«Bloomberg»: Нафтавае эмбарга ЕЗ супраць РФ можа запрацаваць да канца года


Еўразвяз плануе наступным тыднем абвясціць аб шостым пакеце санкцыяў супраць Расейскай Федэрацыі. Імаверна, ЕЗ плануе адключыць «Сбербанк» ад сістэмы SWIFT. Апроч таго, крыніцы агенцыі «Bloomberg» паведамляюць, што Еўразвяз можа ўжо да канца года паўнавартасна запусціць нафтавае эмбарга.

Транспартаванне нафтапрадуктаў. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmir.by

Імаверна, ЕЗ плануе ўвесці забарону імпарту расейскай нафты з канца года, а да таго моманту будуць паступова ўводзіцца абмежаванні. Раней хадзілі чуткі, што спачатку пад забарону можа трапіць расейская танкерная нафта, а потым – трубаправодная.

Іншыя варыянты, што абмяркоўваліся для скарачэння нафтавых даходаў Расеі, уключалі абмежаванне цэнаў, а таксама спецыяльныя механізмы аплаты праз эскраў-рахункі і адмысловыя тарыфы.

Сярод іншых прапановаў, што будуць абмяркоўвацца ў рамках новага пакету санкцыяў, – абмежаванні на кансалтынгавыя і воблачныя паслугі, а таксама на куплю нерухомасці. Могуць быць ухваленыя і дадатковыя індывідуальныя санкцыі, у прыватнасці, супраць вайсковых чыноўнікаў, алігархаў, а таксама адказных за вайсковыя злачынствы ва Украіне.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў