Жонка зняволенага Арцёма Анішчука кажа, што яе мужа ў калоніі працягваюць катаваць


Арцёма Анішчука, фігуранта справы аб пашкоджанні аўтамабіля працаўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў, трымаюць у ШІЗА ўжо больш за тры тыдні. Ягоная жонка распавяла belsat.eu, што вязня асабіста збіваў начальнік калоніі.

«Арцёма дагэтуль катуюць у папраўчай калоніі №15. З 8 чэрвеня ён знаходзіцца ў ШІЗА. Паводле ягоных словаў, да яго на працягу шасці дзён падсаджваюць неадэкватных зняволеных, псіхічна хворых людзей. Ён ужо тыдзень нармальна не спаў», – кажа жонка вязня Вольга.

Пра здзекі над Арцёмам Анішчуком стала вядома напачатку чэрвеня. Вязень паведаміў адвакату, што з моманту прыбыцця ў калонію ў красавіку супраць яго пастаянна ўжываліся катаванні. Акрамя таго, на яго завялі новую крымінальную справу – паводле арт. 411 («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). На знак пратэсту супраць катаванняў Арцём Анішчук здзейсніў акт членашкодніцтва: праглынуў металічны прадмет.

Інфармацыя пра катаванні была апублікаваная ў незалежных медыях. Неўзабаве Генеральная пракуратура выступіла з абвяржэннем гэтых звестак. Сцвярджалася, што калонію №15 наведаў намеснік начальніка аддзела па нагляду пракуратуры Магілёўшчыны. «Падчас асабістай гутаркі з пракурорскім работнікам Арцём Анішчук не выказваў скаргаў на стан здароўя. На пытанне аб прычынах праглынанні іншароднага прадмета растлумачыў, што проста хацеў трапіць у мэдычную частку», – адзначалася ў прэс-рэлізе Генпракуратуры.

Прадстаўнікі пракуратуры ў калонію сапраўды прыязджалі. Менавіта пасля гэтага Арцёма Анішчука змясцілі ў ШІЗА. Вязень распавёў адвакату, што пасля візіту людзей з пракуратуры яго асабіста збіваў начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка.

«Начальнік калоніі заявіў Арцёму, што ён будзе знаходзіцца ў ШІЗА да суду па 411-м артыкуле», – распавяла Вольга. Дата суду пакуль не прызначана.

28 чэрвеня падчас сустрэчы з адвакатам Арцём Анішчук таксама распавёў, якія металічныя прадметы ён раней праглынуў на знак пратэсту: мэблевы болт, гайка, металічны кручок і пласцінка памерам 2 на 1 сантыметраў. Пры гэтым фактычна яму не аказваюць медычную дапамогу.

«15 чэрвеня я асабіста была на прыёме ў лекара. Лекарка мне сказала, што яму аказваецца ўся неабходная медычная дапамога. Але гэта хлусня. Ніякай медычнай дапамогу акрамя флюараграфіі ён не атрымаў», – кажа Вольга.

Гісторыі
Пагражалі згвалціць дручком, павесіць на дрэве, станавіліся на галаву і ўтоптвалі ў асфальт. «Гэта асабістая помста»
2021.06.17 15:44

У лютым 2021 года 32-гадовага работніка метрапалітэну Арцёма Анішчука прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Зацятае хуліганства») і пакаралі 2 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Арцёма і яшчэ чатырох мужчынаў (Ягор Яўстратаў, Павел Сахарчук, Андрэй Нячыпар, Антон Быкоўскі) затрымалі ў верасні 2020 года ў той момант, калі яны псавалі аўтамабіль, якім карыстаўся міліцыянт (пракалолі апоны, залілі мантажнаю пенаю дзвярныя праёмы, залілі фарбаю кузаў). Затрыманых жорстка збівалі і труцілі газам, хоць ніхто з іх не аказваў супраціву.

Як высветлілася на судзе, абвінавачаныя былі ўдзельнікамі тэлеграм-чату, дзе абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ў краіне і метады супраціву незаконным дзеянням сілавікоў. На знак пратэсту супраць гвалту і катаванняў над мірнымі пратэстоўцамі менчукі пастанавілі пашкодзіць машыну міліцыянта. У абмеркаванні і ў самой акцыі бралі ўдзел агулам 9 асобаў, але на лаве падсудных апынуліся пяцёра, астатнія фігуруюць як «неўстаноўленыя асобы». Абвінавачаныя мяркуюць, што гэта былі сілавікі, якія ў іхнай кампаніі фактычна выконвалі ролю правакатараў і падбухторвалі да больш рашучых дзеянняў.

Hавiны
«Пастаянна ўжываліся катаванні». Як адбываюць пакаранне фігуранты справы пра пашкоджанне аўта працаўніка ДВП
2021.06.10 10:10

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў