Тэст натуральных фарбаў: атрымалі яйкі дракона і балотную жыжку


Афарбоўка яек на Вялікдзень. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Напярэдадні Вялікадня сеціва заваленае парадамі пра фарбаванне яек натуральнымі рэчывамі. І ў кожнага дарадцы – свой вынік. Мы пратэставалі самыя папулярныя натуральныя фарбы: атрымалася нечакана.

Мы ўзялі звычайныя яйкі і складнікі для фарбавання, якія можна знайсці ў краме: куркуму, фіялетавую капусту, шпінат, бурак, замарожаныя чарніцы, лушпінне цыбулі, каркадэ. У асноўным удалося памяняць колер кухоннай чарупіны і пальцаў, але ёсць і насамрэч выдатныя ды простыя варыянты для ахвочых да яркага святочнага стала.

Інгрэдыенты для фарбавання яек. Злева направа: каркадэ, куркума, чарніцы, куркума з чарніцамі, бурак. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Адкрыцці сезону

Каркадэ і чарніцы – вось сакрэт фарбавання шкарлупіны ў касмічныя ўзоры ды колеры.

Запарце каркадэ: на паўлітра – 40 грамаў ці проста кіньце добрую жменю ў слоік. Пакладзіце яйка, праз гадзіну ці дзве дастаньце. Усё, вы – выбітны майстар і найлепшая гаспадыня (і трошку маці драконаў). Малюнак атрымаўся за кошт кіслаты адвару, і на шкарлупіне з’яўляюцца бурбалкі. А яшчэ самыя кветкі прыгожа адбіваюцца на белай паверхні.

Фарбаванне яек з дапамогаю каркадэ. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Чарніцы пасуюць замарожаныя. Патаўчыце ягады і пакладзіце ў іх яйка. Не ў сок, а ў ягадную кашу. І тут дастаткова гадзіны ці дзвюх, каб атрымаўся насычаны колер. Калі не ўдалося – пакіньце на ноч.

Самае надзейнае рэчыва

Лушпінне цыбулі насамрэч вырашае. Калі ў вас раней не было досведу з такім фарбавальнікам, то бярыце і варыце. У маленькі рондаль – паболей лушпіння і меней вады, але каб вада пакрывала яйкі. Можна варыць разам ці класці ў адвар ужо гатаваныя яйкі – каму як ямчэй.

Асноўны плюс гэтага варыянту – вам не трэба белыя яйкі, якіх цяпер не дакупіцца. Бярыце рудыя, будзе толькі прыгажэй!

Расчараванне дня

Бурак і шпінат у знаўцаў з інтэрнэту даюць чароўныя бурачковы ды зялёны колеры. Мажліва, нам трапіўся паламаны шпінат ці кепскі бурак, але ні сырыя, ні гатаваныя яны не дужа працуюць.

Інгрэдыенты для фарбавання яек: капуста і шалупінне цыбулі, шпінат, бурак. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

З бурака атрымаўся колер, падобны да слабюсенькага адвару цыбулі, а шпінат не столькі пафарбаваў яйка, колькі наліп на яго. З цэлага пачку шпінату атрымаўся рондаль балотнай жыжкі – вось і ўвесь вынік.

Калі ўпартасць істотнейшая за сон

Каб усё ж атрымаць зялёны колер, змяшайце куркуму з чарнічным сокам да балотнага колеру. За тры гадзіны гэтае зелле дасць шкарлупіне балотнае адценне. Так, не зусім тое, чаго б хацелася, але хоць нейкі зялёны.

Фарбаванне яек з дапамогаю куркумы. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Для жоўтых яек бярыце куркуму: разводзіце пакецік на паўлітра і фарбуеце. Калі вам падалося, што колер слабаваты, паспрабуйце пагатаваць яйка ў куркуме хаця б на вадзяной лазні – колер стане больш выразны.

Надзеі не было, то і не расчараваліся

Фіялетавая капуста – для аматараў пастэльных тонаў. Калі яе нарэзаць і пагатаваць, то атрымаецца насычаны сіні адвар, але на шкарлупіну ён бярэцца слаба, у асноўным фарбуе чарупіну ў кухні.

Афарбоўка яек на Вялікдзень. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Вось што ў нас атрымалася! Цёмна-сінія і рабыя – ад каркадэ, пурпурнае – ад чарніцаў, жоўценькае – ад куркумы, блакітнае з плямамі ў сярэдзіне – ад капусты, бірузова-зялёнае – ад куркумы з чарніцамі, абы-што-зялёнае – ад шпінату, рудое – ад соку свежага бурака, барвовае – ад цыбулі.

Перад тым як складаць свае чароўныя яйкавыя творы мастацтва ў велікодны кошык, дайце ім абсохнуць і памажце алеем, каб блішчэлі – ваш набор дакладна будзе выбітным у царкоўнай чарзе!

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў