Супрацоўнікам МНС Беларусі збіраюцца выдаць зброю для здушэння пратэстаў


Міністр надзвычайных сітуацыяў Вадзім Сіняўскі распавёў пра перападрыхтаванне беларускіх ратавальнікаў да дзеянняў у «асаблівых умовах». У эфіры СТВ чыноўнік заявіў, што служба бліжэйшым часам атрымае зброю ад Міністэрства абароны для супрацьдзеяння масавым беспарадкам і памяншэння магчымасцяў «выпрабаваць на трываласць беларускае грамадства».

Вадзім Сіняўскі, міністр МНС. Скрыншот: YouTube

Сіняўскі заявіў, што загадаў узброіць МНС асабіста Лукашэнка:

«Кіраўнік дзяржавы мне паставіў задачу падрыхтаваць беларускіх ратавальнікаў да дзеянняў у асаблівых умовах. Першае – гэта ўнутраныя праблемы. Праблемы, звязаныя з масавымі беспарадкамі. Таму ў інтарэсах органаў унутраных справаў мы будзем вырашаць гэтую задачу. У выпадку ўзброенага канфлікту ці агрэсіі ў дачыненні нашай краіны – у інтарэсах Міністэрства абароны. Ідзе падрыхтоўка нашых падраздзяленняў да працы ў гэтых кірунках дзейнасці», – распавёў Сіняўскі.

Чыноўнік паведаміў, што адбудзецца ўзбраенне асабовага складу МНС, да 15 чэрвеня Міністэрства абароны перадасць «неабходнае ўзбраенне». Сіняўскі таксама дадаў, што гэтыя задачы будуць выконвацца выключна пры ўзнікненні «асаблівых умоваў».

«Гэта важны ключавы момант. Бо вельмі шмат з гэтай нагоды меркаванняў, да нас паступаюць розныя звароты. Шчыра кажучы, і нашыя работнікі былі ўсхваляваныя, як яны будуць выконваць гэтыя задачы. Але калі яны акунуліся ў працэс падрыхтоўкі, усё стала на свае месцы, усе выдатна разумеюць, чаму, калі і пры якіх умовах мы будзем займацца гэтым», – заявіў кіраўнік МНС.

Сіняўскі заявіў, што захады для рыхтавання ратавальнікаў зменшаць колькасць магчымасцяў «нядобразычліўцам» чарговы раз «выпрабаваць на трываласць беларускае грамадства».

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў