Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў распрацаваў вялікі дакумент з прапановамі захадаў, якія маглі б дапамагчы бізнесу. Большасць гэтых прапановаў не былі прынятыя ўрадам. Міністр фінансаў сказаў, што дзяржаўныя грошы патрэбныя на новую пасяўную, а не на дапамогу бізнесу. Але некаторыя крокі ўсё ж былі прынятыя. Напрыклад, пяціразова павысілі ліміт на бязмытны ўвоз тавараў у Беларусь, адмянілі забарону на выезд з краіны і прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі, нават распрацавалі пакет захадаў для стабілізацыі эканомікі.

Як змяніліся беларусы ў Беларусі: рост даверу да ўладаў, паглыбленне расколу грамадства

Сярод гарадскога насельніцтва Беларусі праводзілі онлайн-апытанне ў кастрычніку 2021 года і ў траўні 2022-га. Выбарка – больш за тысячу чалавек. Параўноўваючы вынікі, эксперты прыйшлі да цікавых высноваў.

Беларускае грамадства паводле ступені даверу і недаверу да ўлады падзялілі ўмоўна на 4 групы: зацятыя прыхільнікі ўлады, схільныя давяраць уладзе, схільныя не давяраць уладзе, зацятыя праціўнікі ўлады. За 7 месяцаў, якія прайшлі паміж апытаннямі, доля рэспандэнтаў, якія ў той ці іншай ступені давяраюць уладзе (зацятыя прыхільнікі ўлады і схільныя давяраць уладзе), павялічылася на 10 % і склала амаль палову.

Ацэнкі становішча ўласнай сямʼі ў апытаных за 7 месяцаў пагоршыліся, а ўсе астатнія ацэнкі палепшыліся.

Такі нечаканы зрух адбыўся пераважна за кошт палітычнай «сярэдзіны», нейтральных (ці «электаральнай багны»). Галоўным фактарам сталася вайна і далейшыя цьмяныя перспектывы Беларусі ў ёй. Грамадства баіцца быць уцягнутым у вайну, таму міратворчая рыторыка Лукашэнкі пра тое, што Беларусь усяляк гэтаму супрацьстаіць, знаходзіць сваю аўдыторыю. Рэжым стварае вобраз жахлівай будучыні Беларусі, калі краіна будзе ўцягнутая ў вайну, і гэта пераважае над пагаршэннем матэрыяльнага становішча. Маўляў, усё магло б быць нашмат горш. Рыторыка Лукашэнкі трапляе на спрыяльную глебу страхаў беларусаў. Людзі яднаюцца вакол ідэі, што трэба рабіць што заўгодна, толькі б пазбегнуць уцягвання ў вайну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з работнікамі ААТ« Белшына» у Бабруйску, Беларусь. 17 чэрвеня 2022 года.
Фота: president.gov.by

Варта дакладна разумець і падкрэсліць: рост падтрымкі беларускага рэжыму не звязаны з падтрыманнем Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны і надання беларускай тэрыторыі для абстрэлаў суседкі. Гэты рост звязаны са страхам беларусаў паўнавартасна быць уцягнутымі ў вайну. Людзі не да канца разумеюць, што насамрэч Беларусь у вайну ўжо ўступіла і прызнаная суагрэсарам.

Трэндам 2021 года было павелічэнне долі нейтралаў і змяншэнне долі асобаў з радыкальнымі поглядамі. Гэта зразумела: адыгралі сваю ролю стомленасць, расчараванне, рэпрэсіі. Але вайна ва Украіне змяніла сітуацыю. Ядро пратэстаў такім жа і засталося, ядро падтрымання рэжыму як было на ўзроўні 15–20 %, такім яно і застаецца. Змяняецца лік нейтралаў, якія вельмі пластычныя ў сваіх перакананнях.

Разам з тым, рост даверу да ўладаў коштам нейтралаў вельмі хісткі: сітуацыйныя прыхільнікі рэжыму ў адзін момант могуць стацца яго праціўнікамі, усё залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя з вайною. Нейтралы вельмі адчувальныя да матэрыяльных зменаў.

Згодна даследаванню, Лукашэнку так і не ўдалося перацягнуць на свой бок большасці беларусаў, якія негатыўна ацэньваюць агульную сітуацыю ў краіне ды ягоную ролю ў ёй.

Яшчэ адзін новы трэнд, які заўважылі эксперты, – паглыбленне палярызацыі ды радыкалізацыя «краёў» палітычнага спектру, якія дасягаюць небяспечнага пункту нецярпімасці адно да аднаго нават на мяжы пераходу да фізічнага гвалту. Сітуацыя бачыцца выбухованебяспечнаю.

Саша Гоман, belsat.eu

 

 

 

Стужка навінаў