Ціск на журналістаў, галадоўка і пракуратура Нямеччыны. Галоўнае за 30 траўня

Belsat.eu падводзіць вынікі 30 траўня – 295-га дня паслявыбарчага пратэсту ў Беларусі.

У Горадні затрымалі галоўнага рэдактара «Hrodna.life»

Галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. Фота: Ірына Новік

Аляксея Шоту затрымалі на вачах у сямʼі каля дому, дзе ён пражывае. Да яго падышлі невядомыя з белага бусу і без тлумачэнняў сказалі праехаць з імі.

Спадара пратрымалі некалькі гадзін у РУУСе, а потым адпусцілі да суда. Шоту пагражае чарговы штраф за «Распаўсюд альбо захаванне экстрэмісцкай інфармацыі».

«У міліцыі ў мяне ўжо забралі шнуркі з абутку». Рэдактара «Hrodna.life» выпусцілі да суда

Сілавікі хацелі наведаць жытло рэдактаркі спецпраектаў «Hrodna.life»

Рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік. Фота: Hrodna.life

Аб тым, што да кватэры прыйшлі сілавікі, рэдактарцы Ірыне Новік паведаміў яе муж.

Падчас візіту сілавікоў Ірына была ў горадзе і збіралася вяртацца дахаты. Міліцыянты падзяжурылі ў пад’ездзе дома і зʼехалі. Агляду не было. Зараз журналістка знаходзіцца ў хаце.

Ірына таксама праходзіць па справе аб «экстрэмісцкіх матэрыялах», як і галоўны рэдактар Аляксей Шота.

Раман Пратасевіч атрымаў міжнародную прэмію Ion Raţiu Democracy Award

«Для нас вялікі гонар узнагародзіць прэміяй за 2021 год маладога беларускага журналіста і актывіста Рамана Пратасевіча, які даў голас усёй краіне падчас найбуйнейшых антыўрадавых пратэстаў у гісторыі Беларусі, выкарыстоўваючы тэхналогіі і новыя медыя на карысць дэмакратыі. Рамана і яго дзяўчыну Соф’ю Сапегу тэрмінова трэба вызваліць», – заявіў Нікулаэ Рачу, старшыня створанага ў 1979 годзе дабрачыннага фонду сям’і Рачу.

Раман Пратасевіч атрымаў міжнародную прэмію Ion Raţiu Democracy Award

У Глабальным пікеце салідарнасці з Беларуссю паўдзельнічалі 90 гарадоў з 30 краін свету

Святлана Ціханоўская на пікеце салідарнасці. Фота: tsikhanouskaya.org

«Увесь свет выходзіць за беларусаў, таму што ўсе разумеюць, як гэта важна для нас. Як і я, гэтыя краіны ўпэўненыя, што мы пераможам. Як і я, яны вераць, што мы вернемся дадому і вернем дадому ўсіх нашых любімых. І гэта будзе заслуга кожнага з вас, беларусы. Бо нам разам будаваць новую Беларусь, і кожны з вас – гэта яе падмурак», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Урады Аўстрыі, Балгарыі, Вялікай Брытаніі, Грэцыі, ЗША, Ісландыі, Канады, Кіпру, Латвіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Новай Зеландыі, Нямеччыны, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі ды Эстоніі выпусцілі сумесную заяву, у якой асудзілі захоп самалёта рэжымам, запатрабавалі вызвалення Рамана Пратасевіча і ўсіх арыштаваных журналістаў Беларусі.

Пяцёра беларусаў абвесцілі галадоўку

Удзельнікі акцыі пратэсту збіраюцца галадаць «да канца» – да ўвядзення супраць Беларусі эканамічных санкцыяў. Фота: Belsat.eu

У цэнтры Варшавы, перад прадстаўніцтвам Еўракамісіі, на кемпінгавых крэслах сядзяць пяць чалавек, апранутых у коўдры і беларускія сцягі. Вось ужо тры дні яны п’юць толькі ваду.

Галадоўнікі патрабуюць прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным і неадкладна накласці эканамічныя санкцыі на Беларусь за рэпрэсіі, якім падвяргаюцца праціўнікі ўладаў.

«Жывем з усведамленнем, што робім нешта важнае». Пяцёра беларусаў галадаюць у цэнтры Варшавы

Федэральная пракуратура Нямеччыны пачала назіранне за дзеяннямі ўладаў Беларусі

Заяву ў пракуратуру падалі нямецкія адвакаты ад імя дзесяці беларусаў, якіх арыштавалі «па неістотным прычынах» і якія пацярпелі ад «жорсткага абыходжання і катаванняў».

Працэсам назірання пракуратура паказала, што праяўляе цікавасць да гэтай справы, і што месца здзяйснення злачынства не мае значэння для завядзення крымінальнай справы. Аднак пакуль у Нямеччыне ідуць спрэчкі на конт прэзідэнцкага імунітэту Лукашэнкі.

У Вільні адбыўся канцэрт салідарнасці з Беларуссю

Беларусы сёння зноў выйшлі на пратэсты і ўзгадалі памерлых на Нямізе

Жыхары Ліды ўшаноўваюць памяць Вітольда Ашчурка. Фота ад чытачоў Белсату
Партызаны Кобрына дзякуюць мэра Рыгі за салідарнасць з Беларуссю. Фота ад чытачоў Белсату
Менскі раён Шарыкі нагадвае пра гадавіну трагедыі на Нямізе. Фота ад чытачоў Белсату
Партызаны Койданава-Дзяржынска ўшаноўваюць памяць усіх, хто аддаў сваё жыццё за Свабоду нашай Радзімы. Фота ад чытачоў Белсату
Палiгон-Калодзiшчы нагадвае, што сцягi ёсць не толькi у Сергея Румаса. Фота ад чытачоў Белсату

МГМ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны