Беларускі бізнес працягвае пераязджаць у Польшчу. Наколькі цяжка там адкрыць і весці сваю справу?


Беларусы працягваюць з’язджаць з краіны. Пры гэтым часта робяць гэта, перавозячы заадно і свой бізнес або бізнес-ідэі. Колькасць беларускага бізнесу ў Польшчы яшчэ летась пабіла рэкорд, але расці не перастае і дагэтуль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бізнес-форум «Belarus Business Harbour». Асноўная мэта імпрэзы – аб’яднанне беларускай бізнес-дыяспары. Варшава, Польшча. 27 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

За пяць месяцаў 2022 года ў Польшчы зарэгістравалі 473 кампаніі, дзе адным з заснавальнікаў выступаюць юрыдычныя або фізічныя асобы з Беларусі. Гэта больш як палова новых прадпрыемстваў з беларускім капіталам, адкрытых у Польшчы за 2021 год (912), і ўжо больш як за ўвесь 2020 год (462). Такія звесткі станам на 27 траўня прыводзіць Галоўны цэнтр эканамічнай інфармацыі.

Агулам у Польшчы функцыянавала 3709 кампаніяў з беларускім капіталам. Рэзкі рост іх колькасці пачаўся з 2015 года, дасягнуўшы піку летась.

Найбольш беларускіх прадпрыемстваў адкрылі ў Мазавецкім ваяводстве (з цэнтрам у Варшаве), а таксама ў памежных з Беларуссю Падляскім і Люблінскім ваяводствах – разам больш як 70 % усіх зарэгістраваных кампаніяў.

Размеркаванне беларускага бізнесу ў Польшчы паводле ваяводстваў. Інфаграфіка: Белсат

Сярод гарадоў першыя месцы займаюць Варшава (1789 прадпрыемстваў з беларускімі каранямі), Беласток (405) і Белая Падляская (199).

Што датычыць сфераў, у якіх найчасцей адкрываюць бізнес беларусы, то гэта аўтамабільнае транспартаванне грузаў (562 кампаніі), будаўнічыя працы (252) і праграмаванне (225).

40 тыс. візаў у межах «Poland.Business Harbour»

Як раней паведамляў «Белсат», з верасня 2020 года да траўня 2022-га беларусам выдалі каля 650 тыс. шэнгенскіх візаў. 340 тыс.візаў выдала Польшча, яшчэ 310 тыс. – іншыя краіны шэнгенскай зоны. Толькі ў межах праграмы «Poland.Business Harbour» візы для рэлакацыі ІТ-бізнесаў і ІТ-адмыслоўцаў атрымалі 40 тыс. беларусаў. Таксама Польшча выдала каля 35 тыс. гуманітарных візаў.

Hавiны
За няпоўныя два гады беларусам выдалі 650 тысячаў шэнгенскіх візаў
2022.06.18 12:34

«Poland.Business Harbour» – гэта адмысловая праграма ўраду Польшчы для прадпрымальных грамадзянаў Азербайджану, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расеі і Украіны. Яна прадугледжвае ільготныя захады, накіраваныя на прыцягненне ў Польшчу неабходных эканоміцы спецыялістаў і эканамічных праектаў.

У рамках праграмы можна аформіць нацыянальную візу для ІТ-спецыялістаў, удзельнікаў стартапаў і розных прадпрыемстваў, якую разгледзяць у першачарговым парадку. Таксама, пры пэўных умовах, можна атрымаць гранты на развіццё бізнесу.

«Poland.Business Harbour» прадугледжвае адмысловыя захады, накіраваныя на палягчэнне пераезду і адаптацыю ў Польшчы асобаў, якія працуюць у сферы ІТ, маюць цікавыя бізнес-ідэі, або заснавальнікаў ужо дзейных прадпрыемстваў, якія жадаюць перавесці свае фірмы ў Польшчу ці адкрыць філіялы ў краіне. Распаўсюджваецца праграма і на чальцоў іхных семʼяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бізнес-форум «Belarus Business Harbour». Асноўная мэта імпрэзы – аб’яднанне беларускай бізнес-дыяспары. Варшава, Польшча. 27 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Раней беларусам не патрэбныя былі запрашэнні на працу – толькі пашпарт, фота, анкета, страхоўка і пацвярджэнне працы ў сферы (або дыплом тэхнічнай адукацыі). Але з 1 лютага 2022 года ільготы для грамадзянаў Беларусі былі скасаваныя. Тым не менш, яны па-ранейшаму могуць удзельнічаць у праграме нароўні з прадстаўнікамі іншых згаданых краінаў.

Хто ўжо пераехаў?

Выданне «Office Life» прыводзіць спіс найбольш гучных імёнаў, якія адзначыліся сёлета ў польскіх рэгістрах. Гэтак, у 2022 годзе свае офісы ў Польшчы адкрылі «Wargaming Group» Віктара Кіслага («Wargaming Warsaw») і «A1QA» Сяргея Гвардзейцава («A1QA Polska»), «Qul» Аляксандра Арабея («Qulix»), «Belka Games» Дзмітрыя Хусаінава («Belka Games PL») і «Soft-FX» форэкс-трэйдара Аляксандра Кліменкі («Soft-FX PL»).

Пры гэтым некаторыя беларусы, якія інвеставалі ў эканоміку Польшчы, адкрываюць справу пад сцягамі іншых краінаў, рэзідэнтамі якіх яны выступаюць. Гэтак, Віктар Кіслы і Сяргей Гвардзейцаў фігуруюць у дакументах як грамадзяне Кіпру і Мальты адпаведна.

Як знайсці беларускі бізнес

Дапамагчы знайсці беларускі бізнес у Польшчы і не толькі дапамагае мапа беларускага бізнесу за межамі Беларусі BY_MAPKA. Праект створаны для тых, хто хоча падтрымаць землякоў, якія заняліся бізнесам за мяжой.

Скрыншот: bymapka.me

Беларус, які надае паслугі за межамі радзімы, можа дадацца на мапу, запоўніўшы форму. Пасля гэтага на сайце зʼявяцца ягоныя кантакты.

На мапе ўжо ёсць больш як 1000 кропак, дзе можна атрымаць якасныя паслугі ад беларускіх землякоў на прасторы ад Лос-Анджэлесу да Ташкенту. Пры гэтым абсалютная большасць з іх – менавіта ў Польшчы.

«Беларусы, якія з’ехалі ў розныя краіны, могуць знаходзіць іншых беларусаў, якія надаюць пэўныя паслугі. Бо хтосьці адкрыў СТА, хтосьці стрыжэ, хтосьці робіць манікюр. І такім чынам людзі ў супольнасці падтрымліваюць адно аднаго», – распавядаў стваральнік сэрвісу Павел Лібер у відэа Юрыя Дудзя.

Паводле яго, так выбудоўваецца ўнутраная эканоміка беларускай дыяспары і «суперкам’юніці», што пранізвае ўсе краіны, дзе жывуць беларусы.

Няцяжка, але галоўнае – не рабіць памылак

Сярод перавагаў бізнесу ў Польшчы беларусы называюць у тым ліку прастату рэгістрацыі і вядзення справаў.

«Заходзіш на сайт, запаўняеш пакрокава форму, звесткі свае ўносіш, і ад моманту, як ты націснуў свае звесткі, ты ўжо фактычна можаш весці дзейнасць. У падатковую ўсё дасылаецца аўтаматычна», – кажа Сяргей з сэрвісу аўтамабіляў «Team Motors» у Варшаве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя пратэсту беларусаў на Дзень Волі, якая адбылася ля помніка Юзэфу Пілсудскаму. Беласток, Польшча. 25 сакавіка 2022 года.
Фота: ПК / Белсат

Пры гэтым у Беларусі ён свайго бізнесу не меў – «там было цяжка ўсё адкрыць і боязна ўсё гэта рабіць, бо ўсе ведаюць, у якой краіне і з якімі бюракратычнымі працэдурамі сустракаюцца».

«А тут усё нашмат прасцей. Тут перад тым, як табе даць штраф, цябе пяць разоў папярэдзяць. Нават калі будзе нешта не так, у вас будзе паўгода на выкананне даручэння. Так і было», – распавядае Сяргей.

Праўда, не ўва ўсіх бізнес прыносіць плён. І часам даводзіцца яго закрываць.

«Закрываемся проста праз недахоп кліентаў і праз шэраг памылак, якія мы зрабілі», – адзначае Павел з беластоцкага сэрвісу і рамонту камп’ютараў і тэлефонаў «SMP-Serwis».

Тым не менш, суразмоўца збіраецца і надалей развіваць свой бізнес і выкарыстоўваць тыя магчымасці, што дае Польшча.

Галоўнае – «добра падрыхтавацца, сабраць шмат інфармацыі, якая неабходная, і старацца рабіць як мага менш памылак».

Пакуль жа заснавальнікі плануюць зрабіць невялікі перапынак, каб пасля «зноў спрабаваць і далей развівацца».

Макар Мыш, belsat.eu

Стужка навінаў