«Не цэнзурую мастацтва». Акцыяніст Кузьміч – пра Беларусь, Францыю, крытыкаў, ахвярнасць і сэнс пратэсту


Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч у мінулым верасні з’ехаў з Беларусі, дзе прайшоў праз калідор дубінак АМАПу пасля акцыі спачатку на выбарчым участку, а затым перад шэрагамі сілавікоў. Сёлета яму давялося з’язджаць ужо з Францыі – пасля акцыі перад Елісейскім палацам з «малочным кактэйлем Молатава». Кузьміч расказаў «Белсату» пра сэнс сваіх акцыяў і ўспрыманне іх іншымі, пра фізічны боль і планы.

Аляксей Кузьміч ладзіць акцыю «Імітацыя». Парыж, Францыя, 1 красавіка 2021 года.
Фота: Palice Jékowski
Hавiны
Беларускі мастак Аляксей Кузьміч затрыманы ў Парыжы за спробу трапіць у рэзідэнцыю Макрона
2021.04.02 15:42

Акцыя ў Парыжы звалася «Імітацыя» – імітацыя палітычнага пратэсту, супраціву і рэвалюцыі, заява аб нястатнасці гэтых паняццяў, тлумачыць Аляксей Кузьміч, які адрасаваў ліст прэзідэнту Францыі Эманюэлю Макрону і выбег да ягонае рэзідэнцыі з бутэлькаю малака, замаскаванай пад «кактэйль Молатава». У лісце Кузьміч пытаў Макрона, ці не смешныя заявы пра тое, што любоў пераможа гвалт, а кветкі мацнейшыя за кулі, а таксама папракаў за тое, што «Францыя становіцца падобнай да Беларусі.

Фота першакрасавіцкай акцыі не маглі апублікаваць раней праз пераслед у Францыі

Францыю Аляксей Кузьміч пакінуў 24 траўня – маўляў, бяспека для яго там скончылася. Ён упэўнены, што за ім у Францыі сачылі (аднаго з тых, хто сачыў, Кузьміч ідэнтыфікаваў як працаўніка амбасады Беларусі ў Францыі і называе працаўніком КДБ), хацелі правесці ператрус у месцы жыхарства.

Аляксей Кузьміч ладзіць акцыю «Імітацыя». Парыж, Францыя, 1 красавіка 2021 года.
Фота: Palice Jékowski

Таксама сачылі за журналістамі, якія здымалі ягоную акцыю, кажа Кузьміч, рабілі ў іх ператрусы, адбіралі тэхніку, пагражалі і запалохвалі. Фота аддалі толькі праз два месяцы – спатрэбілася дапамога адвакатаў, фатографы «не хацелі ў турму», тлумачыць мастак.

Кузьміч кажа, тыя журналісты – з актывісцкага асяроддзя, «косць у горле французскай улады», таму іх і мастака разглядалі як злачынную групоўку. Іх вінавацілі ў наўмысным гвалце з ужываннем зброі, з імі працавала антытэрарыстычная каманда, іх трымалі ў аддзеле крымінальнай паліцыі разам з тымі, хто ўчыніў цяжкія злачынствы.

Пакаралі ўмоўна, але з такімі акцыямі трэба было з’ехаць

Кузьміча адпусцілі з умоўным пакараннем: калі б ён зноў учыніў падобную акцыю на тэрыторыі Францыі ў наступныя 6 гадоў, яго пакаралі б і за новую, і за старую акцыю. Пры тым на допытах, кажа мастак, яго не расцэньвалі як злачынцу, спрабавалі зразумець канцэпцыю акцыі і палітычны кантэкст, «ухвальна ківалі на штосьці, а на штосьці – не».

Аляксей Кузьміч ладзіць акцыю «Імітацыя». Парыж, Францыя, 1 красавіка 2021 года.
Фота: Palice Jékowski

Але «дзейнічалі хітра і вываротліва», урэшце праз прэсу яго назвалі не мастаком, а злачынцам, наракае Кузьміч.

«Я не цэнзурую свайго мастацтва і дзеля ідэі шукаю пэўную метадалогію выражэння, якая дзесьці можа не супадаць з прынятымі нормамі маралі і закону, таму ў Францыі мне было заставацца нелагічна», – тлумачыць ён.

Акцыю рыхтаваў два месяцы, думаўшы пра Беларусь

Аляксей Кузьміч рыхтаваўся да акцыі каля двух месяцаў. Імітацыя была ва ўсім, кажа ён: і ў «кактэйлі Молатава», які быў бутэлькаю з малаком, і ў белай жаночай сукенцы як сімвале мірнага пратэсту беларусак, і ў мішэні на грудзях з «ранаю» ў тым месцы, куды сілавікі стрэлілі забітаму ў Менску пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму.

Перад акцыяй, распавядае ён, шмат размаўляў з карэннымі французамі, перад публікацыяй паказваў французам ліст да Макрону – людзей левых поглядаў тэкст «вельмі закрануў».

Ліст Кузьміча Макрону, пераклад на расейскую тут. 1 красавіка 2021 года.
Фота: Аляксей Кузьміч
«Я доўга думаў, чаму нашая рэвалюцыя была на пэўным этапе здушаная, чаму на гэты момант можна нават сказаць, што мы прайгралі, – тлумачыць Кузьміч. – Мне ў галаву прыйшло, што той пацыфісцкі ўхіл, які быў у жніўні, не на роўным месцы ўзяўся, мае сваю прыроду і вялікую гісторыю. Магчыма, што ён мае перасячэнне з імітацыяй, якая праяўляецца ва ўсіх сферах палітычнага і сацыяльнага жыцця чалавека».

У Парыжы, наракае ён, было цяжка знайсці месца, каб праверыць, як разбіваецца бутэлька і як запальваецца ануча. А трэба было і трэнавацца: распранацца, пераскокваць цераз агароджу ў сукенцы і з падпаленаю бутэлькай.

Кузьміч з іроніяй згадвае, што для «імітацыі рэвалюцыі» яму ўсё ж давялося прасіць дазвол: у красавіку ў сувязі з каронавірусам быў локдаўн, для простага адыходу ад дому на больш як 10 км трэба было выпісваць дазвол.

Хтосьці кажа, беларусу не варта рабіць акцыяў у Францыі. Што ім адказаць?

У выданні «Le Figaro», якое напісала пра акцыю і назвала яе матывацыі «невыразнымі», было каля 500 каментароў, сярод якіх нямала негатыўных, у тым ліку пра тое, каб Кузьміч з такімі акцыямі ехаў у Беларусь. Што Кузьміч думае пра тых, хто кажа, маўляў, рабіў бы ён акцыі на радзіме і не лез з імі да французаў?

«Мне ўдалося прабіць праблему беларускай лакальнасці, неўваходу Беларусі ў сусветны кантэкст, – заяўляе Кузьміч. – Боязь любога мастака – зрабіць нешта не ў сваіх межах, не ў зоне камфорту, у іншай краіне. І мне здаецца, што гэтая акцыя ўдалася, бо французы яе зразумелі».

У Беларусі ён не змог бы зрабіць гэткае акцыі, бо цяпер вяртанне ў Беларусь для яго – «аўтаматычна турма», завочна адказвае Кузьміч тым, хто абураўся акцыяй беларуса ў Францыі. Ён перакананы, што такое пераважна пішуць тыя, хто «пратэстуе са сваёй канапы».

А ў Францыі ён жыў амаль паўгода – спачатку «як турыст», але «дарос да таго, каб зрабіць тут пэўную мастацкую заяву», выступіць люстэркам таго, што «вісіць у паветры» ў Францыі, і спалучыць гэта з беларускім кантэкстам і гіпербалізаваць. Да таго ж французскую палітычную сістэму ён лічыць «моцна закамуфляваным аўтарытарным рэжымам».

«Хто хацеў, той зразумеў»

Ён дадае: і не разлічваў на тое, што акцыю зразумеюць усе, але хто хоча, зразумее. Хоць маніфесту ён не пісаў, акцыя складалася не толькі з выхаду да Елісейскага палацу (тая частка акцыі фактычна доўжылася 8 секундаў, падлічыў ён), але і з відэапралогу, і з ліста Макрону.

(увага, відэа 18+)

Яны могуць дапамагчы зразумець сэнс тым, хто бачыў толькі фота, але «ліст Макрону – гэта не тлумачэнне, гэта частка твору», заўважае Кузьміч. А калі думаць, як спадабацца гледачу, дык можна і загубіць мастацтва, скаціўшыся ў папулізм. Найгорш – калі няма ніякай рэакцыі, калі гледачы праходзяць міма.

Ранейшыя акцыі былі больш зразумелымі?

У Беларусі Кузьміч рабіў акцыі «Міністэрства фалакультуры», калі распрануўся і павесіў на пеніс таблічку «Міністэрства культуры»; «Радзіма-BDSM», калі на фоне падпаленага крыжа прыкалоў проста да скуры значок БРСМ; «Верую», калі спачатку намаляваў на бюлетэні для галасавання фалас і стаяў на выбарчым участку ў вобразе распятага Хрыста, а потым у тым жа вобразе выйшаў да шэрагаў АМАПу

Акцыя «Верую» або «Филистерский свет животных» ад аўкцыяніста Аляксея Кузьміча. Участак #36 у Менску. У такім жа выглядзе Кузьміч стаяў перад байцамі АМАП ноччу. 9 жніўня 2020 года. фота: Белсат

«Яны многімі людзьмі былі прачытаныя як пратэст супраць цэнзуры, інстытуту выбараў, Лукашэнкі… але на сама справе гэта не так, – тлумачыць Кузьміч. – Насамрэч я закладваю туды таксама і пратэставы складнік, але гэта не пратэст дзеля пратэсту. Акцыя «Верую» даследавала палітычны кантэкст, і матэрыял даследавання рабіўся мастацкім творам. Я не выступаю супраць нейкай адной асобы, мне хутчэй цікавае разуменне працэсаў у часе, у якім мы жывем, і адчуванне сябе як мастака ў гэтым часе».

Ён заяўляе, што ягонае мастацтва – не актывізм, а «штосьці экзістэнцыяльнае, што выходзіць за межы звычайных разуменняў маралі і палітыкі».

Чаму б не рабіць гэтага ў арт-галерэі ці ў гаражы, а не ў публічных месцах?

Тады гэта будзе не акцыянізм, а перформанс, тлумачыць Кузьміч, а ён такім не займаецца. Перформанс трэба ўзгадніць, пайсці на кампрамісы з уласнікам пляцоўкі, а тады мастацкі твор будзе «стэрылізаваны», «лабатаміяваны». Акцыянізм жа – гэта «інтэрвенцыя», калі мастак выходзіць і наўпрост кантактуе з прастораю, уцягвае яе ў свой твор.

Аляксей Кузьміч ладзіць акцыю «Щит или Министерство Фалокультуры». Менск, 6 кастрычніка 2019 года.
Фота: Аляксей Кузьміч / Facebook

Той жа палац дэ ль’Элізэ, або Елісейскі, – максімальна «стэрылізаваная» прастора, кажа Кузьміч. За кіламетр да палацу ўжо дзяжураць паліцыянты ў форме і ў цывільным, сам палац абгароджаны, там усё зарэгламентавана. Акцыяніст гэты рэгламент разрывае, уносіць дысананс. Узгодненая фотасесія не была б мастацтвам, бо тыя ж паліцыянты з пісталетамі сталіся часткаю твору, тлумачыць ён.

Акцыяністы, мастакі і спевакі зрабілі за 2020 год шмат выбітных твораў пратэсту, а пратэст не перамог. Усё было марна?

Кузьміч лічыць, што мастацкія акцыі пратэсту маюць сэнс у доўгай перспектыве, уплыў і «праграмаванне», «змена оптыкі» людзей, ускрыццё праблемаў. Такой мастацкай акцыі, якая самая адразу б змяніла палітычны лад, гісторыя мастацтва не ведае.

Ды калі той жа Вольны хор у гэткі жорсткі час выходзіць у мемарыял «Яма» і пачынае там спяваць, «ты крыху па-іншаму пачынаеш успрымаць будзённасць», кажа Аляксей. Радыкальнае мастацтва раз’юшвае, растрасае – і дапамагае чалавеку не замыкацца на віхуры прапаганды.

Ён лічыць цалкам магчымым, што быў і такі француз, які паглядзеў на ягоную акцыю ў Парыжы і змяніў сваё стаўленне да нечага. Маўляў, да пераменаў светапогляду не рыхтуюцца загадзя – гэта «проста стрэліць у нейкі момант», акцыя ж стварае адпаведны спрыяльны момант.

Што далей?

Кузьміч прызнае, што кожная акцыя – гэта стрэс, і разумее, што рызыкуе асабістаю бяспекаю і воляю. Цісне і тое, што ягонае імя ўжо вядомае – «ворагі чакаюць, калі зробіш памылку». Узнікаюць думкі пра тое, каб «жыць нармальна», займацца бяспечнаю творчасцю і быць паліткарэктным – але «натура мастака супраць гэтага пратэстуе».

Акцыя Аляксея Кузьміча «Радзіма-BDSM».
Фота: Аляксей Кузьміч / Facebook

«Не ведаю, на колькі мяне хопіць, – разважае ён. – Ёсць нават статыстыка, што мастакі-акцыяністы звычайна актыўна працуюць два-тры гады. Ну, максімум пяць. Пасля чаго ці ў нейкую іншую сферу пераходзяць, ці выгараюць, ці іх у турму садзяць, ці нешта такое. У мяне пакуль што два гады, гэта не ліміт. Яшчэ паваюем».

Адшукаць сабе нейкую ідэальную краіну, дзе ўсе будуць разумець ягоныя акцыі і не перашкаджаць ім, Кузьміч не імкнецца. Мяркуе, што акцыянізм патрэбны там, дзе ёсць грамадскі ці палітычны крызіс, хваля зменаў або моцны застой. У ідэальным грамадстве, дзе ўсе разумеюць адно аднаго, проста не патрэбнае крытычнае мастацтва.

Гэта ж балюча

У доўгай размове Кузьміч не згадвае пра фізічны боль ад дзеянняў французскай паліцыі ці сілавікоў Беларусі. На пытанне пра тое, чаму пра гэта не кажа, адказвае: «Ну, скруцілі і скруцілі».

Аляксей Кузьміч ладзіць акцыю «Імітацыя». Парыж, Францыя, 1 красавіка 2021 года.
Фота: Palice Jékowski

Кажа, разумеў, што «скруцяць». Французы пераціснулі яму рукі кайданкамі і трымалі гэтак дзве гадзіны – нават праз два месяцы кепска працуе палец. Ды яму цікавейшы мастацкі твор, а не «вытворчыя моманты» і не «ахвярнасць, якая добра прадаецца».

«Расказваць, як білі, як затрымлівалі – мне здаецца, гэта пераходзіць са статусу мастака ў статус ахвяры, – заяўляе Кузьміч. – А ахвяраю я не з’яўляюся, я нападаю першым».

АА belsat.eu

Стужка навінаў