Цэслеру – 70. Чаму вядомы дызайнер з’ехаў з Беларусі і не верыць у хуткія перамены


Уладзімір Цэслер сёння адзначае сваё 70-годдзе. Беларускі мастак нарадзіўся 30 красавіка 1951 года ў Слуцку, здабыў вядомасць праз плакаты, створаныя ў супрацы з Сяргеем Войчанкам. У 2020-м увайшоў у Каардынацыйную раду і быў вымушаны пакінуць Беларусь, але працягнуў маляваць плакаты на беларускую тэматыку.

Уладзімір Цэслер і створанае ім крэсла, 2020 год.
Фота: Віктар Пятроўскі / pinterest.com

У падлеткавым узросце Уладзімір скончыў мастацкую студыю пад кіраўніцтвам педагога Уладзіміра Садзіна, а ў 1975 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе абраў для сябе аддзяленне дызайну.

Работу Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі «Проект века. 12 из ХХ» у 1999–2000 гадах выстаўлялі ў Пушкінскім музеі ў Маскве і вазілі на Венецыянскае біенале ў 2005-м, з ягонымі работамі «Белпошта» выдавала маркі ў 2003 годзе, а ў 2012-м у Горадні паказалі ягоную мэблю.

У 2018 годзе плакат «Міністэрства культуры» пра цэнзуру адзначылі на Міжнародным біенале ў Асвенціме.

Плакат Уладзіміра Цэслера «Міністэрства культуры».
Фота: www.the-village.me

Купалаўскі тэатр у 2020 годзе рэкламаваў спектакль «Тутэйшыя» афішай працы Цэслера. Лагатыпамі мастака дасюль карыстаюцца БТ і Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Уладзімір Цэслер у маладосці.
Фота: асабісты архіў / Citydog.by

Летась пачаўся канфлікт Дзяржкантролю з Цэслерам за ложак у ягонай майстэрні. У выніку маніторынгу шэрагу майстроў былі выстаўленыя павышаныя стаўкі арэнды, бо іх звінавацілі ў прадпрымальніцкай дзейнасці. У прыватнасці, прэтэнзіі ўзніклі і да факту наяўнасці ў майстэрні Уладзіміра Цэслера ложка: спачатку казалі, што калі ў майстэрні ложак, то гэта не майстэрня, а жылое памяшканне, але пасля прызналі, што «мастак павінен тварыць і мець магчымасць адпачыць».

Hавiны
У старшыні КДК няма прэтэнзіяў да ложка мастака Цэслера
2020.01.23 20:05

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Цэслер увайшоў у Каардынацыйную раду, але ўжо 22 жніўня з’ехаў з Беларусі. Мастак распавёў, што канкрэтных пагрозаў яму не было, але сябры казалі: «Ты што, хочаш, каб цябе ўкачалі ў асфальт?»

У нядаўнім інтэрв’ю «Deutsche Welle» Цэслер расказаў, што цяпер жыве на Кіпры і працуе так жа, як працаваў у Менску: «Устаў, падышоў да камп’ютара і працуеш». Сумуе па радзіме, але не верыць у хуткія перамены.

«Давядзецца, напэўна, падладжвацца пад іншае жыццё, — разважае Цэслер. — Гэта раней я думаў, што праз два тыдні ўсё скончыцца. Цяпер я зразумеў, што ён [Аляксандр Лукашэнка. — Заўвага «DW»] ніколі не сыдзе. «Рабіце што хочаце, толькі дайце паруліць». А многія думаюць: «Можа, так і трэба?»

Дзеянні ўладаў Беларусі мастак назваў абсалютна сталінскаю пазіцыяй, але дадае, што моладзь цяпер не запужаць турмою.

«Спачатку выйшла моладзь. Пачалі біць моладзь – выйшлі іхныя бацькі. Пачалі біць бацькоў – выйшлі бабулі і дзядулі, потым людзі з інваліднасцю. Я медаль Лукашэнку зрабіў якраз пра гэта: узнагароджваецца за садзейнічанне ў аб’яднанні нацыі», — адказаў Цэслер на пытанне, ці прабудзілася Беларусь як нацыя.

Што цяпер малюе Цэслер

Уладзімір Цэслер рэагуе на ўсе важныя сацыяльна-палітычная падзеі і рыхтуе да іх новыя працы. Вось некаторыя з апошніх.

АА, belsat.eu

Стужка навінаў