«Жывем з усведамленнем, што робім нешта важнае». Пяцёра беларусаў галадаюць у цэнтры Варшавы


У цэнтры Варшавы, перад прадстаўніцтвам Еўракамісіі, на кемпінгавых крэслах сядзяць пяць чалавек, апранутых у коўдры і беларускія сцягі. Вось ужо тры дні яны п’юць толькі ваду. Галадоўнікі патрабуюць прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным і неадкладна накласці эканамічныя санкцыі на Беларусь за рэпрэсіі, якім падвяргаюцца праціўнікі ўладаў.

Ініцыятарамі галадоўкі зʼяўляюцца дзве маладыя беларускі – Стася Гліннік і Бажэна Шамовіч. Стася падтрымлівае беларускіх пратэстоўцаў ужо даўно. Яна, напрыклад, была арганізатаркай шматтысячнай дэманстрацыі перад амбасадай Беларусі яшчэ да выбараў, у чэрвені 2020 года. Вучыцца ў Галоўнай школе сельскай гаспадаркі ў Варшаве, але ўзяла сабе год перапынку«, як яна кажа, «на рэвалюцыю». Яна таксама ўнучка першага лідара незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, і цяпер яна працуе разам з Бажэнай у Моладзевым хабе – арганізацыі, якая дапамагае маладым беларусам у Польшчы.

Удзельніцы бестэрміновай галадоўкі: злева Стася Гліннік, Бажэна Шамовіч і Дзяна Ігнаткава выступаюць з рэзалюцыяй Сената, якая асуджае «радыкальныя дзеянні ўладаў Беларусі».
Фота: Swieta Far / Belsat.eu

Бажэна навучаецца ў тэатральнай акадэміі ў Варшаве і ў Польшчу прыехала ў кастрычніку. Паходзіць з Глыбокага. Упершыню пратэставала ў канцы 2019 года супраць інтэграцыі з Расеяй. Затым удзельнічала ў кампаніі Святланы Ціханоўскай. Яна з гонарам расказвае, што ў яе 20-тысячным гарадку на выбарчы пікет у працоўны дзень прыйшлі ажно 2 тыс. чалавек. Падчас пратэстаў перад яе домам дзяжурыла міліцыя. Па яе словах, яе выратавала тое, што яна наведвала шмат якіх мясцінаў Беларусі, і сілавікі не здолелі заспець яе ўдома.

Бажэна Шамовіч уцякла ў Польшчу ў кастрычніку, але не спыніла сваіх дзеянняў па дэмакратызацыі Беларусі.
Фота: Swieta Far / belsat.eu

– Ідзе трэці дзень галадоўкі, і, шчыра кажучы, нават думаць пра ежу няма сіл. Мы даем інтэрвʼю, пастаянна хтосьці падыходзіць і хоча пагаварыць з намі. Мы збіраем подпісы пад петыцыяй. Праз усё гэта ўвечары мы адразу засынаем, хоць знаходзімся ў цэнтры гораду, – распавядае Бажэна.

Удзельнікі галадоўкі перад прадстаўніцтвам Еўракамісіі ў Польшчы пабудавалі невялікі намётавы гарадок.

– Учора да нас прыходзіў лекар, вымяраў нам пульс і ціск. Усе паказнікі пакуль не самыя горшыя, – распавядае Бажэна.
Фота: JS/ Belsat.eu

На пытанне, ці не цяжка галадаць насупраць двух рэстаранаў, дзяўчына смяецца, кажучы, што ў гэтым хапае іроніі:

– Часам людзі прыходзяць з «Макдональдса» і садзяцца на лаўку насупраць нас і ядуць, і мы практычна ўжо не звяртаем на гэта ўвагі.

Прафсаюзны дзеяч Дзмітрый Кудзялевіч збег з сядзібы КДБ у Салігорску праз акно.
Фота: Swieta Far / Belsat.eu

– Былі выпадкі, калі людзі, бачачы, што мы пратэстуем, прыносілі нам ежу, і нам даводзілася іх расчароўваць нашай адмовай, – распавядае яшчэ адзін удзельнік акцыі пратэсту, чалец страйкавага камітэту «Беларуськалію» Дзмітрый Кудзялевіч.

У дадатак да вышыванкі ён носіць фірмовую вопратку прадпрыемства і ходзіць з бел-чырвона-белым сцягам у руцэ.

Стачкамавец у жніўні 2020 года збег з сядзібы КДБ у Салігорску праз невялікае акенца ў прыбіральні, а затым прабраўся ва Украіну. За прафсаюзную дзейнасць быў звольнены пасля 20 гадоў працы на пасадзе інжынера. Кудзялевіч далучыўся да пратэсту, бо яму трохі сорамна, што цяжар пратэставых акцыяў бяруць на сябе ў Беларусі жанчыны.

– А гэта як раз і ёсць задача мужчынаў змагацца, – дадае ён, з чым, зрэшты, не згодныя яго спадарожніцы.

Дзіяна Ігнаткова, была адной з лідараў студэнцкага руху ў Менску.
Фота: Swieta Far / Belsat.eu

Яшчэ адна галадоўніца – Дзіяна Ігнаткова, былая студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў. У Варшаве з сакавіка. Яна зʼехала з Беларусі пасля таго, як КДБ уварваўся на ўстаноўчы сход лігі студэнцкіх абʼяднанняў і затрымаў больш як 30 удзельнікаў студэнцкага руху. Сярод іх была і Дзіяна. Сілавікі спачатку грунтоўна «пакапаліся» ў ейнай дзейнасці. Калі яны даведаліся, што яна адна са студэнцкіх лідараў, то сталі настойліва ўгаворваць яе падпісаць згоду на супрацу з КДБ. Пасля чаго яна вырашыла бегчы ў Польшчу.

– Я вельмі перажывала пачатак працэсу «справы студэнтаў», разумеючы сваё бяссілле. Таксама была затрыманая Юлія Чарняўская, мая выкладчыца ва ўніверсітэце, якую трымалі тры дні невядома дзе. Ува мне рос страх, потым яшчэ адбыўся інцыдэнт з самалётам. Да таго ж я слухаю, што мне кажуць мае блізкія, якія засталіся ў Беларусі. Я не магу глядзець на гэта, слухаць і нічога з гэтым не рабіць. Такі радыкальны крок, як галадоўка, прыцягвае ўвагу.

Удзельнікі галадоўкі спяць у намётах, усталяваных на ходніках перад прадстаўніцтвам Еўрапейскай камісіі ў Варшаве.
Фота: Swieta Far / Belsat.eu

– За дзень да галадоўкі я была вельмі засмучаная. А калі я тут, прыходзяць людзі, адчуваеш, што яны клапоцяцца, то робіцца добра. І гэта маральна значна лепш, чым не галадаць, сядзець дома, не маючы магчымасці ані працаваць, ані вучыцца ад хвалявання.

Удзельнікі акцыі пратэсту збіраюцца галадаць «да канца» – да ўвядзення супраць Беларусі эканамічных санкцыяў.

Пятая ўдзельніца галадоўкі – Даша, віяланчэлістка. З Беларусі яна збегла ў сакавіку, калі ў яе кватэры быў зладжаны ператрус. Яна не хоча казаць пра падрабязнасці сваіх пераследаў, баіцца раскрыць факты, якія маглі б нашкодзіць яе блізкім, якія знаходзяцца пад арыштам. Паводле яе, наогул лепш не згадваць пра гэта, бо часам мне адчуваеш сябе толькі горш.

Стася пацвярджае, што да іх няспынна падыходзяць неабыякавыя да лёсу Беларусі палякі. За тры дні яны атрымалі не менш за 300 новых подпісаў. Учора адбыліся чатыры дэманстрацыі падтрымкі і адзін канцэрт, на якім выступіў беларускі гурт. Сёння таксама пратэстоўцаў наведваюць спікер і віцэ-спікер Сената.

Спікер польскага Сенату Томаш Гродскі запэўнівае галадоўнікаў у сваёй падтрымцы і ўручае ім рэзалюцыю, якая асуджае «радыкальныя дзеянні ўладаў Беларусі». Як ён падкрэсліў, дакумент прынялі вельмі хутка, што ў польскіх умовах адбываецца рэдка. Стася з цяжкасцю хавала слёзы хвалявання.

Спікер Томаш Гродскі ўручае галадоўнікам рэзалюцыю Сената, якую прынялі аднагалосна.
Фота: JB/ Belsat.eu

Неўзабаве зʼяўляецца віцэ-спікеру Сената Багдан Барусевіч, які ўступае ў працяглую гутарку з беларускім стачкамаўцам.

– Гэта я ў 1980 годзе арганізоўваў страйк у Гданьску, – распавядае ён былому супрацоўніку «Беларуськалію».

– Гэта вы? Я адмыслова ў Гданьск паехаў, каб сфатаграфаваць гэтую браму. Сфатаграфуемся – пашлю таварышам па заводзе, – просіць яго Дзмітрый Кудзялевіч.

Беларускі прафсаюзны дзеяч і былы актывіст салідарнасці. Фота. Святы Far/ Belsat.eu

Багдан Барусевіч абвяшчае, што кожны з сенатараў возьме пад апеку аднаго з палітвязняў у Беларусі і адправіць яму ліст.

Візіту палітыкаў да галадоўнікаў чакалі камеры самых розных тэлеканалаў.

– Мы жывём з усведамленнем таго, што робім нешта важнае. І кожны дзень мы ведаем, што не можам здацца і давядзем справу да канца, – дадае Стася.

Галадоўнікам нялёгка. Праз дарогу працуюць два папулярныя рэстараны.
Фота: Swieta Far / Belsat.eu

jb/ belsat.eu

Стужка навінаў