Андрэя Стрыжака збіраліся шантажаваць або «зліквідаваць»? Гэта не можа спыніць BYSOL


Спыталі кіраўніка BYSOL, ці ў бяспецы ён і працаўнікі фонду. Стрыжак упэўнены: шантажаваць ці «ліквідоўваць» яго не мае сэнсу, бо фонд не завязаны на адной асобе.

Выданне «Наша Ніва» апублікавала 29 траўня аўдыязапіс, на якім, як сцвярджаецца, абмяркоўваецца план шантажу ці нават забойства кіраўніка фонду салідарнасці BYSOL Андрэя Стрыжака.

Фрагменты аўдыя выданню перадаў былы баец спецыяльнага падраздзялення «Алмаз» Ігар Макар. Ён заяўляе, што на аўдыя яго схіляе сабраць кампрамат на Стрыжака (або нават забіць яго, «калі першы варыянт не пройдзе») іншы былы сілавік – былы баец АМАПу Павел Кулажанка, вядомы як блогер пад нікам Exomon, чалец руху «Супраціў» і, імаверна, баец палка Каліноўскага.

Гэтае аўдыя сапраўднае?

Гэта невядома. Аўдыязапіс не цэлы: «Наша Ніва» адзначае, што Макар перадаў некалькі асобных фрагментаў аўдыя. Голас на іх падобны да голасу Кулажанкі, але без экспертызы нельга ўпэўнена заяўляць, што голас ягоны.

Павел Кулажанка адмовіўся даваць каментар «Нашай Ніве», а «Белсату» адказаў:

«На гэты момант не лічу неабходным каментаваць ні каларадскага фрыка, ні Жоўтую Ніву».

Крыніца, звязаная з рухам «Супраціў», якая пажадала застацца ананімнай, так каментуе «Белсату» гэтае аўдыя:

«Злеплены запіс, у якім тэарэтычнае планаванне, да якога схіляў такі персанаж, як Макар. Але цалкам магчыма, карані ляжаць у асабістых адносінах галоўрэда «Нашай Нівы» і [дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака] Вячоркі, а гэтак жа ў тым, што ашуканцы з Адэсы шчыльна супрацоўнічалі са Стрыжаком».

Полк Каліноўскага, пра службу ў якім заяўляе ў сацсетках Кулажанка, адказаў «Белсату», што каментары адносна гэтага аўдыя можа даваць кожны з удзельнікаў, а сам полк не разумее, якое дачыненне мае да аўдыя. Макар заяўляе, што запіс быў зроблены 28 снежня 2020 года, а палка на той момант не існавала.

На момант публікацыі Ігар Макар не адказаў на паведамленне «Белсату» з пытаннямі пра гэтае аўдыя.

Макар называў замоўніцай шантажу Стрыжака кіраўніцу цэнтру «Наш дом» Вольгу Карач. Яна на Youtube адказала жартамі пра «падвал у Гомельскай вобласці». Яна дадала, што напісала заяву ў віленскую паліцыю «з патрабаваннем распачаць крымінальную справу і правесці дасудовае расследаванне адносна асобаў, пазначаных у гэтай публікацыі».

У каментары «Нашай Ніве» Андрэй Стрыжак заклікаў «памятаць, што беларускай уладзе вельмі карысна, каб мы паміж сабой увесь час с**ліся [сварыліся]» і адзначыў, што не любіць дапушчэнняў. Макар жа дапускаў, што ліквідаваць хацелі якраз яго, а не Стрыжака, раз той усё яшчэ жывы.

Стрыжак і BYSOL у бяспецы?

Андрэй Стрыжак кажа «Белсату»: ад самага пачатку працы, з 2020 года, BYSOL разумеў, якой ёсць структураю і ў якім становішчы апынуўся, таму прымаў пэўныя захады бяспекі.

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL. Вільня, Літва. 20 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Не магу сказаць, што гэта першы такі званочак, – кажа Стрыжак пра аўдыя Макара. – Мы агулам жывём у такім рэжыме амаль штодзённай пагрозы.

Ёсць пэўныя пратаколы, пэўныя алгарытмы, паводле якіх мы працуем. Гэта дазваляе сказаць, што тое, што залежыць ад нас у сферы бяспекі, больш-менш пільнуецца. Ясна, што ты ніколі не можаш прадугледжваць форс-мажораў, нейкіх штукаў, што могуць здарыцца, бо хтосьці вельмі добра ўсё спланаваў…

Але калі адказваць каротка, ці я і нашыя працаўнікі ў бяспецы, дык з нашага боку зроблена ўсё, каб гэта было так».

Фонд мае не толькі публічных прадстаўнікоў, але і непублічных працаўнікоў і валанцёраў. Стрыжак тлумачыць: таму працаўнікі і непублічныя, каб быць у большай бяспецы за публічных прадстаўнікоў, і што можна зрабіць дзеля іхнай бяспекі, тое робіцца.

Артыкулы
Як працуе «падземная чыгунка» Беларусі. Інтэрв’ю з кіраўніком «BySol» Андрэем Стрыжаком
2022.02.11 10:56

Сам жа Стрыжак аховы не мае і, як кажа, за ўвесь час не меў. Пра сваю бяспеку ён клапоціцца сам, але гэта толькі «пэўныя моманты, калі трэба паводзіцца больш бяспечна», а звычайнае ягонае жыццё «выглядае дастаткова спакойна, гэта не нейкія суперабмежаванні». Ён прыводзіць прыклады: не выязджаў за межы Еўразвязу, не лятаў над Беларуссю яшчэ са жніўня 2020 года і ўсім не раіў (затрыманне Рамана Пратасевіча паказала, што гэта было недарэмна).

У Літве, кажа Стрыжак, ён «даволі шчыльна» кантактуе з дзяржаўнымі органамі – і бачыць іх стаўленне да Беларусі і «зацікаўленасць у тым, каб беларусы, якія мусілі з’ехаць праз палітычны пераслед, пачуваліся тут добра і бяспечна».

«Усё залежыць ад таго, каб усе, хто мусяць быць на сваіх месцах і рабіць, што мусяць, рабілі гэта і былі на сваіх месцах, – робіць выснову Стрыжак і згадвае, што за жыццё пабываў у месцах, больш небяспечных за Літву – на ўласныя вочы бачыў вайну на Данбасе.

Судзіцца з BYSOL яшчэ не спрабавалі

Голас на аўдыя, што нібыта належыць Кулажанку, гаворыць, сярод іншага: «Вось я ўклаў $ 20 у фонд […] Я магу на іх падаць у суд, калі мне проста там падасца, што яны там махляры». А спрабавалі?

Стрыжак кажа, што пра такія факты не ведае: магчыма, дзесьці хтосьці і звяртаўся да праваахоўнікаў, але ў Літоўскай Рэспубліцы, дзе зарэгістраваны фонд, да BYSOL не было ніводнага пазову.

«Мы працуем у праўным полі, – запэўнівае Стрыжак. – Мы не робім нічога супрацьзаконнага, таму, можа быць, ніхто і не звяртаўся».

Улады Беларусі ж назвалі BYSOL «экстрэмісцкім фармаваннем», распачалі крымінальныя справы за дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Два тыдні таму стала вядома, што асабіста супраць Стрыжака распачалі новую справу за «фінансаванне ўзброенага канфлікту» праз падтрыманне беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

Аналітыка
Ад гуманітарнай дапамогі да беларускіх атрадаў: як беларусы могуць дапамагчы (і ўжо дапамагаюць) украінцам на вайне
2022.03.04 13:45

Арышт як пагрозу Стрыжак зусім не разглядае – хіба толькі выкраданне і «арышт» ужо ў Беларусі. Але і гэта, упэўнены ён, будзе марна.

Пазбавіцца ад BYSOL немагчыма праз адну толькі асобу

«Нашая сістэма дэцэнтралізаваная, – тлумачыць Стрыжак. – Для таго, каб вырубіць усе працэсы і ўсе сістэмы, трэба вельмі шмат чаго зрабіць. Адназначна не толькі мая асоба ў гэтым задзейнічаная.

Па-другое, гэта юрыдычная асоба, што працуе ў праўным полі. Я не магу яе ў адзін момант пад ціскам шантажу закрыць, напрыклад. І мы зрабілі ўсё для таго, каб нават мая фізічная ліквідацыя, калі яна адбудзецца, не паўплывала на ўсе працэсы.

Усё рэальна не завязанае на мне, не сканцэнтраванае на мне. Таму калі камусьці хочацца спыніць працу BYSOL, дык мая фізічная ліквідацыя гэтаму не дапаможа».

Стрыжак падкрэсліваў, што не мае персанальнага доступу да сродкаў фонду BYSOL і не распараджаецца імі асабіста. Як выглядае сістэма працы з грашыма ў фондзе, BYSOL публічна не дэманструе.

Артыкулы
Ці не на карысць рэжыму эвакуацыя актывістаў з Беларусі? Спыталі тых, каго вывезлі
2022.02.08 13:55

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў