Рэжысёр новага фільму «Белсату» пра Ціханоўскіх: Жаданне акунуцца ў падзеі 2020 года перамагло страх


Нечакана для ўсіх, а перадусім для яе самой, палітычны шлях Святланы Ціханоўскай пачаўся больш за год таму. Жанчына ўступіла ў прэзідэнцкую гонку ўслед за мужам Сяргеем Ціханоўскім. Пра пачаткі беларускай рэвалюцыі – новы фільм «Белсату» Міхаіла Аршынскага «Не бойся».

Сяргей Ціханоўскі, вядомы блогер і кіраўнік штабу Святланы Ціханоўскай, кінуў выклік Аляксандру Лукашэнку перад выбарамі 2020 года, але апынуўся за кратамі ў выніку правакацыі спецслужбаў. Не зважаючы на адчайную сітуацыю, ягоная жонка Святлана працягнула барацьбу, якую распачаў Сяргей. Шмат асобаў паверылі ў яе, пайшлі за ёй, убачылі ў ёй шанец на перамогу. Пра Святлану і Сяргея, пра людзей, якія ім дапамагалі, падтрымлівалі, пра першыя крокі барацьбы беларусаў за свабодныя і справядлівыя выбары летась згадвае творца фільму «Не бойся» Міхаіл Аршынскі.

Рэжысёр фільму «Не бойся» Міхаіл Аршынскі і каманда Святланы Ціханоўскай падчас падліку подпісаў. Фота М. Аршынскага

Лёсы галоўных герояў стужкі пераплеценыя з лёсам самога Міхаіла. Яшчэ перад выбарамі ён зацікавіўся харызматычным блогерам і заснавальнікам YouTube-каналу «Страна для жизни» Сяргеем Ціханоўскім. У журналісцкім асяроддзі рэзкага Ціханоўскага лічылі «звычайным хлопцам з гопніцкімі схільнасцямі», прыгадвае аўтар. Аднак Міхаіл адчуваў, што гэта памылковае меркаванне.

Сяргей Ціханоўскі і Міхаіл Аршынскі. Стоп-кадр з фільму «Не бойся»

«Я вырашыў, што калі яго не падтрымоўваюць, то я буду адсочваць усе ягоныя акцыі, – згадвае рэжысёр. – Я быў уражаны, як ён прафесійна працуе са сваім вобразам, што ён ведае, як працаваць у кадры, як сябе прэзентаваць».

Міхаіл убачыў у грубаватым блогеры прафесійнага медыйніка, які ўмее звычайнаю моваю размаўляць з людзьмі і ведае, як выкарыстаць гэта ў медыйнай прасторы.

«Насамрэч гэта якасці будучага палітыка. Магчыма, ён папуліст, ён кідаецца гучнымі фразамі і абвінавачаннямі, але пры гэтым у яго агромісты талент. Ціханоўскі нам даваў надзею, мы не ведаем, якім бы ён стаў лідарам, мы ведаем, які ён палітвязень», – так Міхаіл згадвае Сяргея Ціханоўскага.

Паводле аўтара стужкі, знаёмства са Святланаю было «зусім іншай гісторыяй»:

«Спачатку ў мяне быў скептыцызм. Бо я не ведаў прыроду ўчынку Святланы, калі яна пайшла на выбары. Мне падавалася, што гэта план, які яна распрацавала з Сяргеем Ціханоўскім».

Святлана Ціханоўская падчас выбарчай кампаніі 2020 года. Стоп-кадр з фільму «Не бойся»

У адрозненне ад Сяргея, з ягонаю жонкаю Міхаіл не шукаў кантактаў, прынцыпова трымаў дыстанцыю. Больш працаваў з камандаю Святланы, ездзіў з імі па гарадах і мястэчках падчас выбарчай кампаніі. І толькі праз пэўны час рэжысёр убачыў стрыжань Ціханоўскай, зразумеў, што яна можа прымаць самастойныя рашэнні: «Прыйшло ўсведамленне, што яна – моцная асоба».

Самыя цёплыя ўспаміны Міхаіла звязаныя з людзьмі з каманды Святланы Ціханоўскай, з якімі яму давялося шмат перажыць. Менавіта іхныя гісторыі зрабіліся асноўнымі не толькі ў фільме, але і падчас рэвалюцыі. Цяпер шмат хто з іх за кратамі, а тыя, што на свабодзе, маюць умоўныя тэрміны. Яны ў любы момант могуць апынуцца ў турме.

Каманда Святланы Ціханоўскай падчас збору подпісаў. Фота М. Аршынскага

«Магу з упэўненасцю сказаць, што ўся каманда Ціханоўскага так ці іначай мае агульныя рысы: прынцыповасць, чалавечнасць і гатовасць рызыкаваць. Гэта іх і аб’яднала. Гісторыя вакол Ціханоўскага – гэта гісторыя барацьбы за справядлівасць», – так сваіх герояў апісвае творца.

Міхаіл Аршынскі падчас здымкаў. Фота М. Аршынскага

Стужка «Не бойся» не дэбютная ў Міхаіла Аршынскага. Ужо раней ён здымаў дакументальныя фільмы, у тым ліку пра героя Міхаіла Жызнеўскага.

Падчас дакументацыі падзеяў беларускай рэвалюцыі аўтар усведамляў, што гэта вельмі небяспечна, бо пачаліся рэпрэсіі. Аднак Міхаіл не мог кінуць пачатай справы, адсюль і назва фільму «Не бойся» – як заклік усім беларусам, якія адважыліся на пратэсты, як заклік самому сабе не баяцца і ісці да канца.

«Нягледзячы на жывёльны страх, які скоўваў, было вялікае жаданне акунуцца ў тыя падзеі. Пратэсты-2020 – настолькі маштабная падзея, што можна параўнаць іх хіба з распадам Савецкага Саюзу. У людзей была нейкая рамантычная вера і надзея, яны за ёй ішлі, яны нічога не баяліся. І, магчыма, дарэмна», – разважае творца.

Міхаіл Аршынскі назбіраў столькі цікавых гісторыяў падчас падзеяў рэвалюцыі ў Беларусі, што іх хопіць не толькі на дакументальную, але і на мастацкую стужку. Таму працягу стужкі быць.

«Калі гэты фільм пачынаўся аптымістычна, а скончыўся трагічна, то працяг можа быць адваротным, то бок з добрым фіналам», – спадзяецца рэжысёр.

Belsat.eu

Стужка навінаў