Дзеці выпадаюць з вокнаў і гінуць, хоць пра небяспеку рэгулярна папярэджваюць. Што рабіць?


Можа здавацца відавочным: малых дзяцей нельга пускаць да адчыненага акна. Але для трагедыі стае лічаных секундаў, калі дзіця засталося без увагі. На шчасце, ёсць агульнадаступныя спосабы абараніць малых ад адчыненых вокнаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Eduard Militaru / stocksnap.io, CC0

Ці сур’ёзная гэта праблема?

Дзеці падаюць з вокнаў і ў спёку, і ў мароз; і з ужо адчыненых вокнаў, і з тых, што яны адчынілі самі; выпадаюць нават з вокнамі з маскітнымі сеткамі; і без дарослых удома, і з дарослымі побач. Вось пра якія выпадкі з пачатку года пісаў Следчы камітэт Беларусі.

  • 30 чэрвеня ў Полацку 1-гадовая дзяўчынка выйшла на лоджыю, устала на цацачную машынку, вызірнула ў акно і выпала. Дзіця выжыла, трапіла ў лякарню. Бабуля і дзядуля тады былі ўдома, але ў той момант не глядзелі за дзіцём.
Дзіця ўстала на машынку і выпала з акна. Полацк, Беларусь. 30 чэрвеня 2022 года.
Фота: Следчы камітэт Беларусі
  • 14 чэрвеня ў Гомлі 5-гадовая дзяўчынка адчыніла вакно і выпала з 5-га паверху. Дзіця выжыла, але трапіла ў рэанімацыю. Малая была адна ўдома.
  • 8 чэрвеня ў Баранавічах 3-гадовая дзяўчынка папрасіла 9-гадовага брата адчыніць акно, устала на падваконне і выпала з 6-га паверху. Дзіця выжыла, але трапіла ў лякарню. Яны з братам былі ўдома адны.
  • 31 траўня ў Менску 2-гадовы хлопчык залез на падваконне, абапёрся на маскітную сетку, выпаў з акна 1-га паверху. Дзіця выжыла, медыкі праводзяць абследаванне. Маці была ў той час у кватэры.
  • 27 траўня ў Горадні 1-гадовае дзіця выпала з акна 1-га паверху. Дзіця выжыла, але трапіла ў лякарню з мноствам траўмаў. Дэталяў здарэння не паведамлялі.
  • 26 красавіка ў Баранавічах і ў Магілёве 2-гадовыя дзеці выпалі з вокнаў: адно самое адчыніла акно, другое выпала з ужо адчыненага. Абое выжылі, але атрымалі цяжкія траўмы. У абодвух выпадках дарослыя былі ўдома.
  • 15 красавіка ў Жабінцы 2-гадовы хлопчык залез на зэдлік. Адчыніў акно і ўпаў з 5-га паверху. Ён трапіў у лякарню ў цяжкім стане са шматлікімі пераломамі. Дзіця было ўдома без нагляду.
  • 28 сакавіка ў Баранавічах 3-гадовы хлопчык забраўся на канапу ля акна і выпаў з адчыненага акна 4-га паверху. Дзіця выжыла, трапіла ў лякарню з рознымі траўмамі. Ці былі ўдома дарослыя, з паведамлення следчых няясна, але ў пакоі дзіця было на самоце.
  • 7 сакавіка ў Быхаве 2-гадовы хлопчык залез на падваконне, адчыніў акно і ўпаў з 5-га паверху, памёр у рэанімацыі. Маці з дзіцём тады былі ў гасцях.
  • 15 студзеня ў Лельчыцах 1,5-гадовая дзяўчынка залезла на падваконне, адчыніла акно і ўпала з 4-га паверху. Дзіця трапіла ў рэанімацыю ў цяжкім стане. Малая была ўдома з маці і 4-гадовым братам, але ў нейкі момант засталася без нагляду: маці гатавала ежу на кухні, брат глядзеў мультфільмы ў іншым пакоі.

Відаць, гэта не ўсе выпадкі, што адбыліся ў Беларусі з пачатку года. Падзенне з вокнаў следчыя называюць адной з распаўсюджаных прычынаў дзіцячага траўматызму і смяротнасці. За год, паводле беларускіх медыкаў, фіксуюць траўмы ў прыблізна 150 тысяч дзяцей да 18 гадоў, і 50–60 % з іх – бытавыя траўмы ўдома, а вулічныя – толькі 20–30 %.

Што рабіць, каб дзеці не адчынілі акно

Дзеці найчасцей выпадаюць з вокнаў ва ўзросце да 5–6 гадоў – і ад узросту, калі пачынаюць хадзіць. І нават самыя малыя дзеці здольныя залезці да акна па мэблі, што стаіць побач, і адчыніць акно. Аднак няспынна сачыць за дзіцём увесь час столькі гадоў – няпростая задача.

Блакавальнік акна.
Фота: dverki.by

Блакавальнікі для вокнаў на ключах прадаюцца ў шмат якіх гаспадарчых крамах і каштуюць некалькі рублёў. Пры тым бываюць і блакавальнікі ў форме ручкі акна з гняздом пад замок, і блакавальнікі пад акно, што дазваляюць адчыняць на праветрыванне, і блакавальнікі з тросам на 10–15 см, каб акно можна было прыадчыніць нават без асобнага механізму праветрывання.

Ёсць варыянты замкоў са здымнай ручкай, але ў іх стае мінусаў: і ручку дзіця можа адшукаць, і чымсьці замест ручкі адчыніць, ды і кажуць, бывае, што такія механізмы самі сабой адчыняюцца.

Сучасныя пластыкавыя вокны звычайна робяцца з абарончым пакрыццём, каб, калі шкло пабілася, яно не развалілася і не разляцелася. Для вокнаў без такога пакрыцця можна купіць абарончую плёнку – каштуе ад 20–30 рублёў за м².

Маскітная сетка, разам з якой дзяўчынка выпала з акна 2-га паверху. Менск, Беларусь. 17 чэрвеня 2021 года.
Фота: Следчы камітэт Беларусі

Маскітныя сеткі могуць спыніць хіба ката, і тое не самага настойлівага. Дзіця яны дакладна не спыняць: маскітныя сеткі не вытрымліваюць вялікай вагі. Горш за тое: дзеці могуць падумаць, што на такую сетку бяспечна абапірацца – і выпадуць разам з сеткай.

Пластыкавыя абмежавальнікі-гачкі для акна – таксама не дужа надзейная абарона, іх занадта лёгка адчыніць нават малому дзіцяці.

Акрамя таго, варта прыбраць ад акна ўсю мэблю, па якой дзіця можа туды забрацца: нярэдка гісторыі пра выпадзенне з вокнаў пачынаюцца з фразы накшталт «забраўся па канапе на падваконне» або «падставіла зэдлік і залезла».

І хоць здаецца, што Беларусь – не трапічная краіна, хвалі спёкі цяпер здараюцца рэгулярна: штогод будуць дні, калі вельмі захочацца адчыніць акно насцеж. Таму калі ёсць вольныя грошы, можна набыць і ўсталяваць кандыцыянер. Але гэта ўжо пытанне на тысячу-другую рублёў, тады як блакавальнікі з функцыямі праветрывання – максімум пары дзясяткаў рублёў.

Фота
+ 30 °С у Беларусі, + 40 °С у Італіі. Як людзі гэта пераносяць?
2022.06.28 18:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў