Акцыі «Газпрому» ўпалі на 30 %


Акцыі «Газпрому» на Маскоўскай біржы абрынуліся на 30 %. Гэта адбылося пасля таго, як на гадавым сходзе акцыянеры адмовіліся выплачваць дывідэнды за 2021 год, паведамляе «Forbes».

ТАА «Газпром трансгаз Масква». Крыніца: Sputnik

Рада дырэктараў «Газпрому» ў траўні рэкамендавала зацвердзіць рэкордавыя ў гісторыі кампаніі дывідэнды. Аднак сёння Масбіржа спыніла гандляванні каштоўнымі паперамі «Газпрому» на адзнацы 226,68 расейскага рубля (-23,84 % да мінулага закрыцця). На сайце гандлёвай пляцоўкі з’явілася паведамленне аб тым, што гандляванні акцыямі кампаніі пераведзеныя ў рэжым дыскрэтнага аўкцыёну.

«Адбываецца зніжэнне бягучай цаны акцыяў на 20 % і больш цягам 10 хвілінаў запар ад цаны закрыцця папярэдняга гандлёвага дня», – растлумачыла Масбіржа.

Каціроўкі абваліліся пасля гадавога сходу акцыянераў расейскай газавай кампаніі. На сустрэчы яны пастанавілі не выплачваць дывідэндаў за 2021 год.

«Акцыянеры прынялі рашэнне, што ў бягучай сітуацыі дывідэнды па выніках 2021 года выплачваць немэтазгодна», – паведаміў намеснік старшыні праўлення «Газпрому» Фаміл Садыгаў.

Ён дадаў, што карпарацыя змяніла прыярытэты. «Газпром» збіраецца займацца рэалізацыяй інвестыцыйных праграмаў, уключаючы газіфікацыю рэгіёнаў, і рыхтавацца да зімы.

«Несумненна, мы павінны быць гатовыя выканаць абавязкі, звязаныя з выплатаю падаткаў у павышаным памеры», – падкрэсліў Садыгаў.

Адзначым, што «Газпром» заяўляе, што чысты прыбытак кампаніі па выніках 2021 года быў рэкордавым дзякуючы высокім цэнам на газ на сусветным рынку. Акцыянеры «Газпрому» таксама абралі новы склад рады дырэктараў кампаніі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў