Беларускі валютны рынак: адлюстраванне сітуацыі на расейскім рынку і цяжкасці з прагназаваннем


Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка пераконвае беларусаў, што свае зберажэнні варта захоўваць менавіта ў той валюце, у якой людзі атрымліваюць заробак, а значыць, паводле словаў прэмʼера, менавіта ў беларускіх рублях. Вось толькі банкі сёння прымаюць уклады ад насельніцтва пад 20 %. А інфляцыя з пачатку году склала каля 17 %.

«Белсат» высвятляў з эканамістамі, што адбываецца з курсам беларускага рубля і як лепей распараджацца сваімі зберажэнням.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

На валютным рынку ў Беларусі надалей сітуацыя, якая фактычна адлюстроўвае сітуацыю на расейскім рынку. Анастасія Лузгіна, старшы навуковы супрацоўнік цэнтру эканамічны даследаванняў BEROC у размове з «Белсатам» кажа, што цяпер асноўнай тэндэнцыяй на валютным рынку з’яўляецца ўплыў ваганняў расейскага рубля на нашую валюту. Пакуль у Расеі рубель умацоўваецца з некаторымі ваганнямі. Адпаведна мы бачым, што беларускі рубель ідзе за ім.

Вядома, кажа эксперт, што курс рубля ў нашай краіне ўстанаўліваецца рынкавым шляхам, але вельмі моцна ўплываюць на курс таксама змены расейскай валюты. Гэта абумоўлена тым, што ў нашым кошыку валют 50 % менавіта расейскай валюты. Адпаведна, што змены курсу гэтай валюты ў дачыненні да долара і ўплываюць і на наш рубель. Аднак, мы цалкам не капіюем ваганні расейскага рубля.

«Напрыканцы кожнага месяца Нацбанк у прэсавым рэлізе паведамляе пра сваё ўмяшальніцтва на валютным рынку. Але гэтае ўмяшальніцтва адбываецца ў кароткатэрміновыя ваганні беларускага рубля ў адносінах да замежных валютаў, каб не дапусціць нейкіх рэзкіх ваганняў. Напрыклад, у красавіку Нацыянальны банк набываў валюту, каб не дапусціць больш рэзкага ўмацавання курсу ў пэўныя дні месяца», – кажа Анастасія Лузгіна.

Аналітыка
Эксперты пра беларускую эканоміку: Штыль можа вельмі рэзка змяніцца бурай
2022.05.06 14:54

Пакуль істотную ролю ў фармаванні курсу беларускага рубля аказвае расейскі і гэта з’яўляецца ўплывам вонкавых рынкаў. Але ёсць таксама і ўнутраныя фактары, звяртае ўвагу эканаміст. Гэтыя фактары ў сваю чаргу сведчаць, што вострай неабходнасці ў аслабленні беларускага рубля ў дачыненні да долара, напрыклад, пакуль няма.

«Гэта абумоўленае ў тым, што сальда вонкавага гандлю пакуль станоўчае. У краіну паступае валюты болей, чым назіраем адтоку. Гэта, вядома, не заўсёды з’яўляецца сведчаннем, што ў эканоміцы насамрэч усё добра і станоўча. Але калі паглядзець на рост аб’ёмаў гандляванняў, то мы бачым, што ў студзені-сакавіку яны рэзка скараціліся ў параўнанні са студзенем-лютым сёлета. Хаця сальда станоўчае, выглядае нават лепш, чым у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году», – кажа Анастасія Лузгіна.

Пункт абмену валют у гандлёвым цэнтры. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Зрэшты, беларускія чыноўнікі прызнаюць, што эканоміка нашай краіны запавольваецца. Паводле Белстату, валавы ўнутраны прадукт Беларусі за студзень-красавік сёлета знізіўся на 2,1 % у параўнанні са студзенем-красавіком мінулага году. Таму некаторыя станоўчыя паказнікі ў будучыні таксама могуць паказаць іншыя рэзультаты. Адсюль эксперты кажуць, што сёння агучваць нейкія прагнозы даволі складана.

«Нават у Расеі эксперты агучваюць зусім супрацьлеглыя думкі ў справе магчымых зменаў курсу расейскага рубля. Гэтыя разыходжанні ў прагнозах расейскіх аналітыкаў абумоўленыя ў тым, што ёсць фактары нявызначанасці, якім чынам будзе працаваць эканоміка Расеі ва ўмовах санкцыяў. Другі момант – якім чынам будзе сябе паводзіць Цэнтрабанк Расеі, ці будзе ён адмяняць валютныя абмежаванні, якія цяпер уведзеныя. Нацбанк Беларусі абмежаванняў не ўводзіў. А ў Расеі іх даволі шмат. Частку абмежаванняў адмянілі, але яны да гэтага часу застаюцца», – звяртае ўвагу Анастасія Лузгіна.

І шэраг абмежаванняў, паводле суразмоўцы «Белсату», пакуль ціснуць на курс долара і садзейнічаюць росту расейскага рубля.

Як захаваць свае зберажэнні?

Яшчэ некаторы час таму эканамісты звярталі ўвагу, што калі ёсць зберажэнні, то варта іх захоўваць у некалькіх валютах. Частку грошай варта канвертаваць у долары ЗША, іншую – у еўра, расейскія рублі. Беларускія рублі можна было выгадна захоўваць у дэпазітах у банках. Пасля выбараў у 2020 годзе беларусы пачалі масава забіраць з банкаў свае зберажэнні, паколькі даверу да айчыннай банкаўскай сістэмы не засталося. А пасля расейскага ўварвання ва Украіну і ўвядзення санкцыяў супраць Расеі таксама няма ўпэўненасці ў расейскай валюце. Але эканамісты кажуць, што цяпер складана даваць парады, як лепей распарадзіцца сваймі зберажэннямі.

«У кожнага свае прычыны для зберажэнняў. Калі праз месяц, ці два неабходная валюта для пэўных мэтаў, то лепей захоўваць грошы менавіта ў гэтай валюце. Але ў існых умовах лепей прытрымлівацца надалей прынцыпаў дэвірсіфікацыі, бо на сёння вельмі шмат нявызначанасцяў. Складана спрагназаваць як будзе сябе паводзіць курс беларускага рубля, ці долара ў дачыненні да іншых валютах. Невядома, як будзе працаваць эканоміка, няма інфармацыі, ці будуць надалей уводзіцца санкцыі і якімі яны будуць, калі ўвядуць. Вельмі шмат невядомых аспектаў», – дае парады Анастасія Лузгіна, старшы навуковы супрацоўнік цэнтру эканамічны даследаванняў BEROC.

Эксперт удакладняе, што ў любым выпадку варта найлепей пераводзіць свае зберажэнні ў розныя валюты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Што да дэпазітаў, то пакуль сітуацыя выглядае даволі спрэчнай. Беларусы пасля падзеяў у жніўні 2020 году страцілі давер да банкаўскай сістэмы краіны. Грамадзяне масава выводзяць свае зберажэнні. Банкі на працягу некаторага часу нават вымушаныя былі ўвесці абмежаванні на зняцце дэпазітаў. Сёння чыноўнікі пераконваюць, што сітуацыя стабілізавалася. Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, пераконвае, што ён сам асабіста карыстаецца правілам «у чым зарабляе, у тым і захоўвае», і зберагае грошы, большай часткай, у беларускіх рублях, і грамадзянам таксама раіць «не тузацца». Вось толькі інфляцыя ў Беларусі на красавік разагналася да 16,8 %. Пры гэтым банкі прапаноўваюць дэпазіты ў межах 20 % гадавых.

Падчас прыняцця рашэнняў пра размяшчэнне зберажэнняў у рублёвых дэпазітах Анастасія Лузгіна раіць пільна вывучаць стаўкі банкаў, паколькі яны павінныя перавышаць стаўкі цякучай і чаканай інфляцыі.

Эканоміка з Чалым
Чалы прадказаў правал імпартазамяшчэння
2022.05.26 16:35

Мікалай Каткоў, belsat.eu

Стужка навінаў