30 траўня ў Горадні быў затрыманы галоўны рэдактар мясцовага парталу «Hrodna.life» Аляксей Шота. Пра гэта паведамляюць карэспандэнты «Белсату».
Аляксея Шоту затрымалі на вачах у сямʼі каля дому, дзе ён пражывае. Да яго падышлі невядомыя з белага бусу і без тлумачэнняў сказалі праехаць з імі.
Зараз галоўны рэдактар знаходзіцца ў Ленінскім РАУС Горадні. У чым яго вінавацяць, невядома. Пад дома журналіста працягвае стаяць бус.
Дададзена. Магчыма, Аляксея Шоту зноў вінавацяць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Калі яго выводзілі з дому пасля ператрусу, ён крыкнуў, што справа праз NEXTA. Зараз міліцыянты едуць з ператрусамі на іншыя адрасы. У рэдакцыі Hrodna.life пацвярджаюць артыкул 17.11 КаАП («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць»).
Сайт Hrodna.life у 2020-2021 гадах двойчы прызнавалі лепшым рэгіянальным выданнем Беларусі. Паводле Аляксея Шоты, у жніўні 2020 года партал быў адзіным у Горадні, хто асвятляў пратэсты. Гэта прынесла яму вялікі рост аўдыторыі, у тым ліку ў сацсетках, але і цяжкасці ў стасунках з уладамі.
Сёлета ў рэдакцыі і супрацоўнікаў «Hrodna.life» ужо праходзілі ператрусы, а самое выданне разам з галоўным рэдактарам атрымала вялізныя штрафы на 12 325 рублёў за матэрыялы з «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналу.
Цяпер у Hrodna.life працуе 9 чалавек. Пасля жніўня 2020 году з’ехаў за мяжу вядомы «журналіст на ровары» Руслан Кулевіч, якога затрымалі пасля выбараў і зламалі дзве рукі. Яшчэ адзін журналіст звольніўся з рэдакцыі з асабістых прычын, дызайнерка з’ехала за мяжу праз пераслед.
Таксама затрымлівалі трох іншых журналістаў выдання – карэспандэнту Алену Кавальчук, рэдактарку Ірыну Новік і відэааператара Андрэя Ломава. У журналісткі Тацяны Сідлярэвіч з МНС звольнілі мужа. Тым не менш, паводле Шоты, рэдакцыя працягвае працаваць, у яе прыходзяць маладыя журналісты.
МГ belsat.eu