Эксперты: Расея не можа рэалізаваць сваіх планаў на Данбасе, а Украіна хутка можа пачаць контрнаступ


Вайсковыя эксперты з ЗША ды Эстоніі лічаць, што Расеі не ўдаецца зрэалізаваць сваіх планаў падчас наступу на ўкраінскім Данбасе.

Украінскія танкі.
Фота: AFP

У Пэнтагоне заявілі, што расейскія войскі «адстаюць ад графіку ў тым, што яны спрабавалі выканаць на Данбасе». Паводле Міністэрства абароны ЗША, тактыка расейскага боку ў час наступлення змянілася. Расейцы наносяць масавыя авіяцыйныя ды артылерыйскія ўдары і толькі потым пачынаюць прасоўваць наперад наземныя сілы, аднак усё роўна сутыкаюцца з жорсткім супрацівам украінскага боку. У выніку наступленне прасоўваецца павольна і нераўнамерна.

У Пэнтагоне мяркуюць, што мэтаю расейскіх сілаў застаецца наступ з поўначы ад Ізюму, з поўдня – ад Марыупалю і ціск з усходу з боку Данецкай вобласці. Амерыканскія вайскоўцы назіраюць, што ідзе перакідванне сілаў ад Марыупалю на поўнач. Яны мяркуюць, што расейскае камандаванне хацела рушыць наперад значна далей, чымся ў выніку ўдалося, і дабіцца акружэння ўкраінскіх войскаў.

Аналітыка
Ленд-ліз для Украіны. Што азначае гэтая праграма, і пра што сведчыць гістарычны досвед
2022.04.29 18:59

Паводле ацэнкі Пентагону, ва Украіне дзеюць 92 батальённыя тактычныя групы, аднак іх камплектацыя асабовым складам і баявая моц адрозніваюцца. Не ўсе з іх здольныя весці дзеянні на 100 %. Пры гэтым ЗША ўжо перадалі Украіне больш як 60 % абяцаных гаўбіцаў, вядуцца пастаўкі боепрыпасаў, а найбліжэйшым часам будуць арганізаваныя дадатковыя пастаўкі ў Еўропу. Пачалося і навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў працы з заходняю бранятэхнікай і радарамі.

Хутка будзе зброя, якой не стае

З тым, што сітуацыя на Данбасе складваецца не на карысць РФ, згодныя і эстонскія вайскоўцы, піша ERR.ee.

«У пэўнай меры пазіцыйная вайна там ідзе ўжо сёння. Таксама можна казаць пра патавую сітуацыю, дзе ніводны бок у гэтым канфлікце не можа дабіцца істотнай перавагі. Складана сказаць, што будзе далей, абодва бакі распрацоўваюць новыя тактыкі», – сказаў кіраўнік аддзелу планаванняў Генеральнага штабу Звязу абароны Эстоніі Янна Мярк.

Пры гэтым, паводле яго, «самае крытычнае становішча цяпер на Харкаўскім і Ізюмскім напрамках: там расейская армія вядзе актыўныя дзеянні, каб прарваць абарону. Калі ім гэта ўдасца, то яны змогуць акружыць украінскую групоўку войскаў на Данбасе». Тыя войскі, якія размяшчаюцца на лініі фронту 2014 года, могуць быць узятыя ў кацёл, і гэта істотна дапаможа Расеі ўзяць пад кантроль адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай вобласцяў.

Мярк адзначыў, што Украіне ўдалося ўзяць пад кантроль большую частку Херсонскай вобласці і падысці да адміністрацыйнага цэнтру ва ўпор, але для штурму пакуль не стае рэсурсаў:

«Каб правесці поўнамаштабную атаку, патрабуецца наступальнае ўзбраенне, якое Украіна неаднаразова прасіла. З усяго відаць, яны яго атрымаюць. Дасюль Украіна павінна была вельмі старанна планаваць свой наступ, і гэта галоўная прычына, чаму яны не ўзялі Херсону».

На думку эстонскіх вайскоўцаў, наступны тыдзень стане вызначальным, і Расея паспрабуе прарваць абарону Украіны на ўсходнім фронце ды ўзяць асноўныя сілы ЗСУ ў кацёл. Калі не ўдасца, то далейшае поўнамаштабнае наступленне войскаў Расеі будзе малаверагоднае.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў