Анджэй Дуда на пытанне «Белсату»: Беларусь ператварылася ў чарговую расейскую ваенную акругу


Ідзе другі дзень саміту NATO ў Мадрыдзе. Сустрэча ўжо набыла гістарычны характар праз ухваленне Фінляндыі і Швецыі ў якасці будучых чальцоў Альянсу і перагляд стратэгіі бяспекі ва Усходняй Еўропе. Прэзідэнты Польшчы, Літвы і Латвіі падзяліліся думкамі аб значэнні Мадрыдскага саміту і актуальнасці расейскай пагрозы ды адказалі на пытанні «Белсату».

Анджэй Дуда.
Фота: censor.net

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адзначыў, што Мадрыдскі саміт прынёс шмат надзеяў, і заявіў, што расейская агрэсія яшчэ больш злучыла Альянс, а Пуцін праз вайну ва Украіне атрымаў нечакана рашучы адпор.

«Учорашні дзень быў вельмі добры. Прынятыя вельмі важныя рашэнні, бо дадзенае зялёнае святло для Фінляндыі і Швецыі на ўступленне ў NATO. Маю надзею, што неўзабаве рашэнне ратыфікуюць і зможа адбыцца поўнае ўступленне. Гэта вялікае ўзмацненне NATO, выгаднае для нас, у нашай частцы Еўропы, у басейне Балтыйскага мора. Гэта дзве магутныя дзяржавы, якія маюць вялікую вайсковую інфраструктуру», – Анджэй Дуда падзяліўся думкамі адносна далучэння Фінляндыі і Швецыі да NATO.

Hавiны
Турэччына згадзілася разблакаваць далучэнне Швецыі ды Фінляндыі да NATO і падпісала гістарычнае пагадненне
2022.06.28 23:19

Анджэй Дуда адзначыў, што мяжа на ўсходнім флангу паміж Расеяй і NATO з гэтага моманту падоўжылася. Таксама ён паведаміў, што Злучаныя Штаты прынялі важнае рашэнне размясціць на сталай аснове штаб камандавання 5-га корпусу войска ЗША на тэрыторыі Польшчы, што адбываецца ўпершыню на тэрыторыі Усходняй Еўропы.

«Гэтае рашэнне ўзмацняе нашую бяспеку. Новая стратэгічная канцэпцыя NATO, новы падыход да Расеі і пагрозаў, якія стварае Расея, новы падыход да абароны ўсходняга флангу і рэакцыі на пагрозы. Абсалютная змена. Мы баронім кожную пядзю зямлі. Гэта вымагае новых і рашучых адказаў. Гэта вельмі важна для Балтыйскіх краінаў, для нас таксама. Бо гэта не паводле прынцыпу, калі хтосьці атакуе краіну NATO, мы будзем адбіваць і вызваляць, будзем абараняць адразу ж у вельмі хуткім тэмпе», – дадаў Дуда.

Таксама прэзідэнт Польшчы адзначыў, што гэтыя рашэнні былі прынятыя ў добрай атмасферы і салідарнасці. Анджэй Дуда паведаміў, што на саміце абмеркавалі з’явы, якія сваймі дзеяннямі выклікае Расея: пагрозу голаду і тэрарызму, а таксама міграцыі з афрыканскіх краінаў.

«Калі Пуцін пастанавіў атакаваць Украіну, каб пашырыць «русский мир» і павысіць моц Расеі, то ён глыбока расчараваўся. NATO выявіўся сур’ёзным, упэўненым і перадусім рашучым. Саміт выявіўся рашучым. Калі ён хацеў аслабіць NATO, бо NATO выявіцца бездапаможным у справе агрэсіі супраць Украіны, то, па-першае, сутыкнуўся з еднасцю, хуткімі рашэннямі Альянсу, хуткім і моцным падтрыманнем Украіны», – дадаў Дуда.

Hавiны
«Расея нацэленая проста на знішчэнне». Лідары Італіі, Нямеччыны, Румыніі і Францыі пабывалі ў Ірпіні. ФОТА
2022.06.16 19:52

Анджэй Дуда адзначыў, што ўсе пабачылі, што Расея парушае нормы міжнароднага права і здзяйсняе злачынства супраць мірнага насельніцтва.

«Ужо мінула больш за 100 дзён расейскай агрэсіі, калі Украіну планавалі захапіць за некалькі дзясяткаў гадзінаў. Выявілася, што не. Украіна ўвесь час моцна абараняецца. А дзяржавы, якія дзесяцігоддзямі і стагоддзямі, як Швецыя, былі нейтральнымі, хочуць далучыцца да NATO, вельмі ўзмацняючы Альянс. Гэта абсалютная процілегласць таму, чаго хацеў дамагчыся Уладзімір Пуцін. У цэлым гэтая сітуацыя – несумненная параза Расеі. Расея паказала свой твар, пра які мы ведалі і мы, палякі, заўсёды казалі. Нас абвінавачвалі ў русафобіі, калі мы казалі, што расейцы бязлітасныя, маюць імперскі апетыт і што пачуццё вялікарускасці штурхае іх на тое, каб правіць іншымі народамі. Расея хоча пашыраць свой уплыў, праводзіць экспансію, у тым энергетычную. Выявілася, што мы мелі рацыю. Расея – агрэсар, і сёння кожны гэта бачыць», – апісаў палітыку Крамля Анджэй Дуда.

Таксама прэзідэнт Польшчы адказаў на пытанне журналіста «Белсату»: «У кантэксце напружання вакол Літвы, пагрозаў Расеі, вы як прэзідэнт Польшчы адчуваеце пагрозу таксама з боку рэжыму Лукашэнкі ў стасунку да Польшчы і Літвы»?

«Беручы пад увагу, што доўгі час у Беларусі пастаянна прысутнічаюць расейскія войскі, з ваеннага пункту гледжання гэта не асобная ад Расеі дзяржава. Можна сказаць, што Уладзімір Пуцін далучыў у гэтым сэнсе Беларусь да Расеі, на жаль. Беларусь ператварылася нібыта ў чарговую расейскую ваенную акругу або ў частку Заходняй ваеннай акругі Расеі. Я не магу сказаць, што адчуваю нейкую небяспеку ад рэжыму Лукашэнкі, гэтак сама, мяркую, і дзяржавы Балтыі. Небяспека ёсць, рэальная, але з боку Расеі», – паведаміў Дуда.

Hавiны
Генштаб ЗСУ ўсё яшчэ баіцца правакацый на беларускай мяжы
2022.06.30 10:05

Ён дадаў, што ведае, што народ Беларусі не хоча вайны, і рэжым Лукашэнкі таксама не наважыцца на ўдзел у канфлікце.

Гітанас Наўседа.
Фота: lrp.lt

Прэзідэнт Літоўскай рэспублікі Гітанас Наўседа адзначыў, што Беларусь мае пацярпець ад санкцыяў праз падтрыманне Расеі ў вайне, і выказаў насцярогу праз магчымае размяшчэнне расейскіх «Іскандэраў» на беларускай тэрыторыі.

«Пасля 2020-га рэжым Лукашэнкі цалкам у руках расейскага рэжыму. Беларуская зямля цалкам дасяжная для расейскіх войскаў, яны могуць карыстацца ёй як хочуць. З беларускай зямлі ідуць атакі на Украіну», – паведаміў Наўседа.

Прэзідэнт Літвы дадаў, што рэжым Лукашэнкі стварыў напружанне з Літвою шляхам гібрыднай агрэсіі яшчэ ў 2021 годзе праз міграцыйны крызіс, калі шмат людзей з Блізкага Усходу імкнуліся нелегальна трапіць на тэрыторыю Літвы. На сённяшні момант, як дадаў палітык, гэтыя спробы працягваюцца, але не маюць такога маштабнага характару, як летась.

Аналітыка
Чым скончыцца ядравы шантаж на фоне калінінградскага крызісу?
2022.06.28 19:40

У адказ на пытанне, ці баяцца ў Літве магчымай агрэсіі Пуціна за блакаванне транзіту ў Калінінград, Наўседа адзначыў, што няварта цяпер баяцца запужванняў з боку Пуціна.

«Гэта ягоная стратэгія і тактыка. У нас ёсць гістарычная магчымасць паставіць Пуціна на належнае месца», – дадаў прэзідэнт Літвы.

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс.
Фота: president.lv

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс расказаў, што на ўчорашнім паседжанні былі прынятыя важныя рашэнні адносна галоўнай пагрозы бяспецы ў Еўропе – расейскай пагрозы.

Адказ будзе «адэкватным», сказаў ён, а ўсходні фланг Альянсу ўзмоцняць. Кітай ён назваў «сур’ёзным выпрабаваннем».

«Яны назіраюць за вынікам расейскай вайны супраць Украіны, і калі Расея пераможа, у Кітаю будзе матывацыя зрабіць нешта падобнае ў Ціхаакіянскім рэгіёне», – заявіў Эгілс Лэвітс.

Таму, паводле яго, Еўропа і мусіць дапамагчы Украіне, іначай будуць знішчаныя міжнародны парадак і глабальны мір.

На пытанне «Белсату» аб тым, ці адчувае Лэвітс пагрозу ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, ён адказаў: «Мы можам сказаць, што Беларусь больш не незалежная краіна. Беларусь і Расея рэпрэзентуюць адную і тую ж пагрозу. Таму мы мусім уключыць у нашае стаўленне да Расеі таксама і Беларусь».

Алесь Наваборскі / Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў