Раман Пратасевіч атрымаў міжнародную прэмію Ion Raţiu Democracy Award


Раман Пратасевіч.
Фота: spring96.org

28 траўня ў Лондане Дабрачынны фонд сям’і Рачу і арганізацыя Woodrow Wilson International Center for Scholars

абвесцілі пераможца адмысловай прэміі, якім сёлета стаў Раман Пратасевіч.

Журналісту і актывісту прысуджаная не толькі прэмія, але і стыпендыя імя Іёна Рачу за дэмакратыю ў 2021 годзе. Раман стаў другім беларусам, які атрымаў гэтую прэстыжную прэмію – да таго прэмію атрымліваў Анатоль Міхайлаў, эксперт нямецкай філасофіі.

«Для нас вялікі гонар узнагародзіць прэміяй за 2021 год маладога беларускага журналіста і актывіста Рамана Пратасевіча, які даў голас усёй краіне падчас найбуйнейшых антыўрадавых пратэстаў у гісторыі Беларусі, выкарыстоўваючы тэхналогіі і новыя медыя на карысць дэмакратыі. Рамана і яго дзяўчыну Соф’ю Сапегу тэрмінова трэба вызваліць», – заявіў Нікулаэ Рачу, старшыня створанага ў 1979 годзе дабрачыннага фонду сям’і Рачу.

Лаўрэат будзе мець магчымасць наведаць цэнтр Вільсана ў Вашынгтоне на 3 месяцы і пасупрацоўнічаць там з палітыкамі, сродкамі масавай інфармацыі і навуковымі суполкамі.

Іён Рачу (1917-2000) – румынскі палітык і інтэлектуал, які займаўся праблематыкай дэмакратычных пераўтварэнняў ва ўсім свеце.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў