«Гэта пра бар, а не пра Беларусь». Менчукі адкрываюць трэці шынок за мяжой


Бармены Александр Качан и Глеб Ковалев в Варшаве
Аляксандар Качан і Глеб Кавалёў перад барам «Карма» ў Варшаве, Польшча. 3 чэрвеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

27 чэрвеня ў Гданьску адбылося перададкрыццё бара «Карма», заснаванага Глебам Кавалёвым і Аляксандрам Качаном. Трапіць у шынок, які функцыянуе таксама як мастацкая галерэя, пакуль можна толькі паводле папярэдняга запісу. Чаму мы пра гэта пішам? Па-першае, Кавалёў і Качан – заснавальнікі аднайменнага бара ў Мінску, непадобнага ні на які іншы ў Беларусі. Па-другое, менш, чым за год яны адкрываюць ужо трэцяе месца за мяжой – пасля Кіева і Варшавы. Па-трэцяе, яны не збіраюцца спыняцца і кажуць, што думаюць пра Берлін. Каб разабрацца ў феномене бару, мы папрасілі яго стваральнікаў распавесці ўсю гісторыю «Кармы», якая пачалася з вялікай вечарыны, а пасля 2020 года сталася міжнароднай сеткаю.

Хроніка «Кармы» распачалася каля васьмі гадоў таму – са знаёмства Глеба Кавалёва і Аляксандра Качана, якія працавалі ў менскай кавярні «Boulevard». Хлопцы пасябравалі, знялі разам кватэру і аднойчы вырашылі зрабіць вечарыну ў гонар Дня нараджэння Глеба. Людзей запрасілі шмат. Ды настолькі, што набыць піва на ўсіх хлопцы не здолелі. Было вырашана прапанаваць гасцям паўдзельнічаць у набыцці напояў, а пазней з’явілася ідэя проста прадаваць алкаголь па сабекошце проста падчас імпрэзы. Рабіць гэта ўдома было б незаконна: для гандлю быў патрэбны бар. Так нарадзілася канцэпцыя продажу дрынкаў паводде мінімальнага кошту.

«Замаўляючы джын-тонік у бары, наведнік плоціць за порцыю джыну і бутэльку тоніка, хоць яму наліваюць толькі палову. Іншую палову наліваюць у кактэйль наступнага чалавека, які таксама плоціць за ўсю бутэльку. Калі да бармэна прыходзіць сябар, яму лічаць толькі джын, а тонік наліваюць з бутэлькі, якую аплаціў папярэдні чалавек. Мы думалі, як зрабіць так, каб людзі плацілі быццам яны ўсе – нашыя сябры», – кажа Аляксандр.

«У Вадзіма Пракоп’ева атрымалася, у іншых было нячула»

Калі, нарэшце, вечарыну ўдалося правесці ў адным з гасцінных менскіх бараў, задаволенымі былі ўсе: і госці, і імяніннік, і месца, якое іх прытуліла. Схема працавала. Сябры, натхнёныя досведам, вырашылі пратэсціць «сумленныя» кошты ў іншых кропках серыяй вечарын «Карма», сутнасцю якіх стаў «нізкі» сэрвіс – зносіны з гасцямі бара без абслугоўвання.

«Так ці інакш гэта быў сэрвіс. Ён заключаўся ў тым, што мы ведаем людзей асабіста, ведаем як іх клічуць альбо робім выгляд, што ведаем, – тлумачыць Аляксандр. – Мы доўга прапрацавалі ў сэрвісе «высокім», дзе кажаш «Добры вечар», на «вы», сочыш, каб нават кропелька напою не ўпала на абшэвак. Мы з калегам за барам абмяркоўвалі вільготнасць паветра і тое, як яна ўплывае на змешванне сухога марціні. Калі прыйшлі да ідэі свайго месца, зразумелі, што стаміліся ад гэтай штучнасці. Гэта не было нормай, гэта завезлі аднекуль. У Вадзіма Пракоп’ева ўдала атрымлівалася, іншыя пераймалі ў яго, але атрымлівалася нячула».

Мінская «Карма» адкрылася ў снежні 2017 года ў маленькім памяшканні з жалезнымі дзвярыма на Камсамольскай, 14 – з распісанымі мастакамі сценамі, веганскай ежай і недарагімі кактэйлямі. У Менску нават з’явіўся жарт аб лепшай ром-коле ў горадзе. «Там не было нічога, акрамя рому і колы, яна каштавала танней за ўсё, і, сцвярджаем, яна была лепшай», – смяюцца бармэны.

«Баланс кошту і «антысэрвіса» сабраў людзей, якім нідзе не знаходзілася месца. Гэта былі нашы сябры – рокеры, рэперы, рэйверы, мастакі, пра якіх нехта сказаў, што яны павінны быць галоднымі – і трэба зрабіць як мага танней, – распавядае Глеб. З іншага боку, туды сталі прыходзіць айцішнікі – такія ж чувакі, але ў якіх заробак раптам стаў у тры разы вышэй, чым ва ўсіх. Мы баяліся падымаць кошты, а тусоўка ўжо хацела высокай якасці і дарагіх інгрэдыентаў. А нам грошы ўжо не патрэбныя, мы выбіралі гэтыя панібрацкія адносіны – тое, дзе ўсе нас ведаюць асабіста».

«Карма», знаходзячыся ў самым цэнтры, на пешаходнай вуліцы з буцікамі і рэстаранамі працягвала шукаць уласны рэцэпт – як зрабіць кактэйлі яшчэ лепш (і танней), захоўваючы атмасферу «бару па-суседству». Тут праводзілі чэмпіянат па гульні ў «камень, нажніцы, папера», разыгрывалі татуіроўкі, а бармэны звярталіся да гасцей як да «братоў» і «сясцёр», размаўляючы з імі праз дзіцячы мегафон.

Менск, Уроцлаў, Менск. І зноў Уроцлаў

9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, якія скончыліся крывавым разгонам тых, хто быў не згодны з вынікамі.

«Было вельмі, вельмі, вельмі, вельмі страшна, – распавядае Глеб. – 10 жніўня 2020 года ў мяне быў Дзень нараджэння – і выразны план у галаве, што рабіць. Тры месяцы я збіраўся – і ў выніку з’ехаў у Польшчу».

Барам працягваў займацца Аляксандар, а Глеб збіраўся адкрыць «Карму» ва Уроцлаве, але зімой вярнуўся ў Менск, каб стаць за стойку: з надыходам халадоў бары ў Польшчы зачыніліся з-за ковіда – у Беларусі абмежаванняў не існавала.

Глеб Ковалев и Александр Качан в Варшаве
Глеб Кавалёў і Аляксандар Качан перад барам «Карма» ў Варшаве, Польшча. 3 чэрвеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

Калі ўлады нарэшце заўважылі вірус, змагацца з яго распаўсюджваннем было вырашана закрыццём сухапутнай мяжы з ЕЗ і Украінай. Глеб прызнаецца, што адчуў, як прастора вакол яго сціскаецца – і на апошнім аўтобусе з’ехаў у Польшчу. Паўторная эміграцыя, кажа ён, «рассынхранізавала» яго са светам.

«Я быў маральна знішчаны. Стаяў каля тусоўкі вроцлаўскай багемы, куды паклікаў адзін польскі рэжысёр, і разумеў: туды нельга, гэта тусоўка для ўпэўненых у сабе хіпстараў, якія будуць тут праводзіць класна час, абмяркоўваць свецкія пытанні, а ў мяне ў галаве нічога не зразумела», – распавядае Глеб.

На наступны дзень Глеб паехаў у Кіеў. У жніўні 2021 года ён адкрыў там «Карму» – месца, каб «прыйсці да сваіх чувакоў і папіць нядорага піўка».

«У Менску быў гульнявы фармат, у Кіеве – бар для дарослых»

Пад «сваімі» Глеб разумее не толькі беларусаў: да пачатку вайны палову заўсёднікаў бара складалі карэнныя кіяўляне, другую – экспаты.

«У нарвежца, карэйца і амерыканца былі абсалютна розныя прычыны пераехаць у Кіеў, розны бэкграўнд – і кожны з іх казаў: тут свабодна. Чаго ўжо там: шмат людзей з Беларусі прыйшла [да нас] і ім не спадабалася – і гэта нармальна: «Карма» ў першую чаргу пра бар, а не пра Беларусь», – тлумачыць Глеб.

«Кіеўскі бар навучыў таму, што мы можам быць рознымі, але каштоўнасці і стратэгія застаюцца, – тлумачыць Глеб. – Мы захавалі галоўныя прынцыпы нашай дамовы на сурвэтцы: брэнд належыць нам напалову, любы звышпрыбытак – таксама. Саша, не прыязджаючы ў Кіеў, стаў саўладальнікам бара ў гэтым горадзе, што пацвярджае маю тэорыю, што мы зможам у некалькі каманд рабіць адзін і той жа брэнд максімальна прадумана, мімікрыруючы і інтэгруючыся ў навакольны соцыўм. Калі апісаць адным словам бар у Кіеве – гэта «прыватнасць». Калі ў Менску быў гульнявы фармат, у Кіеве гэта бар для дарослых».

У гэты час пачалі адбывацца перамены ў менскім бары, якім кіраваў Аляксандар. Спачатку праз масавую эміграцыю ў ім прыкметна памаладзела публіка, крыху пазней праз скаргі жыхароў бар пераехаў на вуліцу Кальварыйскую.

«У любой з «кармаў» ёсць мем: «Дзятва, трэба цішэй гутарыць, – распавядае Аляксандар. – Калі вакол трывога, людзі, якім і так цяжка, пачынаюць адчуваць сябе яшчэ горш. Каб зняць трывогу, некаторыя суседзі сталі з намі лаяцца. Фактычна, мінулым летам мы зачынілі бізнес і адкрылі іншы».

Шынок за 100 дзён

Увосень 2021 года Аляксандар з нявестай Аленай, якая дапамагае «Карме» інтэграцыяй з мастакамі, прыязджаюць у Кіеў паглядзець на бар, знаёмы да гэтага толькі па фотаздымках, і абмеркаваць з Глебам планы на будучыню. Для апошняга відавочным рашэннем у той момант было адкрыць бар у Варшаве, куды актыўна пераязджалі беларусы і ўкраінцы, у тым ліку блізкія сябры. Аляксандру і Алене падабалася Вільня, але калі яны на адзін дзень злёталі ў Гданьск да сяброў, то сталі разглядаць яго – і ўжо ў снежні пераехалі туды жыць. Менская «Карма» праіснавала да пачатку сакавіка 2022-га.

Пасля пачатку вайны з Кіева ў Варшаву пераехаў Глеб – і праз 100 дзён адкрыў «Карму» тут. Памяшканне ў вежы паміж пралётамі маста Панятоўскага, які злучае цэнтральную частку польскай сталіцы з раёнам Прага, знойдуць проста па абвестцы. На першай вечарыне госці, пераважна з Беларусі, не змясціліся нават на ходніку каля ўваходу, і занялі сквер насупраць, а потым паселі на праезную частку, не звяртаючы ўвагі на сігналы кіроўцаў і паліцыянтаў, якія прыбылі на мікрааўтобусе. Апошнія, убачыўшы колькасць людзей, проста махнулі рукой і з’ехалі. Варшавяне, якія ішлі побач, пыталіся, ці не бар гэта Канье Уэста.

Вечеринка в варшавской «Карме»
Вечарына ў бары «Карма» ў Варшаве, Польшча. 3 чэрвеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

На пытанне, як «Карма» пазіцыянуе сябе ў Польшчы, Глеб адказвае без роздумаў: Jedzenie wegańskie, kultura migrancka. («Веганская ежа, мігранцкая культура». Заўв. рэд.)

«Тут шмат беларусаў, якія ведаюць «Карму», але не сказаў бы, што гэта беларускі бар. Тут шмат украінцаў, якія таксама ведаюць пра «Карму». Прыйдуць палякі – ім таксама будзе цікава. «Карма» – гэта бары, у якіх, у першую чаргу, атрымліваюць размову”, – кажа Аляксандар.

«Сторыз з Менску два разы пераглядаю»

Памяшканне для гданьскай «Кармы» прыйшлося шукаць даўжэй. «Гэта партовы, турыстычны, мультынацыянальны горад. Шукалі нешта ў цэнтры, але не на турыстычных вуліцах, дзе ўсё змятае натоўпам. Хацелася гэта новае месца адчуваць, а не адкрыцца для гэтай плыні і рабіць бізнэс», – кажа Аляксандар.

Перададкрыццё бара адбылося 27 чэрвеня вернісажам выставы «Ружовыя воды надзеі і кахання» беларускай мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай. Мае суразмоўцы абяцаюць, што мастацтва стане галоўнай рызынкай новай лакацыі.

«Будзем ладзіць выставы і займацца продажам карцін, – кажа Аляксандар. – Нашая аташэ па культуры Лена збірае калекцыю маладых беларускіх мастакоў, узаемадзейнічае з імі, дапамагае ў працы над серыямі».

На пытанне пра адрозненні паміж Беларуссю і Польшчай у вядзенні бізнесу хлопцы кажуць, што чыноўнікі ўсюды аднолькавыя, але «калі ў Менску здаешся, то тут робіш яшчэ адзін крок – і дамагаешся».

Аляксандар Качан і Глеб Кавалёў каля ўвахода ў варшаўскі бар «Карма». 3 чэрвеня 2022 года.
Фота: Жора Ройтбард / Белсат

«Адміністратыўныя органы таксама не хочуць працаваць, таму што людзі ў іх стамляюцца. У 17:02 ўжо не вырашыш ніякае пытанне, – працягвае Аляксандар. – Мы затрымаліся на адным памяшканні, якое нам спадабалася. Думаў, што Gdańskie Nieruchomości («Гданьская нерухомасць». – Заўв. рэд.), такая мясцовая «Мінская спадчына» (Камунальнае прадпрыемства, якое займаецца рэстаўрацыяй і здачай у арэнду аб’ектаў камунальнай уласнасці ў кварталах гістарычнай забудовы Менска. – Заўв. Рэд.) – тут працуюць, але яны апынуліся ідэнтычнымі. Нас прамарозілі месяц, мы выдаткавалі час і патэнцыйныя грошы. У выніку зайшлі ў месца, якое аглядалі за месяц да гэтага».

«Кожную «Карму» мы будуем з памяшкання. Мой першы крытэр – нежылы будынак. У Сашы ў Гданьску – вялікія вокны, каб на карціны падала святло, – кажа Глеб. – Але, прызнаюся, знайсці камерцыйную нерухомасць у Польшчы нашмат лягчэй, чым жыллё».

На пытанне аб вяртанні ў Беларусь кампаньёны кажуць, што для пачатку не павінны адчуваць страх і жах.

«З-за татуіровак я пастаянна адчуваў цікавасць да сабе сілавых структур. Мой знешні выгляд ствараў пагрозу для сяброў. Праз гэта я хварэў фізічна, потым псіхічна, – распавядае Глеб. – Калі страху больш не застанецца ў галаве, паеду. Але буду сумленным: я ні разу не сумаваў па Беларусі за ўвесь час, ні разу не знайшоў у сабе гэтае пачуццё. Там было вельмі добра, а потым вельмі-вельмі дрэнна».

«Калі бачу сторыз у «Instagram», зробленыя з акенца таксі ў Менску на праспекце паміж плошчай Якуба Коласа і плошчай Перамогі, часам два разы пераглядаю, – дадае Аляксандар. – У Менску людзі пасля адпачынку або пажыўшы дзесьці прыязджалі і казалі: там файна, а тут не файна. Мы займаліся тым, што спрабавалі зрабіць крута ў сябе. Цяпер хацеў бы асвоіцца і разабрацца, дзе я хачу жыць, выкапаўшы карані, – у Беларусі, Новай Зеландыі, Ісландыі, Германіі ці Польшчы».

Жора Ройтбард / Герон belsat.eu

Стужка навінаў