Унутры свету Зяленскага


Журналіст Сайман Шустэр два тыдні правёў у Кіеве разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Мы перадрукоўваем рэпартаж для часопісу TIME, каб яго змаглі прачытаць і нашыя чытачы.

Даведка
Фота Аляксандра Чэкменева для TIME

Цяжэй за ўсё – па начах, калі ён ляжыць на сваім ложку, чуе сірэны паветранай трывогі, а побач працягвае гусці тэлефон. Святло экрана ў цемры робіць ягоны твар падобным да прывіду. Ён праглядае паведамленні, якія не паспеў прачытаць за дзень – ад жонкі і дзяцей, ад дарадцаў, ад салдатаў, аточаных у бункерах, якія зноў і зноў просяць у яго больш зброі, каб прарваць аблогу расейцаў.

У бункеры прэзідэнт па звычцы праглядае парадак дня, нават калі дзень скончыўся. Ён ляжыць без сну і думае, ці не прапусціў нечага, ці не забыўся на некага. «Гэта бессэнсоўна, – сказаў мне Уладзімір Зяленскі ў рэзідэнцыі ў Кіеве, побач з офісам, дзе ён часам застаецца начаваць. — Гэта ўсё той ж парадак дня. Я бачу, што на сёння справы завершаныя. Але я гляджу на яго некалькі разоў і адчуваю, што нешта не так».

У галаве пастаянна круціцца адна і тая ж думка: «Я даў сабе паспаць, а зараз што? Нешта адбываецца проста цяпер». Дзесьці ва Украіне да гэтага часу падаюць бомбы. Мірныя жыхары па-ранейшаму зачыненыя ў сутарэннях або пад заваламі. Расейцы па-ранейшаму здзяйсняюць ваенныя злачынствы, гвалтуюць і катуюць. Іхныя бомбы зраўнялі з зямлёю цэлыя гарады. Марыупаль і яго апошнія абаронцы – у аблозе. На ўсходзе пачалася крытычная бітва. І пасярод усяго гэтага Зяленскаму, коміку, які стаў прэзідэнтам, па-ранейшаму неабходна падтрымліваць зацікаўленасць свету і пераконваць замежных лідараў у тым, што ягонай краіне патрэбная іхная дапамога проста цяпер, любой цаной.

Аналітыка
Ленд-ліз для Украіны. Што азначае гэтая праграма, і пра што сведчыць гістарычны досвед
2022.04.29 18:59

За межамі Украіны, як сказаў мне Зяленскі, «людзі бачаць гэтую вайну ў Instagram, у сацыяльных сетках. Калі ім гэта надакучвае, яны папросту гартаюць далей». Гэта людская прырода. Жахі маюць уласцівасць прымушаць нас заплюшчваць вочы. «Шмат крыві, – тлумачыць ён. – Шмат эмоцыяў». Зяленскі адчувае, што ўвага свету слабне, і гэта турбуе яго амаль гэтак жа моцна, як расейскія бомбы. Большасць начэй, калі ён праглядае свой парадак дня, ягоны спіс задач звязаны не столькі з самай вайной, колькі з тым, як яе ўспрымаюць. Ягоная місія палягае на тым, каб прымусіць свабодны свет глядзець на гэтую вайну гэтак жа, як Украіна: як на пытанне ўласнага выжывання.

Здаецца, яму гэта ўдаецца. ЗША і Еўропа паспяшаліся яму на дапамогу, даўшы Украіне больш зброі, чым любой іншай краіне з часу Другой сусветнай вайны. Тысячы журналістаў прыехалі ў Кіеў, запоўніўшы «ўваходныя» ягоных супрацоўнікаў просьбамі аб інтэрв’ю.

Мая просьба датычыла не толькі магчымасці задаць пытанні прэзідэнту. Мэтай было ўбачыць вайну такой, якой яе бачаць ён і ягоная каманда. На працягу двух красавіцкіх тыдняў мне дазволілі быць у прэзідэнцкім офісе на Банкавай, паназіраць за распарадкам і пабадзяцца па кабінетах, дзе яны цяпер жывуць і працуюць. Зяленскі і ягоныя супрацоўнікі зрабілі так, каб жыццё ў гэтым месцы было амаль нармальным. Мы жартавалі, пілі каву, чакалі пачатку або заканчэння сустрэчы. Пра вайну нагадвалі толькі салдаты, нашыя нязменныя спадарожнікі, якія паўсюль хадзілі з намі, асвятляючы ліхтарыкамі цёмныя калідоры і пакоі, дзе яны спалі на падлозе.

Гэты досвед паказаў, наколькі моцна змяніўся Зяленскі з таго часу, як мы ўпершыню сустрэліся тры гады таму за кулісамі ягонага камедыйнага шоу ў Кіеве, калі ён яшчэ быў акторам, балатаваўся на пасаду прэзідэнта. Яго пачуццё гумару нікуды не знікла. «Гэта сродак выжывання», – кажа ён. Але два месяцы вайны зрабілі яго больш жорсткім, рэзкім і схільным да рызыкі. У першыя гадзіны вайны расейскія войскі падышлі да яго і ягонай сям’і вельмі блізка, іхныя стрэлы былі чутныя ў сценах ягонага офісу. Вобразы мірных жыхароў, якія загінулі, пераследуюць яго. Як і штодзённыя заклікі яго салдатаў, сотні з якіх апынуліся ў атачэнні, амаль без ежы, вады і боепрыпасаў.

Гэты рэпартаж пра Зяленскага на вайне заснаваны на інтэрв’ю з ім і блізу дзясятка ягоных памочнікаў. Большасць з іх трапіла ў вір падзеяў без якой-небудзь рэальнай падрыхтоўкі. Многія, як і сам Зяленскі, прыйшлі са свету кіно і шоу-бізнесу. Іншыя да вайны былі вядомыя ва Украіне як блогеры і журналісты.

У дзень нашай апошняй сустрэчы – 55-ы дзень уварвання – Зяленскі абвясціў аб пачатку бітвы, якая можа пакласці канец вайне. Расейскія войскі перагрупаваліся пасля цяжкіх стратаў пад Кіевам і пачалі новы наступ на ўсходзе. Там, кажа Зяленскі, арміі таго ці іншага боку, хутчэй за ўсё, будуць знішчаныя. «Гэта будзе поўнамаштабная бітва, маштабнейшай за якую мы не бачылі на тэрыторыі Украіны», — сказаў мне Зяленскі 19 красавіка. «Калі мы вытрываем, — кажа ён, – гэта будзе вырашальны момант для нас. Пераломны момант».

Экскаватар загружае абломкі ў грузавік. У Барадзянцы працягваюць разбіраць завалы. 12.04.2022, Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна.
Фота: Белсат

У першыя тыдні ўварвання, калі расейская артылерыя стаяла на адлегласці ўдару ад Кіева, Зяленскі рэдка чакаў світання, каб тэлефанаваць вайсковаму кіраўніцтву і даведацца аб становішчы на фронце. Першая размова звычайна адбывалася каля 5-й гадзіны раніцы, да таго, як святло пачынала прабівацца скрозь мяшкі з пяском у вокнах рэзідэнцыі. З часам званок перанеслі на пару гадзінаў пазней, каб Зяленскі паспяваў паснедаць – нязменна яечняй – і дабрацца да прэзідэнцкага кабінету.

Вуліцы вакол рэзідэнцыі ператварыліся ў лабірынт блокпастоў і барыкадаў. Звычайныя аўтамабілі не могуць сюды наблізіцца, а салдаты пытаюцца ў мінакоў сакрэтныя паролі, якія мяняюцца штодня. Часта гэта бессэнсоўныя фразы, напрыклад, «кавовий залицяльник» або «паляниця з полуницею», якія расейцу было б цяжка вымавіць.

За кантрольна-прапускнымі пунктамі размяшчаецца ўрадавы раён, вядомы як трохкутнік, які расейскія войскі спрабавалі захапіць напачатку ўварвання. Калі я спытаў аб тых першых гадзінах, Зяленскі папярэдзіў, што памятае ўсё «фрагментарна», як няскладны набор вобразаў і гукаў. Найбольш яркі ўспамін – перад світаннем 24 лютага, калі ён з жонкай Аленай пайшоў паведамляць дзецям, што пачалося бамбаванне, і рыхтаваць іх да эвакуацыі. Іхнай дачцэ 17 гадоў, а сыну 9, абодва досыць дарослыя, каб разумець, што ім пагражае небяспека. «Мы іх разбудзілі, – сказаў мне Зяленскі. – Гэта было гучна. Там былі выбухі».

Неўзабаве стала ясна, што прэзідэнцкія кабінеты – не самае бяспечнае месца. Вайскоўцы паведамілі Зяленскаму, што расейскія ўдарныя групы дэсантаваліся ў Кіеве з мэтай забіць або захапіць яго і ягоную сям’ю. «Да той ночы мы такое толькі ў кіно бачылі», – кажа кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Ермак.

Пакуль украінскія войскі адбіваліся ад расейскіх на вуліцах, прэзідэнцкая гвардыя спрабавала забарыкадаваць тэрыторыю ўсім, што магла знайсці. Брама ля задняга ўваходу была заблакаваная паліцэйскімі агароджамі і фанернымі дошкамі, што больш нагадвала кучу металалому, чым умацаванне.

Сябры і паплечнікі паспяшаліся далучыцца да Зяленскага, часам парушаючы пратаколы бяспекі. Некаторыя з іх прывезлі на тэрыторыю рэзідэнцыі свае сем’і. Калі прэзідэнт загіне, камандаванне возьме на сябе спікер парламенту. Але Руслан Стэфанчук, які займае гэтую пасаду, раніцай у дзень уварвання таксама прыехаў проста на Банкаўскую.

Стэфанчук быў адным з першых, хто ў той дзень убачыў прэзідэнта ў ягоным кабінеце. «На яго твары не было страху, – сказаў ён мне. – Было толькі пытанне: як гэта магчыма?» На працягу некалькіх месяцаў Зяленскі недаацэньваў папярэджанні з Вашынгтону аб рыхтаванні нападу Расеі. Цяпер ён зразумеў, што распачалася поўнамаштабная вайна, але яшчэ не мог усвядоміць цалкам, што гэта значыць. «Магчыма, гэтыя словы прагучаць расплывіста або напышліва, – кажа Стэфанчук, — але мы адчулі, што сусветны парадак бурыцца». Неўзабаве спікер паспяшаўся ў парламент, дзе правёў галасаванне аб увядзенні ваеннага становішча па ўсёй краіне. Зяленскі падпісаў указ у другой палове дня.

Аналітыка
Масавыя забойствы, катаванні, згвалтаванні. Ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне за два месяцы вайны
2022.04.27 20:09

З надыходам ночы вакол урадавага кварталу пачалася перастрэлка. Ахоўнікі ўнутры комплексу выключылі святло і прынеслі Зяленскаму і прыкладна тузіну ягоных памочнікаў бронекамізэлькі і аўтаматы. Не шмат хто ўмеў карыстацца зброяй. Але Аляксей Арэстовіч, ветэран вайсковай выведкі Украіны, умеў. «Гэта была сапраўдная вар’ятня, — сказаў ён мне. – Аўтаматы для ўсіх». Паводле яго, расейскія войскі зрабілі дзве спробы штурму рэзідэнцыі. Зяленскі пазней сказаў, што ягоныя жонка і дзеці ў той час усё яшчэ былі там.

Ад амерыканцаў і брытанцаў паступалі прапановы эвакуяваць прэзідэнта і ягоную каманду і стварыць урад у выгнанні, дзе-небудзь ва Усходняй Польшчы, які мог бы працягваць кіраваць з адлегласці. Ніхто з дарадцаў Зяленскага не прыгадае, каб ён сур’ёзна разглядаў гэтыя прапановы. Падчас тэлефоннай размовы з амерыканцамі ён адказаў фразай, якая трапіла ў загалоўкі газетаў па ўсім свеце: «Мне патрэбныя боепрыпасы, а не транспарт».

«Гэта было смела, — сказаў афіцыйны прадстаўнік ЗША пасля размовы. – Але вельмі рызыкоўна». Целаахоўнікі Зяленскага адчувалі тое ж самае. Яны таксама заклікалі яго неадкладна пакінуць рэзідэнцыю. Яе будынкі размешчаныя ў густанаселеным раёне, аточаным прыватнымі дамамі, якія могуць служыць гнёздамі для варожых снайпераў. Некаторыя дамы стаяць досыць блізка, каб кінуць гранату ў акно з другога боку вуліцы. «Месца было цалкам адкрытым, – кажа Арэстовіч. – У нас не было нават бетонных блокаў, каб перакрыць вуліцу».

Дзесьці па-за межамі сталіцы прэзідэнта чакаў абаронены бункер, абсталяваны для таго, каб вытрымаць працяглую аблогу. Зяленскі адмовіўся туды ехаць. Замест гэтага ў другую ноч уварвання, калі ўкраінскія войскі вялі баі з расейцамі на блізкіх вуліцах, прэзідэнт выйшаў у падворак і запісаў відэазварот на свой тэлефон. «Мы ўсе тут, — сказаў Зяленскі пасля пераклічкі чыноўнікаў, якія стаялі побач з ім. Яны былі апранутыя ў вайсковыя зялёныя футболкі і курткі, якія сталі іхнай уніформай ваеннага часу. — Абараняем нашу незалежнасць, нашу краіну».

Да таго часу Зяленскі зразумеў сваю ролю ў гэтай вайне. Вочы яго народу і большай частцы свету былі прыкаваныя да яго. «Ты разумееш, што яны глядзяць, – кажа ён. – Ты сімвал. Ты павінен дзейнічаць так, як належыць кіраўніку дзяржавы».

Калі 25 лютага ён размясціў 40-секунднае відэа ў Instagram, адчуванне адзінства, якое ён трансляваў, было трохі зманлівым. Зяленскі быў устрывожаны колькасцю чыноўнікаў і нават афіцэраў, якія збеглі. З яго боку не было ні пагрозаў, ні ўльтыматумаў. Ён даў ім час, каб эвакуяваць сем’і, а затым папрасіў іх вярнуцца на свае пасады. Большасць з іх гэта зрабілі.

Жыць у бункерах прэзідэнцкага комплексу падахвоціліся і іншыя людзі. Сяргей Лешчанка, вядомы журналіст і дэпутат, прыбыў праз некалькі дзён пасля ўварвання, каб дапамагчы камандзе супрацьстаяць расейскай дэзынфармацыі. Яму давялося падпісаць пагадненне аб неразгалошванні, якое забараняе яму дзяліцца якімі-небудзь падрабязнасцямі аб уладкаванні бункеру, яго размяшчэнні або выгодах. Усе яго насельнікі звязаныя гэтай клятвай сакрэтнасці. Ім нават не дазваляюць казаць пра ежу, якую яны там ядуць.

Ізаляцыя часта змушала каманду Зяленскага – як і большасць з нас – перажываць вайну праз экраны тэлефонаў. Кадры баёў і ракетных абстрэлаў, як правіла, з’яўляліся ў сацыяльных сетках да таго, як вайскоўцы паспявалі праінфармаваць пра іх Зяленскага. Прэзідэнт і ягоныя супрацоўнікі часта збіраліся ў бункеры вакол тэлефона або ноўтбука, праклінаючы карціны разбурэнняў або радуючыся ўдару беспілотніка па расейскім танку.

«Гэта было наша ўлюбёнае», — сказаў мне Лешчанка, паказваючы ролік, дзе расейскі верталёт збіваюць у небе. Мэмы і вірусныя відэа сталі своеасаблівай аддушынай – як і ваенныя балады, якія ўкраінцы складалі, запісвалі і размяшчалі ў інтэрнэце. Адна з іх гучала так: «Паглядзіце, як наш народ, як уся Украіна аб’яднала свет супраць расейцаў. Хутка расейцаў не стане, і будзе нам мір ва ўсім свеце».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Бучу. 4 красавіка 2022 года.
Фота: president.gov.ua

Неўзабаве Зяленскі настаяў на тым, каб асабіста ўбачыць ваенныя дзеянні. У пачатку сакавіка, калі расейскія войскі яшчэ абстрэльвалі Кіеў і спрабавалі атачыць сталіцу, прэзідэнт таемна выехаў са сваёй рэзідэнцыі ў суправаджэнні двух сяброў і невялікай групы целаахоўнікаў. «Мы прынялі рашэнне на хаду», — кажа Ермак. Камераў пры іх не было. Некаторыя з блізкіх памочнікаў Зяленскі даведаліся пра паездку амаль праз два месяцы, калі ён згадаў пра гэта падчас нашага інтэрв’ю.

Накіроўваючыся на поўнач ад вуліцы Банкавай, група падышла да абваленага мосту, які абазначаў лінію фронту на ўскраіне гораду. Зяленскі ўпершыню ўбачыў наступствы баявых дзеянняў зблізку. Яго ўразіў памер варонкі, якая ўтварылася на дарозе ў выніку выбуху. Калі спыніліся, каб паразмаўляць з украінскімі вайскоўцамі на блокпасце, целаахоўнікі Зяленскага, з ягоных словаў, «шалелі». У прэзідэнта не было важкіх прычынаў падыходзіць так блізка да расейскіх пазіцыяў. Ён кажа, што проста хацеў паглядзець і пагаварыць з людзьмі на перадавой.

Праз некалькі дзён Зяленскі адправіўся ў паездку, якую памочнікі называюць «на боршч». На кантрольна-прапускным пункце на ўскраіне гораду прэзідэнт сустрэў чалавека, які кожны дзень прыносіў салдатам свежы рондаль баршчу. Яны стаялі там, у межах дасяжнасці варожых снайпераў і артылерыі, елі боршч з хлебам і размаўлялі пра Савецкі Саюз і пра тое, у што ператварылася Расея пасля яго распаду. «Ён сказаў мне, як моцна ненавідзіць расейцаў», — успамінае Зяленскі. Затым кухар падышоў да багажніка машыны і выцягнуў некалькі медалёў, атрыманых падчас службы ў Савецкай арміі. Размова зрабіла на Зяленскага глыбокае ўражанне. «Гэта было правільна, – кажа Ермак. – Проста пагаварыць з людзьмі, на якіх мы працуем».

Такія вылазкі былі рэдкасцю. Часта атрымліваючы навіны ад сваіх генералаў і даючы ім падрабязныя інструкцыі, Зяленскі не прэтэндаваў на званне тактычнага генія. Яго міністр абароны рэдка быў побач з ім. Таксама не было ні аднаго з высокіх военачальнікаў Украіны. «Ён дазваляе ім ваяваць», — кажа Арэстовіч, ягоны дарадца ў ваенных пытаннях.

Яго дні былі чарадой заяваў, сустрэчаў і інтэрв’ю, якія звычайна адбываліся праз экран ноўтбука або тэлефона. Займалі час званкі ветлівасці, як, напрыклад, адна размова праз «Zoom» з акторамі Мілай Куніс і Эштанам Кутчэрам, якія сабралі грошы для Украіны праз кампанію «GoFundMe». Перад сваім начным зваротам да нацыі Зяленскі выкладаў тэмы ў размове са штабам. «Вельмі часта людзі пытаюцца, хто спічрайтар Зяленскага, — кажа Даша Зарыўная, дарадца ў камунікацыях. «Галоўны – гэта ён, – кажа яна. – Ён працуе над кожным радком».

На працягу сакавіка і пачатку красавіка Зяленскі ў сярэднім прамаўляў па адной прамове на дзень, выступаючы на такіх рознымі пляцоўках, як парламент Паўднёвай Карэі, Сусветны банк, цырымонія ўручэння прэміі «Грэмі». Кожная з іх стваралася з разлікам на сваю аўдыторыю. У выступе перад Кангрэсам ЗША ён згадаў Пэрл-Гарбар і 11 верасня. Нямецкі парламент пачуў, як ён спасылаецца на гісторыю Галакосту і Берлінскай сцяны.

У пачатку красавіка каманда стала значна часцей выходзіць з бункеру. Украінскія войскі адкінулі ворага ад ускраінаў Кіева, а расейцы рушылі на ўсход. На 40-ы дзень уварвання Зяленскі здзейсніў яшчэ адну паездку за межы комплексу, гэтым разам з камерамі. Тым ранкам ён ехаў у калоне бранятэхнікі ў Бучу, дзе расейскія войскі забілі сотні мірных жыхароў.

Удзельнік пошукавай групы нясе эксгумаванае цела. 12.04.2022, Буча, Кіеўская вобласць, Украіна.
Фота: Белсат

Са словаў Зяленскага, целы былі раскіданыя па ўсім горадзе, «іх знаходзілі ў бочках, сутарэннях, задушаных, закатаваных». Амаль ва ўсіх былі смяротныя агнястрэльныя раненні. Некаторыя ляжалі на вуліцах па некалькі дзён. Калі Зяленскі і ягоная каманда ўбачылі зверствы зблізку, іхны жах хутка змяніўся лютасцю. «Мы хацелі адмяніць усе мірныя перамовы, — кажа Давід Арахамія, якога Зяленскі абраў для вядзення перамоваў з расейцамі. – Я ледзь мог глядзець ім у твар».

8 красавіка, калі следчыя ўсё яшчэ праводзілі эксгумацыю масавых пахаванняў у Бучы, расейскія ракеты пацэлілі ў чыгуначную станцыю ў Краматорску на ўсходзе Украіны. Тысячы жанчын, дзяцей і старых сабраліся са сваім багажом і хатняю жывёлаю, спадзеючыся паспець на эвакуацыйныя цягнікі. Ракеты забілі прынамсі 50 і паранілі больш за сотню чалавек. Некалькі дзяцей засталіся без канцавінаў.

Зяленскі даведаўся пра напад з серыі фатаграфіяў, зробленых з месца здарэння і адпраўленых яму раніцай. Адна запомнілася больш за ўсё – з жанчынай, абезгалоўленай выбухам. «На ёй было яркае запамінальнае адзенне», — кажа ён. Гэтае фота стаяла ў яго перад вачыма, калі ён ішоў на адну з самых важных сустрэчаў у сваёй кар’еры. Урзуля фон дэр Ляен, высокапастаўленая чыноўніца ЕЗ, прыехала ў Кіеў на цягніку, каб прапанаваць Украіне паскораны шлях да сяброўства ў Еўразвязе. Гэтай магчымасці краіна чакала дзесяцігоддзямі. Але калі момант нарэшце надышоў, прэзідэнт не мог перастаць думаць пра абезгалоўленую жанчыну на зямлі.

Калі ён падняўся на трыбуну побач з фон дэр Ляен, яго твар быў зеленаватым, і звычайны дар прамоўцы падвёў яго. Ён нават не знайшоў у сабе сілаў, каб згадаць у выступе пра ракетную атаку. «Гэта быў адзін з тых выпадкаў, калі твае рукі і ногі робяць адно, а галава не слухаецца, – сказаў ён мне пазней. – Бо галава там, на станцыі, а табе трэба прысутнічаць тут».

Пошукавая група шукае целы ў масавым пахаванні каля царквы ў Бучы. 12.04.2022, Кіеўская вобласць, Украіна.
Фота: Белсат

Гэты візіт стаў першым у чарадзе візітаў еўрапейскіх лідараў, якія пачалі прыязджаць у Кіеў у красавіку. Падчас гэтых візітаў на тэрыторыю комплексу забаранялася праносіць смартфоны. Вялікая колькасць тэлефонных сігналаў, што перадаюцца з аднаго месца, можа дазволіць варожаму беспілотніку-назіральніку дакладна вызначыць месца збору. «А потым — бабах», — патлумачыў адзін з ахоўнікаў, паказваючы рукою дугу ракеты.

Цяпер Зяленскі часцей за ўсё працуе ў сітуацыйным кабінеце рэзідэнцыі – не падземным, не ўмацаваным. Гэта зала пасяджэнняў без вокнаў з адным упрыгожваннем: трызубец, дзяржаўны сімвал Украіны, які свеціцца на сцяне за крэслам Зяленскага. Уздоўж іншых сценаў вісяць вялікія экраны, а з цэнтру стала для нарадаў на прэзідэнта глядзіць камера. Каля 9 раніцы 19 красавіка твары генералаў і начальнікаў выведкі запоўнілі экраны перад Зяленскім.

Ноччу прэзідэнт выступіў з відэазваротам да нацыі, абвясціўшы пра пачатак бітвы за ўсход Украіны. Цяпер ён хацеў пачуць, дзе баі былі найбольш інтэнсіўнымі, дзе ягоныя войскі адступілі, хто дэзерціраваў, у якой дапамозе яны мелі патрэбу і дзе ім удалося прасунуцца. «”У некаторых месцах на ўсходзе — гэта проста вар’яцтва”, — сказаў ён мне пазней у той жа дзень, падводзячы вынік брыфінгу генералаў. – З пункту гледжання частаты ўдараў, цяжкога артылерыйскага агню і стратаў сітуацыя проста жудасная».

Больш за месяц Зяленскі перапісваўся з двума ўкраінскімі камандзірамі. Яны былі апошнімі абаронцамі Марыупалю, гораду з паўмільённым насельніцтвам, які расейскія войскі атачылі на пачатку ўварвання. Невялікі атрад усё яшчэ трымаецца ўнутры вялізнага сталеліцейнага заводу. Адзін з іх камандзіраў, маёр 36-й асобнай брыгады марской пяхоты Сяргей Валынскі, некалькі тыдняў быў на сувязі з Зяленскім. «Мы ўжо добра адзін аднаго ведаем», — сказаў мне Зяленскі. Часцей за ўсё яны тэлефануюць або пішуць адзін аднаму паведамленні, часам сярод ночы. Раней салдат адправіў прэзідэнту сэлфі, якое яны зрабілі разам задоўга да ўварвання. «Мы нават абдымаемся там як сябры», — кажа ён.

Разбураны дом у Барадзянцы. Гэты горад размяшчаецца крыху далей ад Кіева ў параўнанні з Бучай або Ворзэлем. Да вайны тут жылі крыху больш за 10 тысяч чалавек. З 28 лютага горад быў заняты расейскімі войскамі, толькі 1 красавіка ў Барадзянку ўвайшлі ўкраінскія войскі, а праз некалькі дзён яго змаглі ўбачыць і журналісты. Па словах мясцовых уладаў, мінімум 200 чалавек лічацца зніклымі без вестак. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Напад расейцаў на Марыупаль знішчыў брыгаду. Зяленскі сказаў мне, што каля 200 вайскоўцаў выжылі. Перш чым яны знайшлі прытулак і харчы ўнутры сталеліцейнага заводу, у іх скончыліся ежа, вада і боезапас. «Ім было вельмі цяжка, – кажа Зяленскі. – Мы стараліся падтрымліваць адзін аднаго».

Але Зяленскі мала што мог зрабіць у адзіночку. Украіне не хапае цяжкога ўзбраення, каб прарваць атачэнне Марыупалю. На ўсходзе расейскія войскі маюць відавочную перавагу. «Яны пераўзыходзяць нас колькасцю ў некалькі разоў, – кажа Ермак.

Амаль у кожнай размове з замежнымі лідарамі Зяленскі просіць зброю, якая магла б дапамагчы зраўняць шанцы. Некаторыя краіны, такія, як ЗША, Вялікая Брытанія і Нідэрланды, пагадзіліся даць яе. Іншыя вагаліся, асабліва немцы. «З немцамі сітуацыя сапраўды складаная, — кажа Зяленскі. – Яны дзейнічаюць так, як быццам не хочуць губляць стасункі з Расеяй». Нямеччына шмат у чым залежыць ад паставак прыроднага газу з Расеі. «Гэта іхны нямецкі прагматызм, – кажа Зяленскі. – Але гэта дорага нам абыходзіцца».

Украіна ясна выказала сваю незадаволенасць. У сярэдзіне красавіка прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер ужо збіраўся наведаць Кіеў, калі каманда Зяленскага папрасіла яго не прыязджаць.

Часам просталінейнасць прэзідэнта можа здацца абразлівай, як, напрыклад, калі ён сказаў Радзе Бяспекі ААН, што ёй варта разгледзець пытанне аб самароспуску. Оляф Шольц, канцлер Нямеччыны, сказаў мне, што быў бы ўдзячны, калі б Штайнмаера запрасілі ў Кіеў «як сябра». Але Зяленскі зразумеў, што сяброўскія просьбы не дадуць Украіне патрэбнай ёй зброі. Менавіта так Зяленскі разумее сваю асноўную адказнасць. Не як ваенны стратэг, упаўнаважаны перамяшчаць батальёны па мапе, а як камунікатар, жывы сімвал дзяржавы, чыя здольнасць прыцягваць і ўтрымліваць увагу ўсяго свету дапаможа вызначыць, будзе ягоная нацыя жыць ці загіне.

Лойд Остын, Уладзімір Зяленскі, Энтані Блінкен. Кіеў, 24 красавіка.
Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

Яго памочнікі выдатна дасведчаныя што да гэтай місіі, і некаторыя адклікаюцца аб Зяленскім неадназначна. «Часам ён уваходзіць у ролю і пачынае гаварыць, як актор, які грае прэзідэнта», — кажа Арэстовіч, які сам шмат гадоў быў тэатральным акторам у Кіеве. – Не думаю, што гэта нам дапаможа». Паводле яго, толькі калі Зяленскі знядужаны, маска злятае. «Калі ён стаміўся, ён не можа граць. Ён можа казаць толькі ад сябе, — сказаў мне Арэстовіч. – Калі ён бывае сам сабой, то робіць найлепшае ўражанне – сваёй прыстойнасцю і чалавечнасцю».

Мне пашанцавала сустрэцца з прэзідэнтам у канцы вельмі доўгага дня. Праз амаль два месяцы пасля ўварвання ён змяніўся. На ягоным твары з’явіліся новыя зморшчыны, і ён больш не шукаў вачыма сваіх дарадцаў, абдумваючы адказ на пытанне. «Я стаў старэйшым, — прызнаўся ён. – Я пастарэў ад усёй гэтай мудрасці, якой ніколі не хацеў. Гэта мудрасць, звязаная з колькасцю загінулых людзей і катаваннямі, учыненымі расейскімі жаўнерамі. Вось такая мудрасць, – дадаў ён, памаўчаўшы. – Шчыра кажучы, у мяне ніколі не было мэты атрымаць такія веды».

Гэта прымусіла мяне задумацца, ці шкадуе ён пра выбар, які зрабіў тры гады таму, прыкладна ў той час, калі мы ўпершыню сустрэліся. Ягонае камедыйнае шоу стала хітом. Стоячы ў сваёй грымёрцы, ён усё яшчэ свяціўся ад захаплення натоўпу. Сябры чакалі за кулісамі, каб пачаць вечарыну. Прыхільнікі сабраліся на вуліцы, каб сфатаграфавацца з ім. Гэта было ўсяго за тры месяцы да ягонага балатавання на пасаду прэзідэнта, калі Зяленскаму яшчэ не позна было перадумаць.

Але ён не шкадуе аб зробленым выбары, нават з увагі на вайну. «Ні на секунду», — сказаў ён мне ў рэзідэнцыі прэзідэнта. Ён не ведае, чым скончыцца вайна і як гісторыя апіша ягонае месца ў ёй. У гэты момант ён ведае толькі тое, што Украіне патрэбны прэзідэнт ваеннага часу. І менавіта гэтую ролю ён мае намер сыграць.

Сайман Шустэр / КВ TIME

Стужка навінаў