«У міліцыі ў мяне ўжо забралі шнуркі з абутку». Рэдактара «Hrodna.life» выпусцілі да суда


Аляксей Шота.
Фота: Белсат

У Аляксея Шоты вынялі ноўтбук, тэлефон, тры старых жорсткіх дыска і бчб-парасон.

«Настрой баявы, нягледзячы на тое, што ў міліцыі ў мяне ўжо забралі шнуркі з абутку. Але ў пэўны момант планы, відаць, змяніліся, і мяне выпусцілі на волю», – распавёў «Белсату» Аляксей Шота.

У дачыненні да Шоты распачата новая адміністратыўная справа за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яму пагражае штраф да 500 базавых велічынь.

«Такую звышувагу да Hrodna.life тлумачу тым, што мы працягваем працу, нягледзячы на атакі і велізарныя штрафы. Мы маем прызнанне чытачоў, рэкламадаўцаў і таксама адпаведных органаў, якія на нас ціснуць. А на каго ім з СМІ яшчэ ціснуць у Горадні, каб дэманстраваць сваю патрэбнасць», – кажа ён.

30 траўня ў Горадні быў затрыманы галоўны рэдактар мясцовага парталу «Hrodna.life» Аляксей Шота. Яго затрымалі на вачах у сямʼі каля дому, дзе ён пражывае. Да яго падышлі невядомыя з белага бусу і без тлумачэнняў сказалі праехаць з імі.

Пэўны час галоўны рэдактар знаходзіўся ў Ленінскім РАУС Горадні. Пад домам журналіста стаяў бус.

Абноўлена
Затрыманы галоўны рэдактар «Hrodna.life». Магчыма, яго зноў вінавацяць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў
2021.05.30 15:00

19 сакавіка Шоту аштрафавалі на 425 базавых велічыняў за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі.

Нагодаю для разбору сталі тры матэрыялы на сайце. У адным з іх, напрыклад, паведамляецца, што тэлеграм-канал Сцяпана Пуцілы прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Гэта палічылі распаўсюдам экстрэмісцкай інфармацыі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў