За лампадкі ля царквы ў Дзень чарнобыльскай трагедыі дзвюм дзеўчынам прысудзілі да 20 содняў арышту

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: news.pn

Учора, 29 красавіка, у Віцебску праз «Skype» судзілі Лізавету Кірыенку і Марыю Амасовіч. Дзеўчын затрымалі за лампадкі, якія яны запалілі ля царквы ў Дзень чарнобыльскай трагедыі. Суд Кастрычніцкага раёну прызнаў іхныя дзеянні несанкцыянаваным пікетаваннем (арт. 24.23 КаАП) і пакараў абедзвюх адміністратыўным арыштам, паведамляе «Віцебская Вясна».

Паводле міліцэйскіх пратаколаў, Амасовіч і Кірыенка ўвечары 26 красавіка супольна зладзілі несанкцыянаванае пікетаванне, запаліўшы на прыступках Уваскрасенскай царквы ў Віцебску дзве лампадкі чырвонага колеру. Работнік Кастрычніцкага РАУС Віталь Праліч, які складаў пратаколы, палічыў, што гэтым дзеўчыны публічна выказалі свае грамадска-палітычныя інтарэсы і парушылі заканадаўства пра масавыя акцыі. Пасля затрымання і складання пратаколаў дзеўчын кінулі за краты ІЧУ на трое содняў.

Марыя Амасовіч і Лізавета Кірыенка сваёй віны не прызналі. Яны паставілі і запалілі лампадкі толькі з адною мэтай – ушанаваць памяць ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Абедзве сцвярджалі, што ніякіх грамадска-палітычных поглядаў пры гэтым не выказвалі. Пагатоў публічна.

«Каля святыні на той момант нават мінакоў мы не бачылі», – сказала на судзе Амасовіч.

Як вынікала з рапартаў работнікаў МУС, дзеўчын затрымалі пасля таго, як пра запаленыя ля царквы лампадкі міліцыянтам паведаміў нібыта звычайны грамадзянін Ібрагімаў. Адвакатка Лізаветы Кірыенкі хадайнічала, каб гэтага грамадзяніна апыталі ў судзе ў якасці сведкі, але суддзя хадайніцтва не задаволіў.

На погляд адвакаткі, прыход да святыні ейнай падабароннай не даказвае, што яна брала ўдзел у пікетаванні. І мэтай ейных дзеянняў было зусім іншае, а менавіта – ушанаванне памяці. Абаронца прасіла суд скасаваць адміністратыўную справу праз адсутнасць складу правапарушэння.

Аднак суддзя Уладзімір Царыкаў пастанавіў прызнаць дзеўчын вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пакараць Лізавету Кірыенку 10 соднямі адміністратыўнага арышту, а Марыю Амасовіч – 20 соднямі.

Таксама стала вядома, што ў кватэры, якую здымае ў Віцебску 23-гадовая Лізавета Кірыенка, напярэдадні суда адбыўся ператрус. Яго ўчынілі ў межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 341 КК, але Лізавета ніякага статусу ў справе не мае. У выніку забралі тэлефон і ноўтбук. Лізавета ўжо 4 гады працуе ў Віцебску выхавальніцай у дзіцячым садку, завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю (на гістарычным факультэце). 19-гадовая Марыя Амасовіч – навучэнка 1 курсу аднаго з віцебскіх ліцэяў.

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны