Хацеў абараніць маці – трапіў у калонію. У Гомлі – чарговы прысуд за гвалт у дачыненні міліцыянтаў


35-гадовага Сяргея Дзецука Цэнтральны суд Гомля пакараў 3 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі за тое, што мужчына стаў на абарону маці, якая не хацела аддаваць міліцыянтам свайго тэлефона, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сяргей Дзецук.
Фота: скрыншот з відэа МУС

Да жыхаркі Гомля Валерыі Дзецук, былой выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту, міліцыя прыйшла з аглядам 5 сакавіка. Паводле інфармацыі МУС, 28 лютага каля вёскі Асаўцы некалькі жанчын правялі пікет з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатам з надпісам «Змагаркі усяго свету! Віншуем вас са святам 8 сакавіка». Валерыя нібыта ў гэтым пікеце ўдзельнічала.

Міліцыянты запатрабавалі ў жанчыны тэлефон, але яна не хацела яго аддаваць. Маці падтрымаў і стаў на яе абарону 35-гадовы сын Сяргей, які ў той час быў дома. Пазней Сяргей распавядаў, што ў адказ амапаўцы занеслі яго ў іншы пакой, і там падчас размовы чалавек, які прадставіўся начальнікам нейкага аддзелу, сказаў, што «асабіста ўзяўся» за сям’ю Дзецукоў, і ўсе яны «будуць сядзець».

У прэс-службе МУС паведамілі, што Сяргей Дзецук агрэсіўна адрэагаваў на з’яўленне міліцыі, абражаў іх і пагражаў гвалтам. Пазней мужчына супакоіўся, але матэрыялы праверкі адправілі следчым.

Сяргееву маці асудзілі за фота з БЧБ-сцягам.

24 сакавіка затрымалі і самога Сяргея. На яго завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК РБ – «Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі».

Да суда ён заставаўся ў Гомельскім СІЗА. Працэс распачаўся 29 чэрвеня і цягнуўся два дні.

Справу разглядаў суддзя Віктар Казачок. Ён прызнаў Сяргея Дзецука вінаватым і пакараў яго 3 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў