Спікер Сейма Літвы: «Мы не хочам стацца яшчэ адной Бучай альбо Марыупалем»


У Вільні адбываецца пленарнае пасяджэнне Парламенцкай Асамблеі NATO. Спікер Сейма Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну балтыйскім краінам трэба адаптавацца да новых рэаліяў і выклікаў. Палітык заклікала прадстаўнікоў Паўночнаатлантычнага альянсу актыўна дзейнічаць на абодвух франтах абароны: на гарачым – ва Украіне і халодным – на межах NATO, паведамляе «Delfi.lt».

Паседжанне Сейма Літвы.
Фота: Delfi

«Насамрэч «халодны» фронт знаходзіцца менавіта тут, усяго ў 25 км ад будынку Сейма. Каб халодны фронт не стаў гарачым, неабходна, па-першае, перамога Украіны і, па-другое, істотнае ўзмацненне абароназдольнасці NATO, каб Крэмль ні на хвіліну не ставіў пад сумнеў рашучасць NATO абараняць чальцоў блоку і тым болей, не вырашыў раптам выпрабаваць гэтую рашучасць уласнай агрэсіяй», – заявіла Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

Паводле яе слоў, з прычыны вайны і распальвання антынатаўскай рыторыкі ў Расеі, Альянс павінен быць цалкам падрыхтаваны да тэрміновай калектыўнай абароны ў выпадку агрэсіі.

Палітык адзначыла, што на яе нашу думку, NATO павінна перайсці ад паступовага рэагавання, да разгортвання перадавых сіл, здольных неадкладна заняць паўнавартасную абарону.

«Калі ласка, зразумейце, што з улікам злачынстваў расейскага войска і яго нечалавечай жорсткасці, мы не хочам стаць яшчэ адной Бучай або Марыупалем», – заявіла кіраўнік літоўскага парламента.

У панядзелак у Сейме праходзіць пленарнае пасяджэнне Парламенцкай Асамблеі NATO, на якім абмяркоўваюцца вайна ва Украіне і пагрозы, якія зыходзяць ад Расеі. Гэтае паседжанне было запланавана ў Кіеве, але пасля ўварвання Расеі ва Украіну яно было перанесена ў Вільню.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў