Міліцыянт з Драгічына хоча пакараць 97 асобаў за каментары пра яго ў «Аднакласніках»


На паўтара года «хатняй хіміі» асудзілі жанчыну за каментар пра маёра міліцыі з Драгічынскага РАУС Юрыя Чарнышкова пад фота ў «Аднакласніках», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Міліцыянт плануе знайсці і пакараць усіх каментатараў.

29 чэрвеня ў судзе Бярозаўскага раёну разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні Таццяны Дзямідчык, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу.

Справу вяла суддзя Алена Нямкова, бок дзяржаўнага абвінавачання прадстаўляў пракурор Дзмітрый Яфімаў. Пацярпелым у справе праходзіў маёр міліцыі з Драгічынскага РАУС Юрый Чарнышкоў.

Таццяна Дзямідчык і маёр міліцыі Юрый Чарнышкоў у судзе.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Паводле абвінавачання, Таццяна Дзямідчык 14 жніўня 2020 года прыблізна ў 14 гадзінаў 26 хвілін, будучы па месцы жыхарства, мела намер і мэту публічна абразіць прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, а таксама з мэтаю прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады, пакінула каментар у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад фота Юрыя Чарнышкова наступнага зместу: «Маму шкада, урода нарадзіла». Згодна з ацэнкаю эксперта, каментар утрымліваў негатыўную ацэнку супрацоўніка міліцыі.

Абвінавачаная віну прызнала. Суду патлумачыла, што яна была дома, дзе даглядае хворага свёкра, пабачыла ў «Аднакласніках» інфармацыю, што Юрый Чарнышкоў збіваў дзяўчыну, а пасля здаў яе АМАПу, пад уплывам эмоцыяў пакінула каментар.

Міліцыянт распавёў, што пасля з’яўлення таго паста і каментароў пад ім яму і ягонай сям’і сталі пагражаць, а ў ягоным двары падпалілі чатыры аўтамабілі.

Чарнышкоў падаў заяву ў Следчы камітэт і пакінуў свой нумар тэлефона на выпадак, калі нехта захоча выбачыцца перад ім. Аднак за ўвесь час патэлефанаваў толькі адзін чалавек.

Агулам жа пад фота з выяваю Чарнышкова з’явілася 97 каментароў, і ўсіх каментатараў ён збіраецца знайсці і прыцягнуць да адказнасці. Суд над Таццянай Дзямідчык – ужо пяты працэс, дзе Юрый Чарнышкоў праходзіць пацярпелым.

Акрамя «хатняй хіміі», Таццяну Дзямідчык абавязалі выплаціць маёру Чарнышкову 1500 рублёў маральнай кампенсацыі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў