Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр: Захад павінен адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець

Чаму прымусовая пасадка самалёта выклікала такую хуткую і скаардынаваную рэакцыю заходніх краін, чым яшчэ можа адказаць Захад, чаму ЗША і Расея абмяркоўваюць беларускае пытанне без Беларусі – амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр дала эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату». Размова выйшла 30 траўня ў праграме «Тыдзень» на нашым тэлеканале.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у студыі «Белсат». Варшава, Польшча. 27 красавіка 2021 года. Фота: ЮШ / Белсат

– Спадарыня пасол, я рады зноў бачыць вас у нашай праграме, добры вечар.

– Добры вечар.

– Вось нашы пытанні. Ці змянілася што-небудзь у падыходзе ЗША да стасункаў з Беларуссю пасля арышту Рамана Пратасевіча, які прэзідэнт Байдэн назваў «абуральным інцыдэнтам і абразай міжнародных нормаў»?

– Вялікі дзякуй. Я вельмі рада зноў быць «Белсате» для абмеркавання гэтага інцыдэнту. З нашага пункту гледжання не змянілася наступнае: падтрымка ЗША адносна народа Беларусі. Яна застаецца нязменнай. Змянілася тое, наколькі адчайным стаў Лукашэнка і як далёка ён гатовы зайсці, каб здушыць галасы нязгодных. Мы будзем працягваць падтрымліваць народ Беларусі і будзем працягваць рэагаваць на гэтыя карэкціроўкі, змены і тактыку, якую прымяняе Лукашэнка.

– Якія далейшыя крокі можа распачаць урад ЗША ў адказ на такія нападкі на палітычнае іншадумства і свабоду прэсы?

– Прэзідэнт Байдэн ясна выказаўся з гэтай нагоды ў сваёй заяве, апублікаванай напачатку гэтага тыдня. Ён даручыў нам, свайму ўраду, сваёй адміністрацыі, дзейнічаць сумесна з нашымі еўрапейскімі партнёрамі для выпрацоўкі адэкватнага адказу на гэтыя падзеі. Відавочна, што Захад павінен адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець: мы не пацерпім такога роду дзеянняў, мы не пацерпім, каб яго інструменты рэпрэсій былі разгорнутыя ў Еўропе і за межамі Беларусі. Мы таксама не прымаем выкарыстанне гэтых інструментаў унутры Беларусі. Таму мы зараз пераглядаем усе інструменты, якімі маем. І мы збіраемся рабіць гэта разам з нашымі еўрапейскімі партнёрамі.

Сустрэча ў Вільні з амбасадарам ЗША Джулі Фішэр, 19 красавіка 2021 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

– Чаму гвалтоўная пасадка самалёта выклікала такую хуткую і скаардынаваную рэакцыю заходніх краін, у той час як на папярэднія санкцыі спатрэбілі месяцы?

– Важна памятаць, што падзея, якая адбылася ў нядзелю, вядома ж, не з’яўляецца адзінкавым выпадкам. Вашы гледачы добра разумеюць, якія крокі рабіліся Лукашэнкам на працягу тыдняў, месяцаў і гадоў. Захад змог так хутка адрэагаваць, і, калі можна так сказаць, нашы еўрапейскія партнёры дзейнічалі ў дадзеным выпадку з неверагоднай хуткасцю. Гэта падзея адбылася на тэрыторыі дзвюх краін-членаў ЕЗ. На гэтым рэйсе знаходзіліся грамадзяне многіх краін, не толькі з ЕЗ, але і з Захаду. Спроба высачыць журналіста і яго спадарожніцу, захапіць Пратасевіча і Сапегу стала абсалютнай абразай ідэалаў Захаду. Я думаю, менавіта таму вы сталі сведкамі такой неадкладнай рэакцыі з боку ЕЗ і ўсяго свету. Гэта рэакцыя не толькі Еўропы, гэта сапраўды глабальная рэакцыя.

– Вельмі хутка прэзідэнт Пуцін і Байдэн будуць абмяркоўваць Беларусь. Некаторыя эксперты скептычна ставяцца да таго, што гэтыя перамовы будуць праходзіць без прадстаўнікоў Беларусі. Што вы можаце сказаць з гэтай нагоды?

– Калі гаворка зайшла аб сустрэчы прэзідэнтаў Байдэна і Пуціна, якая адбудзецца ў наступным месяцы ў Жэневе, прэзідэнт Байдэн і Белы дом выказаліся гранічна выразна: гэтая дыскусія – важная магчымасць зразумець, ці зможам мы знайсці нейкую долю стабільнасці ў стасунках паміж ЗША і Расеяй. Парадак дня гэтай сустрэчы шырокі. І гэта невыпадкова. Пакінем Беламу дому магчымасць самому выказацца па гэтых пытаннях, а пакуль мы засяродзімся, вельмі шчыльна засяродзімся на праблеме палітычных зняволеных у Беларусі, неабходнасці спынення гвалту, які здзяйсняецца супраць народа Беларусі, і важнасці дыялогу, змястоўнага дыялогу, які можа прывесці да новых выбараў у Беларусі. Менавіта гэтыя крокі неабходныя для вырашэння палітычнага крызісу, і мы будзем працягваць працаваць у гэтым кірунку.

– Ці падтрымліваюць ЗША прапанову прэзідэнта Францыі запрасіць Святлану Ціханоўскую на саміт «Вялікай сямёркі»?

– Саміт «Вялікай сямёркі» – гэта важны форум, таму што на ім сапраўды прадстаўлены голас вядучых дэмакратый свету, па меншай меры, некаторых з іх. Вельмі важна, што на гэтым тыдні «Вялікая сямёрка» ясна выказалася ў падтрымку народа Беларусі, адпрэчыла тое, што Лукашэнка зрабіў у нядзелю, і заклікала да вызвалення Пратасевіча і Сапегі, а таксама палітычных зняволеных. Хацелася б пачаць менавіта з гэтага.

Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская. Фота: Telegram @tsikhanouskaya

Што датычыць планавання саміту… Яго будзе прымаць Вялікабрытанія. Так што наступны крок за імі. Але мы будзем працягваць шукаць любую магчымасць для ўзаемадзеяння са спадарыняй Ціханоўскай, Каардынацыйнай Радай, іншымі лідарамі, якія прадстаўляюць галасы народа Беларусі, якія імкнуцца да дэмакратыі і вяршэнства закона ў сваёй краіне.

– Давайце вернемся да сустрэчы Байдэна і Пуціна ў Жэневе. Ці не маглі б вы паведаміць нам якія-небудзь падрабязнасці пра яе?

– Я не ведаю, ці ёсць чым мне падзяліцца з нагоды гэтай сустрэчы. Але я яшчэ раз адзначу выразны погляд прэзідэнта Байдэна на тое, што адбылося нядаўна ў Беларусі. У сваёй заяве ў панядзелак ён даволі ясна выказаў сваё непрыманне дзеянняў Лукашэнкі і прыхільнасць ЗША міжнародным нормам і працы з нашымі партнёрамі ў Еўропе для вырашэння гэтага крызісу.

– У папярэднім інтэрв’ю ў студыі вы сказалі, што можна казаць аб Беларусі без Масквы. Мы ж бачым, што гэта немагчыма.

– Я лічу, што мы можам абмяркоўваць Беларусь без дамінуючага фактару ў выглядзе Масквы. Але ў цяперашніх умовах, асабліва пасля таго, што адбылося ў мінулыя выходныя, у Расеі ёсць магчымасць адрэагаваць, ёсць магчымасць адыграць канструктыўную ролю. І мы спадзяемся, што яны змогуць гэта зрабіць.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр ў аддзеле інфармацыі «Белсату». Варшава, Польшча. 27 красавіка 2021 года. Фота: ЮШ / Белсат

– У мінулым інтэрв’ю вы сказалі, што для беларускіх уладаў яшчэ не запозна нешта зрабіць. Ці не занадта позна для дыялогу цяпер?

– Гэта выдатнае пытанне. Не позна, ніколі не позна лідэру пачаць клапаціцца пра дабрабыт свайго народа. Не позна вырашыць, што абавязацельствы, якія былі ўзятыя ў дачыненні да правоў чалавека ў краіне, могуць быць выкананыя. Яшчэ не позна вызваліць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу. Яшчэ не позна вызваліць 400 палітычных зняволеных. Многае можна зрабіць адносна занепакоенасці Захаду і народа Беларусі. Пытанне аб тым, як можна супрацоўнічаць з Лукашэнкам на дадзеным этапе, вельмі складанае, і мы над ім думаем.

– Які вы бачыце палітычны лёс Лукашэнкі?

– Я не ўпэўненая, што магу зазірнуць у будучыню ў дадзеным выпадку.

– Як доўга ён зможа заставацца на сваёй пасадзе?

– Адной з тэм, якія мы нядаўна абмяркоўвалі, была ўстойлівасць ўрада, які не прызнае свой народ, не ўдзельнічае ў размове з ім і не працуе на карысць грамадзян сваёй краіны. Я па-ранейшаму сумняваюся ў жыццяздольнасці ўрада, які так адкрыта ігнаруе як волю ўласнага народа, так і нормы міжнароднай супольнасці.

– Спадарыня пасол, дзякуй за інтэрв’ю.

– Вялікі дзякуй.

/АА, belsat.eu

Hавiны