Кавалеўскі: Офіс Ціханоўскай у Кіеве выконвае заўважную функцыю прадстаўніцтва Беларусі ва Украіне


Валер Кавалеўскі распавёў у эфіры «Белсату», чым займаецца адкрытае нядаўна прадстаўніцтва Офісу Святланы Ціханоўскай у Кіеве. Дыпламат заявіў, што ініцыятыва адыгрывае важную і прадстаўнічую функцыю і ёсць адзіным прадстаўніцтвам Беларусі ў Кіеве, бо з пачатку вайны прадстаўнікі лукашэнкаўскай амбасады выехалі.

Валер Кавалеўскі.
Фота: Telegram / CabinetST

Кавалеўскі адзначыў, што галоўная мэта офісу – паказаць, што сапраўдная Беларусь – з Украінай. Апроч таго, офіс абараняе інтарэсы беларусаў, якія засталіся ва Украіне, бо існуюць праблемы з банкаўскімі карткамі, стаўленнем, беларускаю тапанімікаю, міграцыйнымі пытаннямі.

«Мы працуем над тым, каб менш беларускага не станавілася. Імкнемся выбудоўваць дачыненні паміж Украінай і сапраўднаю Беларуссю. З Офісам прэзідэнта, Вярхоўнаю Радаю. Спадзяюся, заканадаўчы орган стане голасам падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Мы імкнемся даносіць інфармацыю, што беларусы падтрымліваюць Украіну, нягледзячы на тое, што фактычна апынуліся ў турме ў сваёй уласнай краіне», – заявіў Кавалеўскі.

Палітык спадзяецца, што дзейнасць Офісу ў Кіеве паўплывае на тое, каб прагматычныя інтарэсы Украіны не задавалі тону ў дачыненнях Беларусі і Украіны. Кавалеўскі згадаў, што такая палітыка гандлю перад вайною шмат у чым дапамагла Лукашэнку застацца на сваёй пазіцыі.

Інтэрв’ю
«Гэта не проста полк…» Беларускі баец Дзяніс Кіт расказаў, чаму легендарны «Азоў» немагчыма перамагчы
2022.05.27 08:30

Дыпламат дадаў, што каманда Офісу будзе ажыццяўляць сувязі не толькі з урадам краіны, але і з беларускімі добраахвотнікамі:

«Было шмат сустрэчаў з кіраўніцтвам палка Каліноўскага і полкам «Пагоня». Мы добра выслухалі крытыку і імкнемся выбудаваць палітыку Офісу Ціханоўскай з улікам усіх меркаванняў. Мы ўсе хочам пераменаў, гэта нас яднае. Мы таксама хочам ведаць, чым можам дапамагчы цяпер».

Апроч іншага, Кавалеўскі згадаў пытанне заблакаваных рахункаў і банкаўскіх картак:

«Праблема для беларусаў больш сур’ёзная. У першыя дні вайны Нацыянальны банк пастанавіў замарозіць беларускія рахункі. Трэба дамагчыся скасавання гэтай пастановы для беларусаў, якія жывуць і засталіся ва Украіне, для бізнесаў нашых грамадзянаў».

Аналітыка
Беларусам ва Украіне заблакавалі банкаўскія карты. Што можна зрабіць?
2022.03.07 11:49

Офіс Ціханоўскай у Кіеве працягвае збіраць звесткі пра беларусаў, якія падаюць запыты на размарожванне рахункаў, верыфікуе іх, каб перадаць звесткі адразу ў банкі.

«Мы стараемся выбудаваць стасункі з дыяспараю ва Украіне. Значная частка выехала, але тыя, хто застаўся, вельмі актыўныя. Там важна працаваць, каб дапамагчы Украіне і адстаяць беларускія інтарэсы», – дадаў Кавалеўскі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў