«Магчымасць для злоўжыванняў». ЕЗ асудзіў імкненне ўладаў Беларусі расстрэльваць беларусаў за «тэрарызм»


Еўразвяз асудзіў увядзенне пакарання смерцю за «спробу ўчыніць тэрарыстычныя акты», што ўхваліла Палата прадстаўнікоў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі.

Сцяг Беларусі і Еўразвязу.
Фота: tv8.md

Паводле заявы, унясенне паправак у Крымінальны кодэкс «дае магчымасць для далейшых сур’ёзных злоўжыванняў». Ужо прынамсі 36 палітычных вязняў былі абвінавачаныя або асуджаныя да працяглых тэрмінаў зняволення за «тэрарызм». Шмат хто ў вышуку паводле такога абвінавачання, а суды «таемныя, несправядлівыя і ўпярэджаныя, часта паводле сфабрыкаваных абвінавачанняў і без якіх-кольвек прававых гарантыяў».

«Цяпер ім таксама пагражае смяротнае пакаранне», – гаворыцца ў заяве.

На думку прадстаўніка ЕЗ, палітычны кантэкст у Беларусі, у тым ліку наданне тэрыторыі для расейскай агрэсіі супраць Украіны, робіць развіццё падзеяў яшчэ больш трывожным:

«ЕЗ паўтарае сваё патрабаванне неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязняў. ЕЗ працягне падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў краіне і свабодную, незалежную ды квітучую Беларусь».

Аналітыка
«Механізмы рэпрэсіяў за думкі». Што стаіць за праўкамі ў закон аб смяротным пакаранні за спробу тэрарызму
2022.04.28 20:13

У Беларусі парламент ухваліў увядзенне смяротнага пакарання за замах на ўчыненне акту тэрарызму. Прыняцце рэпрэсіўнага закону тлумачыцца мэтаю «аказаць стрымальны эфект на разбуральныя элементы, а таксама дэманструе рашучую барацьбу дзяржавы з тэрарыстычнаю дзейнасцю». Тэкст законапраекту апублікавалі 28 красавіка на Нацыянальным прававым партале. Цяпер дакумент мусяць ухваліць у Савеце Рэспублікі, потым яго мае падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў