Стаяў у намётавым мястэчку ў 2006-м, у 2020-м – абвінавачаны ў «пінскай справе». Распавядаем пра Ігара Салаўя, якога пакаралі 6 гадамі ўзмоцненага рэжыму

38-гадовы Ігар Салавей – адзін з абвінавачаных за ўдзел у закалотах у паслявыбарчы вечар у Пінску. Мужчына не прызнаў сваёй віны. Тым не менш яго, як і іншых фігурантаў «пінскай справы», пакаралі суворымі тэрмінамі. Актывісту руху «За свабоду» Ігару Салаўю прысудзілі шэсць гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ігар не ўпершыню зазнае рэпрэсіі ад беларускай дзяржавы: у сакавіку 2006 года пасля выбараў цягам трох дзён мужчына адстойваў намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Пасля зачысткі трапіў на Акрэсціна. «Белсат» паразмаўляў пра лёс пінчука з ягонаю маці, спадарыняй Марыяй Салавей.

«Была моцная надзея, што нарэшце ўсё будзе сумленна»

Увечары 9 жніўня, паводле маці, Ігар пайшоў да выбарчага ўчастку чакаць абвяшчэння вынікаў галасавання:

– Ён заўсёды быў назіральнікам на выбарах. Бачыў, як лічаць галасы, як фальсіфікуюць. І я гэта ведала. Але летась была моцная надзея, што нарэшце ўсё будзе сумленна. Столькі людзей прыходзіла ставіць подпісы за Ціханоўскую, іншых кандыдатаў. Было ж відавочна, каго выбіраюць людзі. Я не думала, што на такую колькасць можна зноў напляваць і чарговы раз схлусіць.

Палітзняволены Ігар Салавей. Фота з сямейнага архіву

Разам з іншымі пінчукамі Ігар пайшоў да выканкаму, куды іх адправілі з выбарчага ўчастку. Там абвесцілі, што перамог Лукашэнка. Людзі не паверылі, патрабавалі, каб да іх выйшлі прадстаўнікі ўлады. Выйшаў начальнік пінскай міліцыі Дзмітрый Каравякоўскі і загадаў разысціся.

– Людзі і збіраліся разыходзіцца, бо зразумелі, што ніхто не будзе весці з імі перамовы, – кажа спадарыня Марыя. – Але ў той час ужо прыехала міліцэйскае падмацаванне з суседніх гарадоў – Лунінца, Драгічына, Століна, выкліканае тым самым Каравякоўскім. Гэтым падмацаваннем ён і справакаваў усё, што адбывалася далей.

«Ніхто з пацярпелых не сказаў, маўляў, так, Ігар біў, бегаў з палкай, кідаў камяні»

Спадарыня Марыя кажа, што Ігар збіраўся сыходзіць, калі заўважыў, што з боку выканкаму бяжыць шмат узброеных сілавікоў. Яны беглі і білі дручкамі па шчытах. Людзі спужаліся, разгубіліся. Міліцыя атачыла людзей, пачала збіваць. Прагучалі некалькі стрэлаў у паветра. Пінчукі сталі абараняцца.

– Нічога гэтага не было б, калі б не той натоўп міліцыянтаў, – перакананая маці Ігара Салаўя. – Людзі мірна б разышліся па дамах. Усё, што адбылося, было з падачы нашых гарадскіх уладаў.

Ігара затрымалі толькі 3 верасня. Маці пасля працы прыехала да яго і пабачыла дзверы насцеж, у якіх стаялі трое міліцыянтаў. Яны сказалі, што забіраюць Ігара. Спадарыні Марыі не дазволілі паехаць з сынам, маўляў, ён ужо дарослы, заставайцеся ўдома. У пінчука забралі тэлефон, вопратку, у якой ён быў 9 жніўня.

Салаўя абвінавацілі паводле таго ж артыкулу, што і іншых затрыманых у «пінскай справе»: ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у масавых закалотах»). Пакуль ішло следства, Ігар адмаўляўся даваць паказанні. На судзе віны не прызнаў.

Палітзняволены Ігар Салавей. Фота з сямейнага архіву

– Ён нічога не кідаў, нікога не біў, як гэта сцвярджае абвінавачанне, – кажа маці палітычнага вязня. – Дый узрост у яго ўжо не той, каб з палкамі наперавес бегаць. Ігар тады спрабаваў весці перамовы з начальнікам міліцыі, прасіў яго ўсё развязаць мірным шляхам. На відэа Ігара нідзе няма. Ніводны са 109 пацярпелых працаўнікоў не апазнаў яго. Ніхто не сказаў, маўляў, вось ён біў, бегаў з палкай ці кідаў камяні.

Спадарыня Марыя кажа, што сын ніколі б не стаў браць удзелу ў закалотах. Ён спакойны, разважлівы, справядлівы.

«Валасы на галаве падымаюцца ад таго, што робяць з вязнямі»

Марыя Салавей – сярод тых нешматлікіх родных фігурантаў «пінскай справы», якім дазволілі спаткацца з затрыманымі на этапе дасудовага следства. Маці і сыну далі паўтары гадзіны.

– Мы не маглі нагаварыцца, – згадвае спадарыня Марыя. – Ігар трымаўся добра. Распавядаў, што не падае духам і падтрымлівае ў СІЗА хлопцаў, якія ўпершыню трапілі пад каток сістэмы.

Пакуль Ігар быў у СІЗА, прасіў маці перадаваць яму кнігі па паліталогіі, сацыялогіі, гісторыі. Спадарыня Марыя выпісвала сыну баранавіцкую газету «Intex-press», «Новы час». Цяпер «Новы час» забаранілі выпісваць і перадаваць у СІЗА. Ігару шмат пішуць, у тым ліку цалкам незнаёмыя людзі. Ён усім адказвае. Прасіў перадаць яму паштоўкі з відамі Пінску, каб укладваць іх у лісты.

СІЗА №7 у Берасці. Фота: МХ / Белсат

А вось з часу этапавання ў Берасце маці не атрымала ад сына ніводнага ліста. Ад адваката жанчына ведае, што і да Ігара не даходзіць карэспандэнцыя з дому.

На побыт у СІЗА Ігар не скардзіўся, казаў, што нашмат лепш, чым у ІЧУ, дзе яго пакусалі клапы. Спадарыню Марыю абураюць такія ўмовы для затрыманых, але яшчэ больш – тое, што людзей збівае міліцыя:

– Мала таго, што турма – і так пакаранне, дык навошта яшчэ біць? На некаторых жа месца жывога не было… Умовы жахлівыя што фізічна, што маральна. У мяне валасы на галаве падымаюцца ад таго, што робяць з вязнямі. Да якой пары гэта будзе працягвацца? Хто і калі нам дапаможа?

Вярнуўся з Польшчы, бо сумаваў па Радзіме

Ігар Салавей не ўпершыню трапіў пад рэпрэсіі. З юнацкіх гадоў ён бярэ актыўны ўдзел у палітычным жыцці. Шмат рознай працы Ігар рабіў на выбарах 2006 года. Разам з іншымі пратэстоўцамі адстойваў намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы, якое тады паўстала ў адказ на сфальсіфікаваныя выбары. Пасля зачысткі на 10 содняў трапіў на Акрэсціна.

2006, 2010, 2020 гады: як выбары змушалі беларусаў зʼязджаць

Пасля вызвалення паехаў у Польшчу паводле Праграмы Каліноўскага, у Катавіцах вывучаў паліталогію і журналістыку. Але не давучыўся і не захацеў заставацца ў Польшчы, вярнуўся дамоў, бо вельмі сумаваў па Радзіме. Пайшоў служыць у армію, прымаў прысягу на беларускай мове.

Калі вярнуўся з войска, стаў актывістам руху «За свабоду». Шмат дзе працаваў, беспасярэдне перад апошнім арыштам – кіроўцам машыны ад хлебазаводу.

Спадарыня Марыя кажа, што Ігар заўсёды браў удзел у розных палітычных акцыях. У 2017 годзе быў затрыманы на мітынгу недармаедаў, атрымаў штраф. Летась збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую.

Палітзняволены Ігар Салавей. Фота з сямейнага архіву

Акрамя палітычнага актывізму, Ігар займаўся грамадскаю дзейнасцю: ён адказны сакратар у арганізацыі «Садружнасць Палесся». Сябры гэтай арганізацыі вывучалі гісторыю роднага краю, імкнуліся захаваць спадчыну. Апошнім часам займаліся добраўпарадкаваннем пяці крыніцаў у наваколлях Пінску, планавалі яшчэ шмат розных ініцыятываў.

«Чакаем вяртання нашых дзяцей дамоў»

Палітычна актыўнаю заўсёды была і спадарыня Марыя:

– З 1994 года я прыхільніца БНФ. Збірала галасы за Зянона Пазняка. Ніколі не галасавала за гэтага самазванца, які цяпер сябе заве прэзідэнтам. Дасюль я ўпэўненая, што яшчэ тады, 27 гадоў таму, трэба было выбіраць Пазняка.

Спадарыні Марыі 63 гады. 27 гадоў адпрацавала ў аддзеле кадраў пінскай радзільні, а калі выйшла на пенсію, яе перавялі санітаркай у аддзяленне гінекалогіі. Пінчанка задаволеная: кажа, гэта нашмат менш нервовая праца.

Разам са старэйшым сынам жанчына чакае Ігара дамоў. Каб захоўваць спакой, прымае лекі. Вялізнаю падтрымкаю для жанчыны ёсць суполка родных абвінавачаных у «пінскай справе». Аб’яднаныя адным горам пінчукі стварылі адмысловы чат, дзе дзеляцца думкамі, пачуццямі, навінамі, прапаноўваюць дапамогу ці просяць яе.

– Мы ўсе пасябравалі за гэты час, – кажа пінчанка. – У групе ёсць маці, бацькі затрыманых, сястра. Мы размаўляем, сустракаемся ў кавярнях. Пагутарым – і лягчэй робіцца. Усе чакаем вяртання нашых дзяцей дамоў.

Маці Ігара Салаўя апошнім часам сустракае шмат людзей з адкрытымі сэрцамі, гатовых падтрымаць і дапамагчы. Напрыклад, маці аднаго асуджанага берасцейца прапанавала родным палітычных вязняў, якім было трэба, цалкам бясплатна пажыць у яе ў Берасці, пакуль ішлі суды.

«Куды нам грукацца, каб дамагчыся справядлівасці?»

Пінчанка перакананая, што беларусы мусяць салідарна ўсімі сіламі дамагацца вызвалення палітвязняў, не пераставаць казаць пра гэта на ўсіх узроўнях – журналістам, уладам, звяртацца да міжнародных структураў, урадаў іншых краінаў.

– Нашыя людзі прызвычаіліся маўчаць: маўляў, абы не было вайны, а што, табе дрэнна жывецца? – кажа спадарыня Марыя. – А трэба патрабаваць: дайце людзям волю, не чапайце іх. Бо мы ж удома сядзім, а яны там, за кратамі. Хоць і мы разам з імі як у турме. Цяпер усё жыццё падпарадкаванае турэмнаму раскладу, судоваму, толькі гэтым жывеш, пра гэта думаеш: што а 6:00 там у Ігара пад’ём, а 22:00 – адбой, што трэба перадаць, колькі, напісаць, адправіць лісты…

Маці вязня лічыць, што максімум, чаго заслугоўваюць фігуранты «пінскай справы», – 15 содняў ці штраф. Але ні ў якім разе не крымінальных справаў і вялізных тэрмінаў.

– Ніхто нікога не забіў, не пабіў. Міліцыя сама ўсё справакавала. За што турма? – пытае пінчанка. – Вельмі шкада гэтых хлопцаў. Як ім дапамагчы? Што рабіць? Куды пісаць? Я не ведаю, але нешта трэба рабіць з гэтым беззаконнем. У нас ужо перапоўненыя турмы, ахоўнікі здзекуюцца са зняволеных, збіваюць іх, бо ведаюць, што ім не будзе ніякага пакарання. Куды нам грукацца, каб дамагчыся справядлівасці?

«Скажы сыну, што я не злодзей, не забойца, а сяджу за праўду». Размова з жонкаю Сяргея Ляжэнкі, фігуранта «пінскай справы»

«Мамачка, забяры мяне адсюль. Мне так страшна, як ніколі раней». Як выглядае жыццё ў чаканні прысуду

«Начамі п’ю таблеткі ад ціску». Пенсіянерка марыць дачакацца сына, асуджанага за гвалт над амапаўцам

Ганна Ганчар belsat.eu

Hавiны