Ці затрымалі бізнесоўца Ляўковіча? Яго калега абвергнуў чуткі


У бізнесоўца Аляксандра Ляўковіча, уладальніка кампаніі-вытворцы дзіцячага харчавання «Ложка в ладошке», нібыта прайшоў ператрус, а сам ён нібы затрыманы. Але выканаўчы дырэктар кампаніі заявіў Tut.by, што гэта памылка і што ён размаўляў з Ляўковічам пасля меркаванага «затрымання».

Днём 29 красавіка ў чаце беларускіх інвестараў з’явілася паведамленне (цяпер выдаленае) аб ператрусе ў кватэры ўладальніка кампаніі «ПрофітЗернеМаркет» Аляксандра Ляўковіча, што вырабляе дзіцячае харчаванне «Ложка в ладошке». Сцвярджалася, што яго затрымалі, але прычына не была вядомая. Поўны цёзка бізнесоўца вечарам 29 красавіка быў пазначаны як затрыманы на канале «Списки задержанных». 30 красавіка крыніца выдання Office Life пацвердзіла затрыманне, а Telegram-канал «Эканоміка па-беларуску» сцвярджаў, што затрыманне звязанае з пратэстанцкай царквой «Новае жыццё», у якой дзяржава адабрала будынак.

Аднак Глеб Бялоў, выканаўчы дырэктар заводу «ЛВЛ Эвалюшн», які вырабляе прадукцыю брэнду «Ложка в ладошке», заявіў, што размаўляў з Ляўковічам раніцай 30 красавіка па працы і што той не затрыманы. Пры тым іншыя крыніцы Tut.by, якія засталіся ананімнымі, сцвярджаюць, што затрыманне можа быць звязанае з палітычнай пазіцыяй Ляўковіча і што бізнесовец не быў сярод прыхаджанаў «Новага жыцця».

З самім Ляўковічам звязацца не ўдалося.

АА belsat.eu

Стужка навінаў