Новыя паборы, кошты, суды і адключэнне вады. Што чакае беларусаў у траўні


Надыходзіць апошні месяц вясны, а гэта значыць, што ў Беларусі будуць новыя змены. Нешта падаражэе, за нешта новае давядзецца плаціць. А камусьці ўлады зноў зламаюць жыццё. «Белсат» разбіраўся ў зменах траўня.

Суды на Аўтуховічам, Фенчуком і не толькі…

6 траўня пачнуць судзіць экс-кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктара Фенчука. Справу будзе весці суддзя Маскоўскага раёну Алена Мурашка. Эколага вінавацяць паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Віктара Фенчука затрымалі ў жніўні 2021 года ў офісе АПБ, а саму арганізацыю неўзабаве зліквідавалі.

Мікалай Аўтуховіч. Скрыншот відэа: ОНТ

16 траўня ў Горадні пачнецца суд у справе супраць Мікалая Аўтуховіча. 12 фігурантаў справы абвінавачваюцца паводле 11 артыкулаў, у тым ліку аб акце тэрарызму, здрадзе дзяржаве, замаху на захоп улады. Сярод іншага ў абвінавачаннях – падпалы машынаў і дамоў міліцыянтаў.

Таксама ў траўні можа адбыцца чарговы суд над журналісткаю «Белсату» Кацярынай Андрэевай. Год таму ёй прысудзілі 2 гады зняволення за стрым з жорсткага разгону акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Цяпер яе хочуць судзіць ужо нібыта за здраду дзяржаве: Кацярыне пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Артыкулы
Журналістку Ірыну Слаўнікаву абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, ёй пагражае да 7 гадоў зняволення
2022.04.28 23:14

Не выключаны суд і над журналісткай Ірынаю Слаўнікавай, якую затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў менскім аэрапорце. Ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх») і паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, а роўна фармавання, дзейнасць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем або якое ўваходзіць у яго структурнае падраздзяленне»). Ёй пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Да 5 траўня працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю галоўнай рэдактаркі БелаПАНу Ірыны Леўшынай. Папярэдні тэрмін скончыўся 18 красавіка. У пачатку месяца Генеральная пракуратура паведаміла пра перадачу ў суд крымінальнай справы супраць Ірыны Леўшынай ды іншых работнікаў БелаПАНу – Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобінай і Дзмітрыя Наважылава.

Дырэктарка і галоўная рэдактарка БелаПАНу Ірына Леўшына ўручае прэмію імя Алеся Ліпая «Гонар журналістыкі» дзвюм журналісткам «Белсату» – Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовой. Менск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

А 31 траўня Вярхоўны Суд разгледзіць апеляцыйную скаргу ў «справе Ціханоўскага». 14 снежня 2021 года ў Гомлі вынеслі прысуд Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Уладзіміру Цыгановічу, Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, мужчынам прысудзілі ад 14 да 18 гадоў зняволення.

Выходныя, праца могілак і паліклінік

Пачатак траўня традыцыйна ў Беларусі будзе выходны. Днямі адпачынку будуць 30 красавіка (субота), 1 (нядзеля), 2 (панядзелак) і 3 (аўторак) траўня – 4 дні. Адпачываць тры дні запар будуць з 7 (субота) да 9 (панядзелак) траўня. Пры гэтым працоўны дзень з 2 траўня (панядзелак) пераносіцца на 14 траўня (субота).

Таксама з 30 красавіка да 3 траўня можна будзе без пропуску наведаць на Радаўніцу могілкі ў зонах адчужэння і адсялення.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

Змяняецца і графік працы шэрагу установаў. Амбулаторна-паліклінічнае звяно, кансультатыўна-паліклінічныя аддзяленні РНПЦ і шпіталяў, арганізацыі пералівання крыві, санітарна-эпідэмічныя арганізацыі, аптэкі ды арганізацыі медычнай тэхнікі 30 красавіка, 2 і 7 траўня будуць працаваць згодна з графікам працы ў суботу, 1, 3 і 9 траўня – паводле графіку святочнага дня, 8 траўня – выхаднога, 14 траўня – працоўнага дня.

Шпіталі і РНПЦ 30 красавіка, 7 і 14 траўня будуць працаваць згодна з графікам працы ў суботні дзень, 1, 3 і 9 траўня – як у святочны дзень, 2 траўня – як у працоўны, 8 траўня – як у выходны.

Аддзяленні паштовай сувязі 30 красавіка, 2 і 14 траўня будуць працаваць паводле ўстаноўленага рэжыму працы. 1 і 3 траўня працуюць толькі некаторыя аб’екты паштовай сувязі, з пералікам якіх можна азнаёміцца на сайте «Белпошты».

Што падаражэе

З 1 траўня ў Беларусі вырастуць тарыфы на ладаванне электрамабіляў. Кошт паслугі за 1 кВт/г складзе 35 капеек (павольнае ладаванне) і 45 капеек (хуткае ладаванне). Яно падаражэе з 29 капеек і 39 капеек адпаведна.

Таксама ў траўні гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» павышае на 30 капеек цану «Pall Mall Nano Coral» і «Pall Mall Superslims Azure». Першыя цыгарэты будуць каштаваць 3,45 рубля, другія – 3,5 рубля. Цэны на іншыя цыгарэты мяняцца не будуць.

Новы падатак і новыя тарыфы

У Беларусі з 1 траўня павышаюць ПДВ на паслугі доступу ў сетку ад інтэрнэт-правайдэраў. Чыноўнікі павышаюць ПДВ на паслугі перадачы даных – з 25 да 26 %. Дадатковы адсотак пойдзе на фінансаванне дзяржаўных СМІ.

Hавiны
Для фінансавання прапаганды Лукашэнка павысіў падатак на інтэрнэт
2022.04.01 12:15

У звязку з гэтым аператары паслугі сувязі ўжо абвясцілі пра павышэнне сваіх тарыфаў. З 1 траўня 2022 года «Белтэлекам» павышае тарыфы на шэраг паслуг. З траўня цана на «Стандарт ТВ» складзе 8,90 рубля, «Канапа ТБ» – 10 рублёў, «Ясна лайт» – 22,05 рубля, «Сямейны 4 камфорт» – 38,43 рубля, «Ясна 50» – 41,58 рубля. З усімі абноўленымі тарыфамі можна азнаёміцца тут.

У МТС заявілі, што «змяненне закране паслуг перадачы даных абанентам сотавай рухомай электрасувязі і фіксаванага інтэрнэту». «А1» таксама правядзе пераразлік кошту тарыфаў з улікам новага ПДВ.

Платная дэзінфекцыя транспарту

З 1 траўня набывае моц Указ № 154 ад 26 красавіка аб абавязковай дэзінфекцыі транспартавых сродкаў. Ён прадугледжвае абавязковую дэзінфекцыю пры ўездзе ў Беларусь праз пункты пропуску аўтобусаў, легкавых і грузавых аўтамабіляў, незалежна ад месца іх рэгістрацыі.

Дэзінфекцыю будзе праводзіць «БелГлобалГарант», яна будзе платная – шляхам пакупкі і выкарыстання кантрольных марак. Іх змогуць прадаваць «Белдзяржстрах» і «Беларусбанк» у пунктах пропуску.

Траса М6 Менск – Горадня – мяжа з Польшчаю.
Фота: belgiprodor.by

Таксама з 1 траўня ўсе тавары, якія ўвозяцца аўтатранспартам з тэрыторыі Латвіі ў Беларусь, павінны абсталёўвацца спадарожнікавымі навігацыйнымі пломбамі. Пломбы ставяцца пры ўездзе ў Беларусь у пунктах пропуску, каштуюць 320 рублёў. Раней такія пломбы былі ўведзеныя ў дачыненні грузаў з Літвы і Польшчы.

Акрамя таго, Міністэрства транспарту ўвёў з 23 траўня да 31 жніўня сезонныя абмежаванні нагрузак на рэспубліканскіх дарогах. У гэты перыяд на аўтадарогах рэспубліканскага значэння з асфальтабетонным пакрыццём з 11:00 да 20:00 уключна пры дзённай тэмпературы паветра вышэйшай за 25 градусаў максімальная нагрузка на адзіночную вось складзе не больш за 6 т.

Ці вырастуць цэны на лекі?

Згодна з Комплексным планам ураду для падтрымання эканомікі дзеля «абароны інтарэсаў бізнесу і грамадзянаў», прадугледжанае «змяненне спосабу рэгулявання цэнаў на лекавыя сродкі», якое могуць ажыццявіць ужо ў траўні.

Зрабіць гэта плануюць з дапамогай аднаразовага перагляду рэгуляваных цэнаў у стратных пазіцыях з усталяваннем кошту на бясстратным узроўні або шляхам змены коштаў беларускімі вытворцамі самастойна на аснове формульнага цэнаўтварэння. Рэалізацыя кожнага са спосабаў непазбежна прывядзе да росту коштаў на лекі, піша АФН.

Праўда, затым КДК запатрабаваў ад аптэчных сетак знізіць кошты на лекі ў сувязі з умацаваннем курсу рубля. Што ў выніку атрымаецца, пакуль невядома.

А вось змены ў дзяржаўнай рэгістрацыі медычных вырабаў і медычнай тэхнікі можна абмеркаваць на прававым форуме. Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме да 9 траўня.

Змены ў працы банкаў

«Альфа-банк». Менск, Беларусь, 5 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Працягваюць з’яўляцца новыя абмежаванні ў банкаўскай сферы. Так, «Альфа-банк» з 6 траўня прыпыняе пераводы ў доларах. Гэта звязана з тым, што амерыканскі банк-карэспандэнт «Citibank» пастанавіў закрыць карэспандэнцкі рахунак банку. «Альфа-банк» шукае новых партнёраў і рэкамендуе кліентам, якія чакаюць пераводу ў доларах з-за мяжы, паведаміць адпраўніку, што плацежныя рэквізіты з указаннем банку-карэспандэнта «Citibank» сапраўдныя толькі да 6 траўня.

«Prior Pay» – сэрвіс бескантактавай аплаты «Прыёрбанку» – таксама спыніць працу 5 траўня. Дадатак будзе недаступна для запампоўвання з «Google Play».

Вырасце дапамога на дзяцей

Бюджэт пражыткавага мінімуму павысіцца з 1 траўня і да 31 ліпеня. Ён складзе Br 311,15 у сярэднім на душу насельніцтва, што на 4,9 % (Br 14,6) вышэй за нарматыў, які дзеяў з 1 лютага.

У сувязі з гэтым таксама павялічваюцца дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складзе Br 3111,5, другога і наступнага – Br 4356,1. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, будзе складаць Br 311,15.

На дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці векам да 3 гадоў штомесяц будуць выплачваць Br 155,58. Такую ж суму будуць атрымліваць асобныя катэгорыі сем’яў на дзяцей, старэйшым за тры гады.

На дзіця-інваліда, якому больш за 3 гады, выплацяць Br 217,81.

Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў з I і II ступенямі страты здароўя да спаўнення яму 18 гадоў ды з III і IV ступенямі страты здароўя да дасягнення ўзросту 3 гадоў складзе Br 311,15, а з III і IV ступенямі страты здароўя – Br 373,38.

Дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаваных ВІЧ, складзе Br 217,81.

Адключаць ацяпленне і ваду

У першай дэкадзе траўня ў Менску плануюць адключыць ацяпленне. Пра гэта распавёў намеснік начальніка ўпраўлення гарадскога гаспадаркі і энергетыкі Менскага гарвыканкаму Дзмітрый Марцінкевіч.

Пры гэтым ужо 17 траўня ў Менску пачнуць адключаць гарачую ваду для правядзення рамонту і прафілактычных працаў на цепласетках. Планавы тэрмін правядзення работаў складае 13 содняў. «Менскэнерга» і «Менсккамунцяплосетка» апублікавалі графік адключэнняў у траўні.

Куды можна паехаць і паляцець

«Белавія» з 5 да 27 траўня ўводзіць дадатковы рэйс Менск – Алматы – Менск. Вылет з Менску – у чацвяргі, з Алматы – у пятніцы. Таксама з сярэдзіны траўня плануецца зрабіць штодзённымі чартары «Белавіі» ў турэцкую Анталью. А вось авіякампанія «Turkish Airlines» адмяніла рэйсы са Стамбулу ў Менск і назад да 31 траўня, а «Flydubai» падоўжыла адмену рэйсаў у Менск да 24 чэрвеня.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

«Менсктранс» з траўня арганізуе штодзённыя рэйсы з Менску ў Варшаву праз Берасце. Аўтобусы ў Варшаву будуць штодня адпраўляцца з аўтавакзалу «Цэнтральны» ў Менску а 19:00. Адпраўленне з Варшавы – а 16:30 на наступны дзень. Таксама 15 і 22 траўня адбудуцца два дадатковыя рэйсы з Менску ў Рыгу праз Даўгаўпілс, адпраўленне з аўтавакзалу «Цэнтральны» ў Менску а 9:00, адпраўленне з Рыгі – на наступны дзень а 9:10.

А вось бязвізавы рэжым уезду ў Беларусь для грамадзянаў Літвы і Латвіі, уведзены 15 красавіка, будзе дзеяць толькі да 15 траўня.

Што датычыць адпачынку ў Беларусі, то ў траўні амаль скончыцца забарона, уведзеная на лоўлю рыбы. У Берасцейскай і Гомельскай вобласцях яна будзе доўжыцца да 18 траўня, у Менскай, Магілёўскай і Гарадзенскай вобласцях – да 30 траўня. У Віцебскай вобласці забарона будзе дзеяць да 8 чэрвеня.

Таксама БЧ на травеньскія святы прызначыла больш за сто дадатковых цягнікоў. З 29 красавіка да 10 траўня дадатковыя цягнікі прызначаныя па маршрутах Менск – Берасце, Менск – Гомель і Менск – Жлобін. А пенсіянерам з 1 траўня дадуць зніжку 50 % на праезд у электравіках.

Школа закончыцца, ідэалогія – не

У беларускіх школах 31 траўня завяршаюцца заняткі. Перад гэтым яшчэ запланаванае масаванае ідэалагічнае апрацоўванне школьнікаў.

Напярэдадні 9 траўня ўва ўсіх установах адукацыі пройдуць лекцыі памяці з удзелам дзяржаўных дзеячаў і службовых асобаў. Ужо распрацаваны прыблізны сцэнар.

Між тым у Менску ўлады запланавалі салют, выдаткаваць на які ва ўмовах крызісу плануюць Br 220 тыс.

Hавiны
У Менску на салют 9 траўня выдаткуюць Br 220 тыс.
2022.04.22 13:26

Чыноўнікі думаюць над выкупам арэндавага жытла

Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры плануе да канца траўня распрацаваць канцэпцыю выкупу арэндавага жытла. Пасля гэтага яе прэзентуюць ураду.

«Разглядаюцца пытанні прыватызацыі арэндавага жытла», – заявіў міністр Руслан Пархамовіч.

А 1 траўня стартуе конкурс на стварэнне лагатыпу ды іміджавага слогану нацыянальнага брэнду беларускай прадукцыі. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна прыдумаць лагатып і слоган нацыянальнага брэнду беларускай прадукцыі ды разам з заяўкай і тлумачальнаю запіскаю накіраваць у Міністэрства эканомікі.

Знізяцца зборы на нафту

Беларусь з 1 траўня знізіць памер экспартавых збораў на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС.

Стаўкі экспартавых збораў на сырую нафту, мазут, бітум нафтавы, вазелін і парафін, адпрацаваныя нафтапрадукты складуць $ 49,6 за 1 т (раней – $ 61,2), прамагонны бензін – $ 27,2 за 1 т (раней – $ 33,6), таварныя бензіны, дызельнае паліва, лёгкія, сярэднія дыстыляты, бензол, талуол, ксілолы, масла змазачныя – $ 14,8 за 1 т (раней – $ 18,3).

Гэта асноўныя змены траўня. Праўда, нельга выключаць, што некаторыя будуць уведзеныя ўжо прамінулым днём.

ПС/КВ belsat.eu

Стужка навінаў