Шольц: «Пуцін не пераможа. Нямеччына з Украінаю думкамі і сэрцам»


Оляф Шольц выказаўся пра хаду поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Канцлер Нямеччыны заявіў падчас тэлемарафону «Save Ukraine» пра падтрыманне ўкраінскага народу і раскрыў планы пасляваеннага аднаўлення Украіны.

Федэральны канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. 2017 год.
Фота: bundesfinanzministerium.de

«Мы разам з вамі думкамі і сэрцам. Пуцін не пераможа. Мы разам з вамі, мы аб’яднаныя. Мы будуем планы пасляваеннага аднаўлення Украіны», – сказаў Шольц.

Канцлер Нямеччыны заявіў, што ягоная краіна штодня падтрымлівае Украіну з таго моманту, як Расея здзейсніла вайсковае ўварванне. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на фінансавую дапамогу, каб не абрынулася ўкраінская эканоміка.

«Нямеччына разам з сябрамі і партнёрамі дапамагае, каб украінская эканоміка не зазнала вялікага падзення», – заявіў Шольц.

Таксама канцлер падкрэсліў, што Нямеччына гасцінна прыняла амаль 800 тысячаў уцекачоў з Украіны. Нагадаем, што Нямеччына найбліжэйшым часам вылучыць Украіне 1 мільярд еўраў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў